Гэтак і праўда было лепей. І справа была не ў адзенні – ці не толькі ў ім, хаця без шнуроўкі дакладна дыхалася больш свабодна. Ільга лёгка ўскочыла ў сядло, і пярэстая затанчыла пад ёй, адчуваючы доўгую дарогу і хвалюючыся перад падарожжам, прагна ўбіраючы праз ноздры халоднае ранішняе паветра. Хваляванне пярэстай перадалося і вершніцы – прадчуванне мяккай кашэчай лапкай штурханула ў сэрца. Яна без патрэбы паправіла спражку на поясе, заправіла за вуха непакорлівую залаціста-русую пасму. Абцягнула пальчаткі з ласінай скуры – і заўважыла, як ад радасна-трывожнага неспакою дробна дрыжаць рукі.

Патроху набліжаўся да канца сакавік, пахмурны, неласкавы, з непагаддзю і начнымі прымаразкамі. Кволая зеляніна толькі-толькі пачынала разгортвацца, яшчэ не абудзіўшыся ад зімовай дрымоты. Але вецер ужо нёс салодкі, п’янкі водар вясны, і неба было таго адметнага, чыстага пяшчотна-блакітнага колеру, якога пазней, калі паверне на лета, ужо не бывае, які ні з чым не зблытаеш і які сам па сабе – прыкмета перараджэння, адвечнага кола аднаўленняў. Весні вецер кружыў па замковым дворыку, уздымаў дробнае смецце ды каменны пыл, трапаў пер’е на франтаватых шапках паляўнічых, асцярожна кратаў чырвоныя сцягі з вугеркаўскім гербам, што віліся над сценамі. Ільга, апусціўшы павекі, падстаўляла твар пад халаднаваты гарэзлівы вецер і не магла пагасіць усмешку на вуснах.

– Рушым! – крыкнуў Дубыніч, ускараскаўшыся на свайго варанога скакуна, больш падобнага да ламавіка, і затрубіў у рог – вялізны, з шасцю залатымі колцамі. Голас рога быў густы і гулкі, раскаціўся над княжым замкам, аціх дзесь высока над вежамі.

І ўсё разнашэрснае паляванне – егеры і палясоўшчыкі, Дубынічавы госці і прыяцелі, адвечна нападпітку – са свістам і вясёлымі поклічамі памкнулася пад паднятымі кратамі за вароты, з грукатам пранеслася па падвесным мосце, пракацілася па сонных гарадскіх вуліцах, далей, далей – і вырвалася за сцены, на разлог, на прастор, запыліла па дарозе між садоў і ніў. Ільга свісцела і рагатала разам з усімі, бяздумна імчала наперад, адчувала сябе бязважкай, як бы растворанай у імклівым палётным руху, у мільгаценні палёў з рэдкімі раскідзістымі дубамі сярод абворанай зямлі, у стракаценні асін ды бяроз, што збіраліся цеснымі купкамі абапал гасцінца. Сонца паступова выкочвалася з-за далягляду, уздымала голаў вышэй і вышэй, быццам наганяючы іх, а ўперадзе яшчэ дрыжаў прывідны, паўпразрысты месяц.

За пагоркамі, на якія выбягалі чароды хат, за палеткамі і садамі выплывала, уся ў абрыўках туманоў, старая пушча. Хвоі ды елкі, магутныя, старыя, высокія, стаялі цесна, паглыналі святло, так што пад іх полагам панаваў адвечны зеленаваты паўзмрок, у якім вычварна змяіліся карані ды сухія галіны ў меднай лусцэ. Сям-там хвойнік адступаў, выцясняўся дубровамі – светлымі лапінкамі ў цёмным лясным дыване, з частым маладым зараснікам вакол ручая або возера, з сухім залацістым покрывам ад многіх лістападаў.

У пушчы паляванне трохі прыціхла, пасур’ёзнела, не беснавалася так адчайна. Коні ступалі па размытай пясчанай дарозе павольней, а конныя гаварылі прыглушана і паважна, агладжваючы вусы і бароды, пра лепшыя паляўнічыя трафеі ды пра розныя дзівосныя здарэнні. Адзін з Дубынічавых прыяцеляў, завалодаўшы ўсеагульнаю ўвагай, таропка ўзяўся расказваць, як увосень хадзіў шукаць вужынага караля. Таго варта падлавіць, калі будзе паўзці ў сваю яміну для зімовай спячкі, доўгі, у залатой ззяйкай лусцэ, з залатою каронай. Паўзе – і як жар гарыць, не прапусціш. Як з’явіцца, трэба кінуць перад ім чыстую белую хустку, тройчы пакланіцца, тройчы плюнуць цераз плячо – і тады вужыны кароль і сам паклоніцца ды чароўную залатую карону сваю на хустку скіне. І справы ўсёй пасля: карону схапіць ды бегчы з лесу, пакуль вужы не апомніліся.

– Ну? – дапытваліся ў расказчыка. – І што ж тая карона? Схапіў?

Аказалася, так-такі не схапіў. Ці мо месца не тое выбраў, ці мо час не супаў, вось вужыны кароль і не паказаўся. А то абавязкова здабыў бы.

Паляўнічыя толькі з’едліва чмыхалі і дружна не верылі:

– Ці не ў той бок пакланіўся, ясна!

– Ды не: проста запляваў, мусіць, усяго вужынага караля. Каму такое спадабаецца!

– Цяльпук вужыны! І калі гэта ты хустку завёў?

А адзін з палясоўшчыкаў, ваўкавата азіраючыся, стаў шэптам, са злавесным прысвістам распавядаць, як у гэтым самым лесе ішоў ён неяк пад вечар і пабачыў лесуна.

– Увесь, значыцца, воласам зарослы, нават і вачэй не відаць, і дух яшчэ такі цяжкі, сабачы.

– Ад каго дух-та сабачы? – голасна спытаў Дубыніч, злёгку паварочваючыся ў сядле. – Ад лесуна? Ці ўсё-такі ад цябе, хлопча?

Усе зарагаталі: «хлопча», і праўда, ледзь не да броваў зарос сівой ускудлачанай барадой і патыхала ад яго – з прычын, пра якія досыць выразна сведчыў распухлы чырвоны нос, – не ружамі ды язмінам.

– А я вось днямі ваўка бачыў, – сказаў, калі ўсе насмяяліся, хтось са старэйшых егераў. Смех яшчэ гуляў вакол, таму кампанія амаль імгненна зноў пырснула рогатам, ажно рэха азвалася пад ялінамі.

– Дзі-і-іва, і праўда ж! Воўк!

– Бач ты! Пачвара якая!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже