– Ды дайце сказаць, кіжлаі! – абурыўся егер. – Не тут жа, а пад Вугеркай. Вялізны такі ваўчышча і, што самае дзіўнае, белы.
Ільга сціснула ў руках аброць.
– Белы? – перапытала насцярожана, адразу згадаўшы свой сон. Унутры зноў ажыло прадчуванне, але зараз, праўда, болей трывожнае, чым радаснае.
Егер, ужо немалады, сутулы і гарбаносы, са змрочным сур’ёзным тварам, з павуціннем сівізны ў прыгладжаных чорных валасах, кіўнуў:
– Ну. Я яшчэ здзівіўся: адкуль? Колькі гадоў тут палюю, такіх не вадзілася.
– Ага, – адгукнуўся Дубыніч, які, хай і ехаў далёка наперадзе, прымудраўся ўсё чуць і гутарыць з усімі. – Дапіўся ты, хлопча, да белых ваўкоў, з чым і віншую.
– Сам ты дапіўся, – агрызнуўся гарбаносы напаўголасу, так, каб чула адна Ільга, што ехала побач. – А воўк быў. Белы.
Шатры ставілі ўбаку ад дарогі, на паляне ля гаваркога ручая, укрытага маліннікам, тут жа пакінулі коней: лес быў непралазны. Тыя, хто вёз з сабою, пасадзіўшы пад плашч, хартоў, пусцілі сабак долу, і тыя, радасныя, насіліся вакол на тонкіх лапах, падскоквалі, білі хвастамі, падбрэхвалі, прынюхваючыся да лесу і глуха ўзрыквалі. Палясоўшчыкі з мясцовых, размахваючы рукамі, казалі пра «во-ось такенных» секачоў, грузных, у цёмнай шорсткай поўсці, з доўгімі жаўтаватымі ікламі і налітымі крывёю вачыма. Не шчацінне, а грыва, і на хрыбце ўздымаецца, быццам грэбень, капыты вострыя, доўгі лыч то рые зямлю, то ўважліва ловіць вецер – ці не ідзе паляўнічы? А калі нават і ідзе – сякач зараве, заб’е капытамі, узбіваючы камякі мяккай сырой зямлі, рынецца наперад са свінячым баявым поклічам. Хочаш жыць – не трапляйся на дарозе, бо такая ламіна і коннага знясе адным махам, стане ікламі рваць і калечыць, п’янеючы ад паху крыві. Будзеш разумным – падыдзеш з падветранага боку з доўгаю рагацінай ці, можа, падкрадзешся з напятым лукам, прычым не ў самоце: скура ў старых секачоў, як браня, быццам закарэлая, тоўстая. З аднаго ўдару, хай і моцнага, такі не ўпадзе, толькі злюцее:
– Адчайны, бач ты!
Сабакі занепакоіліся ўжо ля звярынага вадапою. Па вільготнай зямлі разбягаліся ў розныя бакі і выразныя ямінкі ад капытоў пужлівых аленяў, і сляды капытцаў ды лычоў лясных дзікоў, і клінапіс птушыных лап, і нават трохі падобныя да адбіткаў босых чалавечых ног сляды непаваротлівага мядзведзя. Самыя свежыя, праўда, былі сляды дзікоў – зблытаныя, змазаныя, рознай даўнасці і памераў. Дубыніч коратка прысвіснуў, прысеў на адно калена, вывучаючы, вымераў нешта пальцамі, і, бліснуўшы вачыма, сказаў радасна:
– Адзінец!
Сякач-адзінец, агромністы, цяжкі, поўны неўтаймаванай звярынай моцы і ярасці, быў паляўнічай удачай і небяспекай – бадай што, у роўнай ступені.
Раздзяліліся, павольна пайшлі нячастым ланцужком, прачэсваючы лес. Усе з лукамі, дзідамі або рагацінамі, усе насцярожаныя, ціхія, ледзь бачныя адно аднаму. Ступалі па хрусткіх зарасніках, разводзячы голле, абсыпанае пахкімі пупышкамі і першымі кволымі лісткамі. Ішлі пад адхон, у балоцістую лагчыну, і яркія пляміны моху пад нагамі з зацяжкай хлюпалі ад сырасці. Харты так і ірваліся наперад, нацягвалі шворкі, з-за вострых белых зубоў вывальвалі шаўковыя чырвоныя языкі, шалеючы ад густога звярынага паху.
Ільга крочыла далёка ўбаку, бліжэй да суровага гарбаносага егера, але і таго бачыла няясна – то яркае пёрка на шапцы, то за стромкімі хвоямі, як вогненны сполах, чырвоны вугеркаўскі плашч. Мяккія пульхныя мхі вакол усё разрасталіся і разрасталіся, глушылі крокі і галасы, паглыналі паваленыя ствалы, ужо чорныя і асклізлыя ад вільгаці, з тонкім пахам гніення. Мхі зацярушвала ігліца, парыжэлая, быццам кранутая іржою, і пахкая, ліпла да падэшваў. Раз-пораз Ільга заўважала цікаўных вавёрак: тыя спускаліся ніжэй, завісалі галовамі ўніз, зачапіўшыся за кару чатырма лапкамі, глядзелі чорнымі вільготнымі вачыма. Падыдзеш занадта блізка – і вокамгненна ўзлятуць уверх, распушыўшы хвасты, з’едліва засакочуць з бяспечнай вышыні.
Неба патроху зацягвала, так што падавалася, быццам хвоі падпіраюць сабою, як калоны, шэрае прадзіва хмар. За зараснікамі, скажоныя адлегласцю, часам пабрэхвалі сабакі, а загоншчыкі, усё яшчэ спрабуючы выбавіць секача са схованкі, пляскалі ў ладкі і пакрыквалі, дражнячы:
– Ач, ач, ач!..