— А што рабіць?..— развёў рукамі і, каб хоць як-кольвек рэабілітавацца, салгаў: — Я кахаю, жыць без яе не магу... Не губіць жа шчасце з-за нейкай дзівацкай прыхамаці старога…

Хлопцы разгублена паселі на ложкі, прыбіта маўчалі, бы аглушаныя. Ён і сам разгубіўся — не чакаў такой рэакцыі, і ў сваёй разгубленасці зрабіў яшчэ адно, бадай, самае недаравальнае глупства — неабачліва ляпнуў пра радаслоўную Бяскуднікавых. Для чаго ляпнуў — і сам не ведаў.

Перпхы ачомаўся Васіль Гарошка — у яго ад прыроды рэакцыя рэпарцёра, нездарма падаўся на аддзяленне тэлерадыё.

— Ого! — ускочыў ён, выставіўшы вялікі палец.— Ды ты, Андрушачка, аказваецца, цяпер у нас княжацкага заводу…— Запаяснічаў, згібаючыся ў крук, вырабляючы дурацкія рэверансы.— Як вас велічаць цяпер, ваша высакабродзіе? — I ў яго голасе былі не звычайныя, добразычлівыя, хоць часам і салёныя, сяброўскія кепікі, а злая, з’едлівая іронія, здзек.

Андрэй стаяў збянтэжаны, не ведаючы, смяяцца ці гневацца.

— Не, хлопцы, на самай справе на парадак дня нашага веча пастаўлена пытанне надзвычайнай важнасці: як «ныне и на все времена» будзем велічаць нашага Андрэя, даруйце — Андрэя Пятровіча Бяскуднікава, у дзявоцтве — нашага дарагога таварыша Чарапіцу? — падняўся са свайго ложка стараста пакоя Алесь Саўчук (ён намерыўся ехаць на раён і больш за ўсіх здзекаваўся з хуткаспелых жаніхоў і нявест).— Не станем жа па-ранейшаму, па-хамску… Зараз Андрэй Пятровіч — асоба аўгусцейшая… Мо — ваша светласць? Як, паважаныя таварышы, гучыць?.. Слаба, канечне. Тады мо — ваша сіяцельства?..

— Граф Паскуднікаў! — ваўкавата буркнуў Грышка Багдзевіч і грэбліва адвярнуўся да акна.— Перахрысцім і хай будзе: ваша сіяцельства граф Паскуднікаў…

Гэта было горш за аплявуху. Не памятаючы сябе, кінуўся на Грышку з кулакамі. Ледзьве расцягнулі...

Крыўдна было: за што?! Хіба так робяць сябры?! Чым заслужыў, каб так бессардэчна насмяяцца, так жорстка абразіць?! I хто?! Грышка, мо самы блізкі таварыш…

Але самае страшнае было наперадзе. Грышкаў «граф Паскуднікаў» прыліп адразу, імгненна абляцеў увесь факультэт, філфак, пэўна, нават увесь універсітэт. Аж учарнеў ад «вашага сіяцельства»…

А потым… А потым гэты «граф Паскуднікаў» нейкім чынам запоўз у рэдакцыю шматтыражкі, куды са свабодным дыпломам і такімі пакутамі ўладкаваўся… А потым… Каторы год, як змрочны цень, неадчэпна ходзіць за ім з рэдакцыі ў рэдакцыю, зрабіўся нечым больш значным, чым самая крыўдная і абразлівая мянушка…

VI

О, багіня ўсіх багінь багіня ўдачы Фартуна! Ты — дзівосная, як мэта. Ты — няўлоўная, як мара. Ты — ласкавая і пяшчотная, ты — капрызная і каварная, як і… усе жанчыны. Ты — багіня, ты — рабыня, ты — святло надзеі, ты — уладарка цемры. Неабсяжная, бязмежная сіла і ўлада твая. Адна ты здольна змусіць служыць сабе ўсіх: ад найвялікшых геніяў да найгеніяльнейшых авантурыстаў і прайдзісветаў. Ад цёплай летуценнай усмешкі тваёй запальваецца сонца, зацвітаюць кветкі-ружы, ад пахмурнага чала твайго спускаюцца цемень і холад, вянуць кветкі і надзеі…

Першы раз пра багіню Фартуну Андрэй пачуў на лекцыі грамавержца Зеўса — грознага выкладчыка антычнай літаратуры, чыё імя наводзіла і наводзіць жах не на адно пакаленне студэнтаў-журналістаў, дастойна ўслаўлена ў бясконцых легендах і байках, словам, студэнцкім фальклоры. Шкада, што гэтага фальклору ніхто не збірае, ніхто не вывучае, ніхто не выдае. А ён калі не кандыдацкай дысертацыі, то хоць якой-небудзь дыпломнай работы, напэўна, варты… Але гэта к слову…

Упершыню ўбачыў багіню Фартуну Андрэй на палатне аднаго непрызнанага генія, з кім выпадак звёў пазнаёміцца ў дыскаклубе. Дыскамузыкай, праўда, ён і аднакурснікі перахварэлі, як адром, яшчэ на другім курсе. Патрэсліся, як у ліхаманцы, апрабавалі на моц барабанныя перапонкі, сабралі багатыя калекцыі выразак з айчынных і замежных выданняў з фота і партрэтамі дыскакуміраў, а потым пакрысе сталі разумець, што апроч «дыска» на свеце ёсць шмат іншых цікавых рэчаў і заняткаў, разважаць пачалі, што «дыска», у рэшце рэшт, пройдзе, як і ўсе «міні», «максі», «платформы», сапраўдная ж музыка — застанецца. I раптам на апошнім курсе, калі даўным-даўно фотакалекцыі дыскакуміраў перакачавалі ў пакоі першакурснікаў, у яго нечакана пачаўся новы востры рэцыдыў дыскахваробы. Працякала яна, канечне, зусім не так, як колісь, калі ўсё было каласальна, непадражальна, захапляла цалкам, без астачы. Зараз даволі выразна кідаліся вушам і вачам прымітыў, фальш, невысокі густ і саміх твораў, і іх выканаўцаў. Аднак дыска-зборышчы вабілі сваёй усёраскаванасцю, багемнасцю, дзе можна на нейкі час забыцца пра ўсё на свеце, адключыцца ад малых і вялікіх клопатаў, у канвульсіўна-дрыгальным экстазе разрадзіцца ад лішку фізічнай энергіі, што накапляецца ў арганізме ў наш маларухомы, статычны век…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже