Хм, логіка і мудрасць! Можна падумаць, што ёсць вялікая логіка і ў тым, што зацюлюкалі сюды, як апошняга прайдзісвета… Зрэшты, хто яго ведае… Жыццё — паласатае, як зебра. Мо гэта якраз тое апошняе выпрабаванне… Мо заўтра скончыцца чорная, пачнецца светлая палоса… Мо і падсунуў лёс гэтую камеру, гэтых карцёжнікаў, каб змог напісаць свой лепшы фельетон ці публіцыстычны артыкул, пасля чаго ўся пішучая брація загаворыць пра Андрэя Чарапіцу, адбою не будзе ад прапаноў…
I ўвогуле, калі глянуць аб’ектыўна і цвяроза, то каму-каму, а яму грэх скардзіцца, наракаць на свой лёс. Хоць бы па той самай простай прычыне, што прырода не абдзяліла яго, як іншых… Ні талентам, ні знешнасцю не абдзяліла. Чаго ж яшчэ хацець? Чаго патрабаваць яшчэ? Набярыся цярпення і чакай — рана ці позна, але ўсё роўна мусіць пачацца светлая палоса, наступіць твой зорны час…
Але ці не надта ўсё зацягнулася? Ці не зблытала жыццё ўсе свае цыклы? Падобна, што пераблытала… Чаму, з чыёй ласкі пераблытала? 3 чыёй ласкі — не сакрэт… А вось чаму?.. Магчыма, таму, што мала, слаба развіў у сабе інстынкт самааховы. Магчыма… Мо і праўда: выжывае толькі такі талент, які мае вострыя зубы, жалезныя локці, моцныя кулакі. Слабых шэрасць сцірае на муку, замешвае ў цеста, лепіць нешта аморфнае, бясколернае — па свайму вобліку і падабенству…
Як некалі таго хлопца…
I сам не ведае чаму, але не выходзіць з памяці той хлопец. Нават прозвішча забыў, бо яно даўно знікла з газетных палос, а помніцца як дакор самому сабе, як перасцярога…
Гэта быў не проста здольны, а, як кажуць, з божай іскраю журналіст. Фанатык, якіх зараз мала. Гатовы ночы не спаць, чорту на рогі кінуцца «ради нескольких строчек в газете». Але ў жыцці — нейкі безабаронны, бездапаможны, наіўны, як дзіця. Матэрыялы даваў — пальчыкі абліжаш! Свежа, вобразна, дасціпна, нечакана. Што ні публікацыя — на «чырвонай дошцы».
Калегі напачатку цярпелі, нават падхвальвалі, паблажліва паляпваючы па плячы; давай-давай, шуруй-шуруй… I ён, падахвочаны, даваў, здзіўляючы новымі і новымі знаходкамі. Радаваліся, ва ўсякім разе — на словах, за маладога калегу, а ў душы, пэўна, кожны зайздросціў. Цярпелі, маўчалі… пакуль начальства не пачало тыцкаць: во так трэба! А вы што даеце? Вучыцеся!
Гэта было ўжо занадта… Захваляваліся. Сталі намякаць: не ўлягай — надарвешся. Не памагала. Тады адкрытым тэкстам: не думай, што ты тут самы разумны, не строй з сябе новага Гіляроўскага… I зноў не памагала — ці то па сваёй прасцякаватай наіўнасці не разумеў, ці то разумець не хацеў, палічыўшы, што ўжо схапіў бога за бараду…
I заела ўсіх, узяло за жывое: мы ж табе пакажам, выскачка, чаго варты!..
I пайшло-паехала… Па прынцыпу: усе — на аднаго. Кожнай прамашцы радаваліся, любую зачэпку шукалі, каб падняць на смех, паздзекавацца на лятучцы, настойліва ўводзячы начальству ў вушы: і нічога асаблівага няма ў хвалёных матэрыялах — голы натуралізм, расплыўчатая пазіцыя, патаканне абывацельскіы густам, і ўвогуле малады калега займаецца сумніцельнымі эксперыментамі, ідзе не ў традыцыях і профілі любімай роднай газеты…
Спачатку начальства энергічна ставала на абарону маладога здольнага супрацоўніка, але, як кажуць, кропля камень крушыць… 3 цягам часу абарона рабілася ўсё больш вялай, няўпэўненай, з агаворкамі і нарэшце пала: начальства таксама рызыкуе, ігнаруючы думку большасці…
I — пайшла пісаць губерня… Як толькі маглі, як толькі хацелі перакройвалі, крамсалі на свой лад хлопцавы матэрыялы, пакуль не дамагліся свайго, пакуль не пачаў пісаць, як і ўсе, жалезабетоннымі канструкцыямі, пакуль не зрабілі па свайму падабенству шэранькага рамесніка…
I яго, Андрэя, сям-там намерваліся браць падобнай методай. Хто ведае, мо і зламалі б, каб не хапала розуму ў час змывацца. Хто-хто, а ён без ілюзій ведаў, на што здольна нахрапістая і агрэсіўная пасрэднасць…
Насцярожыўся: карцёжнікі загаманілі на павышаных танах, крылі мацюкамі самага шчупленькага — змахляваў. Аднак лаяліся незласліва, і не прайшло некалькі хвілін, як бура ў шклянцы вады аціхла.