– Не адзін, – мовіў быў Лель, ды ніхто асабліва не прыслухоўваўся. З іх з Ружанай расповеду ўсе вакол зразумелі, уласна, адно: праклён з азёрнай ваколіцы зняты, а значыць, можна будзе вярнуцца на землі прадзедаў. Шэравокі мясцовы князь, пашчыпваючы бараду, прыйшоў да высновы, што Лелевы словы лёгка можна праверыць, а сам ён у любым выпадку нічога не губляе, і павесялеў. Тонка адчуваючы настрой уладара, зайгралі музыкі ў куце, але галасы дуды, лютні і скрыпкі перакрываліся бурлівымі показкамі, што пераскоквалі ад уладарскага стала на ўзвышэнні па ўсёй шырокай зале, дзе ў агромністым ачагу смажылі свежую дзічыну. У показках Лель чуў згадкі пра сябе, абавязкова са складнай мянушкай, прыдуманай Ружанай, і пра меч, і пра пачвараў, і пра разбітыя чары. Словы кружылі над кубкамі з віном і мёдам, быццам куслівыя восы, і перакручвалі былое, і выварочвалі на нейкі новы, нечуваны лад.

Таксама дзіўна было есці – не перабівацца сухімі скарынкамі ці кіслымі ягадамі, а есці гарачае, смажанае і варанае, печанае і тушанае. Лелю падалося, быццам не еў цэлы век, і ён досыць хутка прыбіраў усё, што з’яўлялася на талерцы. Зрэшты, яму тут жа падкладалі яшчэ – і шкадавалі, што такі, бач, худзенькі. Смак хлеба, аднак, прымусіў Леля прыгадаць хлеб і мёд, якім частавалі яго ў коле камянёў на верасовых пустках, – той хлеб быў куды смачнейшы. А яшчэ ад успаміну варушыўся на дне душы смутак, дарма што і Ружана сядзела побач, часам датыкаючыся Леля локцем.

«Можа быць, – думаў Лель, суцяшаючы сябе. – Можа быць, лютніст яшчэ вернецца? Мала якая патрэба магла паклікаць яго і прымусіць сысці».

Меч з халоднага жалеза па загадзе ўладара прынеслі сюды ж, у закураную залу з ачагом, і тут, нахіляючыся над знакамі ў метале са свечкамі, уважліва разглядалі яго. Круцілі насамі, цокалі языкамі. Хтосьці са старэйшых, патрэсваючы сівой галавой, прыгадаў паданне пра згублены дзесь тут меч-кладзянец. Пра кургановы люд і колішнія бітвы ніхто не прыгадаў, затое расповед пра пачвару, што палявала ля возера, выслухалі разоў дзесяць, не меней. Лель, расказваючы з раза ў раз адно і тое ж, паспеў трохі нават асіпнуць. А вакол ахалі, свісцелі, пляскалі ў ладкі ды патрабавалі паўтарыць.

Адзінае – дарослыя воі дзівіліся, як гэта хлопчык, хай сабе і ўзброены чароўным мячом-кладзянцом, адолеў пачварнага Старога Звера.

– А чаго там, – падала голас Ружана, і ўсе сцішыліся, павярнуліся да яе па тлумачэнне. Ружана ж працягвала, весела пабліскваючы вачыма: – Ператварыўся сабе ў мядзведзя ды і ўсёй справы той.

Цішыня павісла над сталамі, і нават мурзаты хлапец, што круціў ражон з дзічынаю над ачагом, замёр, разявіўшы рот. А пасля ўсе адначасна і голасна загаварылі, прычым зусім пра іншае, затое шэпцікі над кубкамі ўзмацніліся, залёталі хутчэй, паўтараючы новую показку на розныя лады.

– Нічога, – мовіла Ружана і падміргнула Лелю, якога гэтыя шэпты не дужа радавалі. – Хай людзі павесяляцца. Столькі страху было, а тут хоць нагода пагаварыць.

І людзі сапраўды гаварылі. Калі, праспаўшы ноч на нязвыкла мяккіх пярынах, Лель прачнуўся наступнаю раніцай, пра яго ўжо радасна плявузгала ўсё селішча. Дакладней, не столькі пра яго, колькі пра ваяра-пярэваратня Мядзведжае Вушка. Той нібыта з’явіўся з парэчанскіх зямель з чароўным мячом-кладзянцом, каб разбіць злавесныя чары, насланыя на азёрны край. І ўпаляваў пачвару, і чары развеяў, як яно і павінна было стацца. А за ўзнагароду, ясная рэч, папрасіў – не многа, не мала – князеву старэйшую дачку за жонку ды палову ўладання і залатой казны.

– …але я не прасіў!.. – хапаючыся за галаву, жахаўся Лель, калі сама ўладарова дачка, смеючыся, распавядала яму апошнія навіны.

– А і папрасіў бы, – Ружана паціснула плячыма. – Падумаеш. Што ў той казне было б, калі б голад прыйшоў ці мор. Золата не з’ясі і ад смерці ім не адкупішся.

Лель сустрэўся з ёю вачыма і, адчуваючы, як падкатвае пад горла, разрастаючыся за рэбрамі, тая самая гарачыня, тут жа адвёў пагляд, і не стаў ёй тлумачыць, што справа зусім не ў золаце.

Пад вечар другога дня мясцовыя воі вярнуліся, праверыўшы ваколіцы возера. І прынеслі не толькі звесткі пра дзівосныя змены, але і сякія-такія меркаванні адносна слядоў, якія адшукалі. Расповед Ружаны і Леля аказаўся не проста забаўнаю показкай, і ўладарны бацька задумаўся, пашчыпваючы бараду.

– А ты, малец, заставайся, – дабрадушна сказаў Лелю. – Ці надумаў дамоў рушыць?

Пра вяртанне назад і гаворкі быць не магло: бацька, абрэзаўшы сыну косы, прызнаваў таго мёртвым. Нават горш за мёртвага. Таму Лель пакруціў галавой, і князь усміхнуўся яму ды паляпаў па плячы.

– Во і добра.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже