Сама Ільга, безуважная, даўно апусціла лук, бо думала не пра адзінца, якога так марыў здабыць Дубыніч, а пра свайго белага ваўка. Успамінала, як доўга ішла ў сне па тонкай нітачцы месяцовага святла, як мільгала ў роснай траве белая поўсць. І ведала, не столькі розумам, колькі сэрцам, што ўсё гэта важна, што ўсё гэта – яблык, музыка і белая ваўчыная поўсць, сярэбраная ў святле месяца, – складнікі чагосьці большага. «Я забыла некага, – упарта думала Ільга, – я забыла некага вельмі важнага, а можа, мяне і змусілі забыць, старанна вычысцілі ягоны вобраз з памяці, падправілі, абкарналі ўспаміны. Але забыццё ніколі не бывае поўным, і адтуль, з нябыту, з маўчання і цемры ўсё яшчэ цягнуцца тонкія-тонкія сярэбраныя нітачкі, звязваюць, клічуць, не адпускаюць. Варта толькі пайсці па такой нітачцы, як па месяцовай дарожцы ў колішнім сне, рашуча пайсці да самага канца, не збочваючы, і тады…»
– …я абавязкова ўспомню, – услых паабяцала Ільга. Ці то самой сабе, ці то камусьці яшчэ па той бок ледзяной бездані.
Быццам ад дурману, ацяжэла і адазвалася болем галава, нябачным свінцовым абручом сціснула скроні. У вачах пацямнела. Ільга, паморшчыўшыся, з прысвістам уцягнула ў сябе паветра, а калі выдыхнула – не стрымала вокліч здзіўлення: і яе ўздых, і вокліч вырваліся з вуснаў аблачынкамі марознай пары.
Холад наваліўся знянацку, напаў, як драпежны звер. Абступіў з усіх бакоў – не красавіцкі, не холад веснавых прымаразкаў, а бязлітасная зімовая сцюжа. Ільга, калоцячыся ўсім целам, часта стукаючы зубамі, прыпынілася – і з жахам зразумела, што стаіць у цесным коле з іголак інею, і крышталікі лёду няўмольна караскаюцца па мхах усё бліжэй і бліжэй, падступаюць, сцелюцца за ёй.
Радасны весні ранак пабляк уваччу і выліняў, лес, поўны клапатлівай мітусні і жывых звярыных галасоў, аглух і анямеў, быццам вымер: не сакаталі вавёркі, не валтузіліся ў зарасніках, перасвістваючыся, дробныя птахі, не чуваць было ўпартай працы дзятла. Чалавечыя галасы таксама зніклі, як і не было, і сутулая постаць гарбаносага егера ўжо не мільгала за дрэвамі. Быў толькі драпежны іней, што поўз, змяіўся па Ільзіных слядах, і жудасна ціхі лес, і дыханне, што вырывалася серабрыстай парай, і ўласнае сэрца, якое адбівала трывожны набат, ледзь не вырываючыся з грудзей. Мхі, выбеленыя інеем, застывалі нерухомымі мёртвымі гурбамі, хвоі на шляху ледзяных іглаў успыхвалі снежным срэбрам, якое караскалася па ствалах уверх, і жывыя галіны з зялёнымі ігламі сутаргавата скаланаліся і застывалі, белыя і бязмоўныя.
Ільга застыла таксама, зніякавелая, нерухомая, як бы звязаная ўласным жахам, – ані ўскрыкнуць, ані крануцца з месца. І вось тады стала ўсё, як у тым колішнім сне: сярэбрана ўспыхнула наперадзе белае-белае, як туман, ваўчынае футра. І воўк, сапраўды вялізны, бліснуўшы на Ільгу зыркімі зялёнымі вачыма, абабег вакол і рушыў прэч, так імкліва, што быццам і не бег, а ляцеў.
Кола інею са шкляным звонам перарвалася, колеры і гукі накацілі прыліўнаю хваляй, аглушылі і асляпілі, а дыханне злятала лёгка і бязважка, болей не ператвараючыся ў бялёсую пару.
– Счакай! – крыкнула ўслед ваўку Ільга, да якой нарэшце вярнуўся голас. І, не паспеўшы задумацца, сарвалася з месца і пабегла следам, аслізгваючыся ўва мху, спатыкаючыся аб карані хвояў ды сырое ламачча, прадзіраючыся праз кустоўе. Бегла з апошніх сіл, задыхаючыся, аступаючыся, раз ці два нават упала, выцяўшы калена аб камень. Моршчылася, ускоквала і прымушала сябе бегчы, намагаючыся не выпускаць з віду белае футра, намагаючыся не адстаць безнадзейна і непапраўна. Крочыць у сне па месяцовых промнях было куды як лягчэй, са змрачнаватай усмешкай падумала Ільга. Але лягчэй – не заўжды значыць лепей.
Яна, захаканая, расчырванелая, аніяк не паспяваючы, паслізнулася зноў, павалілася і бокам праехала з паўтузіна крокаў па схіле да багністага дна лагчыны. Лук адляцеў убок, з’ехаў долу побач, упрост у лужыну бруднай балотнай вады. Ільга сяк-так паднялася на ногі, павольна выпрасталася, паціраючы выцяты локаць. Зірнула проста перад сабой – і замёрла.
За пару крокаў перад ёю стаяў, насцярожыўшы вушы і нахіліўшы трохі набок галаву, вялікі белы воўк. Глядзеў вельмі ўважліва нябачанымі зялёнымі вачыма – яркімі, разумнымі.
– Ты мне дапамог толькі што. Праўда ж?
Воўк варухнуў вушамі. Цяжка было сказаць, разумее ён штосьці або проста чакае лепшага моманту, каб кінуцца. У другое верыць зусім не хацелася. Ільга засапла і падумала з ледзяной яснасцю: не тое пытанне, яна проста задае не тое пытанне.
– Я цябе ведаю, – не спытала, а сцвердзіла яна і пракаўтнула шорсткі камяк у горле: падалося, што злавесныя крышталікі інею, быццам адзываючыся на гэтыя словы, зноў танчаць вакол яе, старанна выпісваючы заклятае кола.
З іншага боку, гэтая інеістая пагроза, відаць, з’яўлялася не проста так, а толькі тады, калі Ільга была на правільным шляху да сапраўднай сваёй памяці.
– Ты ж быў са мною там, – голас не слухаўся, асекся, так што выйшла хрыпла і вусцішна: – на Калінавым мосце?