Спачатку, пасылаючы вершы ў рэдакцыі, не дужа хваляваўся, надрукуюць іх ці не. Радасць была, калі вылучалі некалькі радкоў альбо ўпаміналі станоўча ў аглядах паэтычнай пошты. Улагоджвалі душу нават важнецкія канверты, якія выклікалі захапленне ў Стаха. Але к дзесятаму класу ўжо сталі злаваць стандартныя парады вучыцца ў класікаў. Пачаў пасылаць толькі туды, дзе ставіліся зычліва, не тыцкалі назойліва ў нос класікамі. Перш за ўсё — у раённую газету. Там друкавалі ахвотна: і ў звычайных, і ў святочных нумарах, і ў літаратурных старонках, і асобнымі падборкамі, нават двойчы з партрэтам, біяграфіяй, уступным словам кіраўніка літаб'яднання паэта Янкі Вялеські. Болей таго — самі прасілі напісаць да той ці іншай даты, давалі тэмы, і ён з найвялікшай ахвотай выконваў заяўкі, ці як казаў Ян Вялеська, сацыяльны заказ.
Праз гэтага Вялеську неяк непрыкметна ўцягнуўся, адчуў смак да звычайнай журналістыкі. Па «сацыяльным заказе» пісаў заметкі пра школьныя справы, сяўбу, догляд пасеваў, пра поспехі жывёлаводаў, словам, пра ўсё, што ведаў сам ці ведалі ў вёсцы. I, на дзіва, гэтыя публікацыі мелі куды большы поспех, чым самыя лепшыя яго вершы. Іх чыталі, пра іх гаварылі. Хваліў нават старшыня калгаса, аграном, брыгадзір, пачалі здароўкацца за руку, падказваць, пра што пісаць, называлі лічбы, факты, пра якія ён не мог ведаць.
— Ты, браце, падсып нашаму загадчыку клуба,— прасіў хто-небудаь з вяскоўцаў, і ён «падсыпаў» і загадчыку клуба, і крамніку з суседняй вёскі, і нават сяды-тады па просьбе старшыні свайму брыгадзіру. Брыгадзіру, праўда, гэта не дужа падабалася, але маўчаў — ведаў, хто падказаў…
Селькорства так захапіла, што на нейкі час забыўся пра паэзію. Узнік ледзь не спартыўны азарт друкавацца ў кожным нумары, сверб пісаць і пісаць, пісаць пра ўсё, што можа зацікавіць газету. А што можа зацікавіць рэдакцыю, ужо ведаў, як і ведаў, разабраўся ў газетных жанрах. Больш за ўсё вабілі нарыс, замалёўка і, канечне, фельетон. Праўда, матэрыял для фельетона не валяецца пад нагамі, а што да нарыса, замалёўкі, то тут толькі паспявай пісаць. Практычна кожны чалавек можа стаць героем калі не нарыса, то ладнай замалёўкі. За паўгода «прапусціў» праз газету, пэўна, з паўвёскі. Матэрыялы ішлі «падваламі», «пугамі», а нарыс пра жыццё і ваенныя подзвігі Стаха друкаваўся з працягам аж у трох нумарах, пасля чаго Стах стаў звяртацца ледзь не на «вы».
Перазнаёміўся з усімі супрацоўнікамі рэдакцыі, нават з рэдактарам Іванам Сцяпанавічам. Двойчы выклікалі ў раён, бы дарослага, на нараду рабселькораў, хвалілі ў дакладзе, узнагародзілі кніжкамі, змусілі выступіць, падзяліцца вопытам. Калі хто з рэдакцыі наведваўся ў калгас, ніколі не абмінаў і іх дом, і гэта было ганарова не толькі для яго, а і для бацькі, маці. А з паэтам Янкам Вялеськам, які, як высветлілася, толькі на сем гадоў старэйшы, адразу ж пасябравалі.
— Не замыкайся, браце мой, на раёнцы,— вучыў Янка Вялеська.— Падбірайся, асвойвай абласную, рэспубліканскія газеты. У цябе, дарэчы, ёсць неблагія замалёўкі, могуць сёе-тое узяць. Май на ўвазе: для паступлення на факультэт журналістыкі важна мець публікацыі ў салідных выданнях…
Андрэй не разумеў, чаму гэта раёнка — несаліднае выданне, але дапытвацца, тым больш спрачацца з Вялеськам не адважваўся.
У абласной, рэспубліканскіх газетах з яго нарысаў, замалёвак рабілі невялічкія допісы. Толькі двойчы далі радкоў па сто. Гэта, канечне, вельмі васмучала. I больш за ўсё — што, апроч прозвішчаў, лічбаў, у матэрыялахі нічога ад таго, што пісаў, не заставалася.
— Хэ, даівак! — супакойваў Янка Вялеська.— Усіх правяць. Нават тых, хто гадамі сядзіць у рэдакцыях. Не панікуй, не вешай носа! Набівай руку, прыглядвайся, як пішуць на рэспубліканскім узроўні… Ну, завядзі сабе ў звычку чытаць з алоўкам, матай на вус удалыя «хады», «павароты», ёмкія фразы, лаві свежыя тэмы…
Праз гэтую Янкаву параду і трапіў у гісторыю, пра якую аж цяпер успамінаць брыдка…
…Неяк на гарышчы сярод рознага шмацця на вочы выпадкова трапіла зжаўцелая старая газета з вялікім, больш чым на «падвал», артыкулам. Прабег вачыма — і прыкіреў, не мог адарвацца. Нічога падобнага чытаць яшчэ не даводзілася. Галоўнае — можна было падумаць, што аўтар пісаў менавіта пра іх вёску, толькі змяніўшы назву і прозвішчы. Самыя звычайныя будзённыя рэчы, якія штодня бачыць, не зважае, тут свяціліся, ззялі, набывалі значнасць, нейкую незразумелую таемную сілу. Два дні хадзіў пад гіпнозным уздзеяннем таго артыкула, раз дзесяць сядаў пісаць нешта падобнае, але ўсё, што атрымоўвалася, і блізка не ішло, сам бачыў, было шэрым, бясколерным, прэсным у параўнанні са старою газетай. О, якой чорнай зайздрасцю зайздросціў таму аўтару! Пэўна, толькі за адзін такі артыкул без усялякіх экзаменаў прынялі б на факультэт журналістыкі…
I спакусіў нячысцік…
Рукі трэсліся, як апускаў пакет у паштовую скрынку…