Зрэшты, нават і знясілены, лютніст мог лекаваць. Агледзеў і перавязаў рану на Лелевым плячы, а глыбокі развал драпіны на скуле прыпёк халодным, як крынічная вада, зялёным агнём. Па мосце з месяцовага святла яны вярнуліся на бераг – Йурай, Лель і, апошняй, Ружана, што ўрачыста несла стары меч, завярнуўшы яго ва ўласны плашч.
– Ты, Мядзведжае Вушка, – сказала яна, калі месяцовая дарожка зноў рассыпалася па хвалях.
Лель прыўзняў брыво, а Ружана, слаба ўсміхаючыся, паўтарыла мянушку і працягнула яму меч.
– Хай у цябе лепш будзе, – дадала. – На маю руку цяжкаваты ўсё-такі.
Лель усміхнуўся быў, але ад руху вуснаў балюча тарганула параненую скулу. Ён пытальна глянуў на Йурая – а той моўчкі глядзеў на меч, які Ружана трымала на далонях. Святло поўні слізгала па бледным лязе, нібы пазбягаючы кранацца вуглаватых чорных знакаў, уплаўленых у метал.
– Вазьмі, калі ласка, – з мяккай настойлівасцю папрасіла Ружана. – Цэлы край ад навалы выбавіць – гэта не жарты.
І, кашлянуўшы, заўважыла, што яе бацька, які гаспадарыць у навакольных землях, канечне, узнагародзіць самым лепшым чынам, ды і людзі ўзрадуюцца. Столькі гадоў доўжыўся кашмар – а зараз-та зноў мір і спакой.
Яна зноў гаварыла з тою сваёй шчырай гарачнасцю, так што Лель і словы яе падзякі, і запрашэнне, і стары меч з халоднага жалеза не мог не прыняць. Але, прымаючы, бачыў, як пазмрачнеў твар Йурая.
Праўда, лютніст маўчаў. І калі Ружана, паружавеўшы, звярнулася са сваёю падзякаю і захапленнем да яго, і тады, калі ўсе трое, стомленыя, вырашылі да світання ўладкавацца для адпачынку пад адным з вячыстых дубоў. Лель назбіраў сухога вецця, а Ружана, вылавіўшы з мяшэчка на поясе крэсіва, спрытна развяла вогнішча. Тое было самае звычайнае, чалавечае, і чырвоныя языкі пужліва адхіляліся ад спахмурнелага Йурая, быццам пад подыхам марознага ветру.
– Стаміўся? – спагадліва спытаў Лель у лютніста. Той, зірнуўшы на яго спачатку непаразумела, быццам пытанне вырвала яго з плыні думак, змушана паківаў.
– Я мушу… – пачаў быў Йурай, але тут жа сціх. Паморшчыўшыся, з гідлівасцю паглядзеў на стары меч, які Лель зараз трымаў на каленях, бо спрабаваў разабраць знакі на клінку. Закляцце, уплаўленае ў метал, злёгку халадзіла Лелевы пальцы.
– Нішто, – весела абяцала Ружана. – У нас адпачняце як след. У нас ведаеце як гасцей прымаюць? А калі бацька яшчэ і дазнаецца, што праклён зняты… Абяцаю раскошны прыём ды належную ўзнагароду.
Але Йурай, падобна, ніколькі тымі абяцаннямі не ўражаны, толькі зябка павёў плячыма і пахмурна глядзеў у агонь. Лель, вырашыўшы, што чары на заклятым жалезе замінаюць лютністу, паспешліва аднёс меч далей ад вогнішча, уладкаваў ля шурпатага дубовага ствала. Пасля таго Йурай, здаецца, выдыхнуў з палёгкай, але больш гаваркім так і не зрабіўся, і лютня яго таксама маўчала, пабліскваючы залацістым бокам ля Йураевых ног.
Зрэшты, меркаваў пра сябе Лель, чары, напэўна, вымагаюць шмат сіл. Ды і ўсім ім варта было адпачыць.
Поўня кацілася па нябёсах, быццам клубок нітак, патрэскваў агонь, уздыхала над іхнімі галовамі дубовае голле. А за дубамі мірна каціла хвалі возера, і – Лель цвёрда ведаў гэта, хай і не мог пачуць – камяні на ім ціха перагаворваліся.
Ружана спачатку радасна дзялілася мясцовымі байкамі пра прыазёрныя дубровы і дзівы, якія ў іх прыдараліся. А пасля прыціхла і задрамала, скруціўшыся клубочкам ля агню і ўкрыўшыся плашчом. Йурай задумліва кратаў струны лютні, і Лель доўга глядзеў на лютніставу светлую галаву, на знічку завушніцы, што бліскала між валасоў. Цені ад вогнішча рухаліся, але былі самыя звычайныя, без злавесных чараў ці драпежнага спеву. Таму Лель і сам не заўважыў, як паснуў.
А калі прачнуўся, то найперш пабачыў над сабою пераплеценае цёмнае вецце і лістоту, кранутую залатой сівізною восені. Бялёсае неба праглядала скрозь перапляценне галін, пад Лелевай шыяй выгінаўся, муляючы, упарты нязручны корань, і трохі цягнула скуру на параненай скуле. Над дуброваю разносіліся звонкія птушыныя галасы, і хтосьці пухнаты ўтульна і клапатліва варушыўся ў алешніку, а ніжэй па схіле ішлі на вадапой, пафыркваючы, асцярожныя алені.
Лель соладка пацягнуўся і сеў. Пабачыў Ружану, якая таксама пацягвалася і ўсміхалася яму, пабачыў стары меч, уладкаваны ім учора далей ад агню. Пабачыў жаўтагрудую сініцу, што гушкалася на тонкай галінцы маладога дубка, што рос пад самым бокам у старога волата. Падскоквала ў траве белабокая сарока, цікавала за людзьмі ля пагаслага вогнішча.
А вось Йурая нідзе не было.
– Ды, мусіць, сышоў, пакуль мы спалі, – прагаварыла Ружана, праціраючы кулаком вочы. – Адно слова – нелюдзь. Ні развітаўшыся, ні… нічога.
Уздыхнуўшы, яна дадала трохі цішэй, можа, збольшага для самой сабе, што такія клапоцяцца адно пра іхнія чары ды песні. Ну, і пра камяні яшчэ, можа. Што з іх узяць.
– Ды не, – запярэчыў Лель. – Ён зусім не…
Але не дагаварыў, замаўчаў, і сэрца сціскалася ад нядобрага цяжару. Быццам нешта не так сказаў ці зрабіў. Быццам у нечым – незнарок – паспеў памыліцца, а зараз няма як тую памылку выправіць.