Яны, праўда, на ўсякі выпадак яшчэ колькі часу заставаліся на месцы начлегу пад дубам. Лелю хацелася верыць, што лютніст не мог знікнуць вось так, што ён, можа, адышоўся кудысь непадалёк і хутка вернецца. Але сонца падымалася ўсё вышэй, Йурай не вяртаўся, і хутка Лелю давялося прызнаць, што чакаць ім няма каго. На сырой звярынай сцежцы да вадапою, якая спускалася з пагорка і абыходзіла возера кругам, Ружана знайшла свежыя ваўчыныя сляды, што кіраваліся на поўнач. І, пакуль дзяўчына ўголас дзівілася, што такіх велізарных ваўкоў у іхніх краях яшчэ не бачылі, Лель сумна думаў пра белага ваўка, які сышоў некуды на поўнач на світанні, які знік, быццам здань, на дальнім азёрным беразе, сярод дзікіх пагоркаў ды вольных лугоў.
А яны з Ружанай вярталіся з бязлюддзя, што цяпер было прасякнута радаснымі птушынымі і звярынымі галасамі, да ўтравелых каляінаў дарогі. Ішлі побач, размаўляючы пра ўсё на свеце і ні пра што асабліва. Лель, у якога ўсё яшчэ замірала сэрца ад кожнай новай заўважанай у Ружане драбязінкі, зразумеў, што размова між імі тчэцца нязмушана, як бы сама сабой, што адзін жыва падхоплівае думку другога, нават калі не цалкам з ёю згодны. Што Ружана ўмее забаўна перадражніваць і свайго ўладарнага бацьку, і сяго-таго са знаёмых, што яна ўвогуле процьму рэчаў ведае і ўмее. І на дзіва хораша было ісці з ёй, дасціпнай, спрытнай і гнуткай, і нават цяжар старога мяча, які Лелю давялося несці, паклаўшы на плячо, быццам касу, падаваўся не такім ужо вялікім.
Старыя дубы перашэптваліся пад ветрам, блізка раздарожжа іх застаў, прыбіўшы пыл да зямлі, светлы бадзёры дожджык. Сінія і шэрыя хмары гусцелі над дарогаю далей: там сцяною ішла залева. Адсюль, з узвышша, відаць было выгін спакойнай ракі, палі і драўляныя вежы з барвовымі сцягамі – тыя падаваліся дробнымі, быццам маглі б змясціцца на далоні. А па дарозе ад вежаў, большаючы, насустрач ім дваім несліся, вырываючыся з непагадзі, вершнікі – збройныя, у панцырах і з дзідамі.
Тых вершнікаў яны сустрэлі трохі далей па дарозе. Кавалькада пранеслася была, але праз якое імгненне той, што скакаў першым, рэзка развярнуў варанога каня і спешыўся. І, сцягваючы шалом, подбегам кінуўся па ўзбочыне назад, да Ружаны. Хмурыў бровы, такія ж упартыя, як і ў дзяўчыны, а ў русых кудзерах, схопленых простым скураным шнурком, у кучаравай барадзе серабрыліся нітачкі сівізны. Лель згледзеў цяжкую залатую грыўну на шыі вершніка, заўважыў, што і адзенне, і панцыр на ім тонкай работы, – і зразумеў, што гэта мясцовы ўладар і Ружанін бацька. Зразумеўшы, адразу зніякавеў: яму чамусьці адчайна не хацелася, каб бацька Ружаны быў князем.
Праўда, скеміць, што яна ягоная дачка, можна было і па тым, што ён казаў – і як ён гэта казаў, сярдзіта выгаворваючы неслухмянай дзяўчыне за яе блазнаватыя вылазкі. Пасля Ружанін бацька глянуў на Леля і заўважыў у таго на плячы доўгі стары меч. Тут вочы ва ўладара, шэрыя і таксама дужа падобныя да даччыных, здзіўлена акругліліся. І давялося тлумачыцца, Ружане і Лелю, наўзахваткі, але з некаторай асцярогай, апускаючы сякія-такія дэталі. І воі, што суправаджалі свайго ўладара, падыходзілі бліжэй, прысвіствалі, слухаючы, штурхалі адзін аднаго локцямі, падхоплівалі расказанае шэптамі.
Так падхапілі і мянушку, што Ружана выдумала для Леля – з асцярожнымі смешкамі, бо слоўца падалося забаўным, але і з пэўнай паважлівасцю. Мясцовы князь хмурыўся, паглядаючы на меч, на дачку і асабліва на Леля, і, здаецца, не надта верыў расказанаму. Ды і сам Лель, напэўна, не здолеў бы паверыць у жывыя драпежныя цені, у мост са святла, у пачвару-павука. Не здолеў бы – каб не бачыў усё на ўласныя вочы. Але Ружанін бацька, урэшце, пачасаўшы бараду, прызнаў, што гутарка не дарожная і што Ружане і Лелю, для пачатку, варта было б адпачыць і пад’есці.
– Хай сабе нават і выдумка, – разважліва дадаў уладар. – Дык хаця б займальная.
Разам з вершнікамі рушылі ў блізкае селішча. Дождж тут якраз прайшоў, латкі блакітнага неба бліскалі ў лужынах, пакінутых ліўнем, а хмарнае рыззё зносіла ветрам за лугі. Вараныя коні бадзёра мясілі капытамі дарожны бруд, пасля бойка затупаталі па мосце над затхлым ровам. За ўмацаванымі сценамі па вузкіх крываватых вуліцах з драўлянымі маставымі дабраліся да ўладарскага церама, што, побач з храмавым купалам, узвышаўся над цёмнымі дахамі. Унутры было светла і цёпла, пахла чалавечаю ежай, і можна было ўмыцца, змяніць адзенне і адпачыць. І не думаць пра колішні праклён, пра нелюдскія чары ды спеў камянёў над возерам.
Лелю, які за апошні час адвык ад людзей побач, а да раскошы не быў прывучаны ад самага нараджэння, усё гэта было і дзіўна, і нова. Асабліва здзіўляла, нават трохі палохала чалавечая прыязнасць: яму ўсё падавалася, што вось-вось і тут яго прызнаюць нявартым ды пагоняць прэч. Але гэтага не здаралася. І маці Ружаны, ласкава ківаючы галавою ў белым уборы, падкладала яму за сталом лепшыя кавалкі, глядзела са шкадаваннем. Такі, бач, маладзенькі, а адзін блукаў ля заклятага возера.