Стаячыя камяні стагналі, і ўвесь востраў дрыжаў, а каменнае сэрца тахкала часта і ўспуджана. І тады Леля не стала зусім – толькі звер, што роў і рваў, і качаўся па зямлі, раз’ятрана ламаючы нешта склізкае і ўніклівае, нешта нямёртвае. Толькі звер, што навальваўся на ворага ўсім цяжарам магутнага цела, што ўпарта сціскаў зубы на трапяткім горле, якое ўрэшце прарвалася чорнай пякучай крывёй. Калі ж тое нямёртвае заціхла, болей не вішчала і не варушылася, калі яно засталося ляжаць у льснянай лужыне, звер адступіў, прыпадаючы на параненую лапу. Забурчаў і засоп, адплёўваючыся ад мярзотнага смаку ў пашчы, прыкопваючы змятага, разарванага ворага. А пасля падняў круталобую галаву і пабачыў успуджаныя шэрыя вочы і, на напятай цеціве, стралу, таропка настаўленую на яго. А па-над стралой падала нядобрае слова – пярэварацень.
– Ён чалавек, – уладна запярэчыў другі голас, у якім яшчэ не адгучалі, яшчэ серабрыліся ўладныя ніці чараў. І шэрыя вочы зірнулі здзіўлена – на таго, хто пярэчыў, пасля зноў на звера.
І лук павольна, як бы нехаця апусціўся.
Звер рыкнуў, але глуха, няголасна, без пагрозлівасці, няўклюдна адступіў задам. Пацягнуў праз ноздры паветра, прынюхваючыся да пяску ды травы. Ад вострава ўсё яшчэ смярдзела падаллю, але ўжо накатваў свежы вецер, абдзіраў старую гніль, зносіў яе за сабой. І ўсё яшчэ білася – звер адчуваў гэта падэшвамі лап, – білася сэрца з каменю. І ў гэтым біцці быў сярэбраны перазвон хваляў, і голас ракі, і ўпэўненыя крокі, ад якіх усё вакол зноў пайшло галавакружным зыбаннем.
У тым біцці была надзея.
А скрозь зыбанне, скрозь далёкія ўтравелыя курганы, скрозь блізкія дубровы на ўзгорках крочыла, цягнучы за сабою востры вогненны шлейф, крочыла па ўдарах каменнага сэрца постаць, сатканая з белага агню.
– Зірні ж на мяне, чалавечае дзіця, – спакойна мовіла постаць і мімаходзь прыязна кіўнула Йураю, які застыў у паўпаклоне. І наблізілася, так што звер занепакоіўся, закруціў цяжкою галавой. Але белы агонь упэўнена паклаў руку на круты мядзведжы лоб – і за звярынымі вачыма раптам ачомаўся Лель. Упершыню за доўгі час паяснела ў галаве, адступіў невыносны спеў Голаду, а звярынае цела адчувалася як уласнае, да апошняй напятай мышцы, да апошняй валасінкі густой поўсці.
Ад лёгкага дотыку тонкай белай рукі звярынае аблічча спаўзала з Леля, асыпалася цёмнымі лахманамі і раставала на ўзрытым барацьбою пяску. Ён стаяў на карачках, цяжка дыхаў і дрыжаў пад халодным ветрам. Быў – самім сабою. Толькі сабою. І ад гэтага паўзабытага адчування самасці, цэласнасці ў Леля дрыжалі вусны. Спадылба, з асцярогаю ён глядзеў на ўсмешлівы паўмесяц на шчацэ Той і зусім не заўважаў, як параненае плячо крывіць, як начная сырасць халодзіць глыбокую драпіну на скуле.
– Зарок ёсць зарок, – шапнулі яму, па-мацярынску гладзячы па ўскудлачаных валасах. – І клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку.
Камяні падавалі галасы, яшчэ асцярожна, няўпэўнена, але ажывалі. Лель зажмурыўся, заматаў галавой, поўнай Яе голасу і каменнага спеву. Адчуў дотык на плячы, і Йураеў голас, не ўнутры яго, як покліч Той, а звонку, сказаў ціха:
– Падымайся патроху, ну. Усё… добра.
З дапамогай лютніста ён выпрастаўся, ацёр дрогкімі рукамі твар. Стаячыя камяні пад поўняю, падавалася, наліваліся серабрыстым святлом, і знакі на іх плылі, танчылі, як азёрныя хвалі, як вышыўка на рукавах Той. Лель не без боязі зірнуў на нерухомую пачвару – а тая, уся пранізаная зыркімі сярэбранымі ніцямі, патроху рассыпалася попелам, і парэшткі зносіла ветрам.
– П-пярэварацень, – зноў сказала Ружана, наморшчыўшы нос. – То, значыць?..
– Болей не, – адрэзаў Йурай. – Кажу табе, ён чалавек.
Шаптаў трыснёг, мерна ўздыхала вада, а пад шатамі дуброў на невысокіх узгорках укруг возера ўспыхвалі і танчылі сотні чароўных агнёў. І плылі над травамі, над вадою і камянямі, плылі адным ім вядомымі сцежкамі, пракладзенымі ў Ніколі і Нідзе.
– Гэта ж агні мёртвых, – прагаварыла Ружана, асяняючы сябе ахоўным знакам, і ўсё-такі з цікаўнасцю назірала за танцам кропак зялёнага святла вакол возера. – Яны, кажуць, зводзяць людзей са сцежак, зацягваюць у дрыгву.
– Гэта нашы агні, – выправіў яе Йурай. – Агні памяці. І цяпер яны вольныя.
Лель жа, пакуль тыя двое ўважліва глядзелі на карагоды агеньчыкаў на азёрных берагах, падышоў да бліжняга каменя, асцярожна крануўся яго рукой, адвёўшы ўбок надакучлівы плюшч. Адчуў нечаканую цеплыню шурпатага боку і слабы ўдзячны дотык – у адказ – на сваім розуме.
– Прошча будзе помніць цябе, – глуха мовіў Йурай, азірнуўшыся на Леля. – І тваю дапамогу. А помняць яны, як і мы, вечна.
– Значыць… камяні ачысціліся? – спытаў Лель.
Лютніст са скрухаю пакруціў галавой.
– Пройдзе яшчэ многа часу, – прагаварыў ён. – Вельмі многа, пакуль прошча дарэшты пазбавіцца водгулля халоднага жалеза ды старой атруты.
– І тады… – Йурай паціснуў плячыма. – Можа быць, мы зможам вярнуцца.
Лель уздыхнуў і пагладзіў камень са шкадаваннем. У голасе лютніста не было асаблівай упэўненасці, і, падобна, варожы метал, раствораны ў паветры, зямлі і вадзе, усё яшчэ ціснуў і прыгнятаў яго, выпіваў жыццёвую сілу.