– Ах, такі далікатны пан, ну такі далікатны! – служка манерна надзьмула пульхныя губкі. – І «ласачкай» назаве, і «красунечкай», і мядовым пернікам пачастуе!
На гэтых словах Ільга вельмі жыва ўявіла медзведзяватую абыходлівасць Дубыніча з жаночым полам – і засмяялася. Зрэшты, князеў брат, хоць і ў гадах, а нежанаты, поспехам пэўнага кшталту якраз карыстаўся, і не адно такое румянае яблычка па ім уздыхала. Сам жартаваў неяк:
– Як тут законную жонку завесці! Гэта колькі ж дзявок застанецца з разбітымі сэрцамі? Дзеля чалавекалюбства – не магу я жаніцца.
Дубынічавы ж забаўкі бывалі рознага кшталту. Часцей якія турніры, з коннымі сшыбкамі, спаборніцтвам лучнікаў ды баямі мечнікаў. Радзей – баляванні, з сякой-такой музыкай ды танцамі, з пераапрананнямі, свавольнымі маскамі і падобнымі штукарствамі. Тады ў замак склікалі найбольш ганаровых гасцей з ваколіцы, нават і з Заазер’я. Гэта самому Тамашу было куды меней даспадобы, бо на такія баляванні нязменна з’яўляўся і найшаноўны пан Табіян Вус з Ліхавозера, бацька пяці дачок, які ўжо, можа, гадоў з дзесяць намагаўся прыстроіць за Дубыніча адну са сваіх Вусаўчанак.
Але што дзядзька любіў асабліва, усёю сваёй няўрымслівай душой, дык гэта паляванні. Збіраў тузін здатных хлапцоў, найперш умелых егераў ды палясоўшчыкаў, што добра ведалі мясціны, выязджаў на дзень, а то і на добры тыдзень у пушчу. Заганяў зуброў, аленяў і кабаноў, паляваў на асцярожную рысь і на ваўка, нават на гербавага свайго звера – чорнага мядзведзя. Моцныя лясныя волаты не здаваліся без бою, і ад кожнага з такіх адчайных праціўнікаў у Дубыніча засталіся выродлівыя шнары. Некаторыя са старых ран ён, асабліва нападпітку, любіў не без гонару паказваць прыяцелям, бо крыважэрныя пашчы, што гэтыя шнары пакінулі, бяссільна шчэрыліся са сценаў сярод іншых выстаўленых трафеяў.
– Едзьма са мной, дзеўка, – сказаў Дубыніч Ільзе, калі тая, перахапіўшы кубак малака і лусту хлеба, завітала ў ягоны пакойчык на самым версе старой вежы. Там ужо, нягледзячы на раннюю гадзіну, таўкліся мажныя і плячыстыя, дужа падобныя да гаспадара барадатыя дзядзькі, пыхкалі засмаленымі люлькамі, пускалі калечкі шызага дыму і сумніўныя жарты. Ільга ўсміхнулася і пагадзілася – не надта хацелася сядзець у замку ды разбіраць з чалядніцамі пасаг.
– Правільна, правільна, – адобрыў Тамаш. – Праветрышся, растрасешся. І к чорту той Калінавы мост, праўда ж? Няма чаго там шукаць, праўда ж?
Ён глядзеў вельмі пільна, вельмі насцярожана. Пад гэтым пранізлівым позіркам маленькіх шэрых вочак Ільга сумелася і змушана адказала:
– Праўда.
Тады Дубыніч, здаецца, трохі супакоіўся, паляпаў яе па плячы і грымотна зарагатаў над абрыўкам нейкага жарту.
На зборы многа часу не далі. Ільга таропка, подбегам вярнулася ў спальню, рушыла да вялікага куфра ля ложка. Пакорпаўшыся там, выцягнула старое адзенне і яшчэ бацькам калісь адладжаны даспех, у якім два гады таму з’явілася ў Вугерцы. Прыкінула на сябе – і трохі расчаравалася: месцамі было караткавата, месцамі – цеснавата. Выбару, аднак, не было: усе тыя прыгожыя і дарагія сукенкі, якія для яе папанашылі ў Вугерцы, для паляўнічых забаў і блуканняў па пушчы падыходзілі блага.
Яна звыкла сабрала валасы ў касу. Тая таксама вырасла, боўталася на добры локаць ніжэй за лапаткі, і гэта, ад таго, мабыць, што апошнім часам яна часцей насіла валасы падабранымі, было трохі нязвыкла. Ільга колькі разоў матанула галавой, пасля кінула зважаць на гэта. З узгалоўя асцярожна зняла бацькаў стары лук, звыкла прыладзіла за плячыма. Калчан са стрэламі ёй працягнуў ужо ў двары адзін з егераў. Ільга тут жа ўзялася прымацоўваць яго да пояса, а егер глядзеў зверху ўніз трохі зневажальна – маўляў, і што ж ты, дзяўчо, тут будзеш рабіць – і падкручваў светлы вус. Ільга тым часам дбайна праверыла стрэлы. Усе былі даўжынёй па дзесяць далоней, з цяжкімі жалезнымі наканечнікамі і шырокім і даўгаватым чорным апярэннем.
Пярэстую кабылку ўжо асядлалі, тая імпэтна біла капытом: знудзілася ў стайні, хай сабе і з добрай меркай аўса, і засумавала. Згледзеўшы Ільгу, ад радасці сунула той вільготнаю храпай у твар. Дзяўчына патрапала пярэстую па холцы, зашаптала ласкавыя словы ў вострае вуха, павяла за аброць у двор, туды, дзе збіраліся астатнія паляўнічыя. Там ужо шумеў Дубыніч: раздаваў загады направа і налева, кагосьці са смакам і веданнем справы лаяў, з кімсьці перакідваўся кепікамі. Згледзеў Ільгу, падышоў, цяжка перавальваючыся, змерыў вачыма, быццам ацэньваў.
– А гэтак лепей, – заключыў паважна, заткнуўшы далоні за шырокі пояс, тканы золатам. – Да душы, малая.