– Дурасць, легкадумнасць і неабачлівасць – не злачынствы, княжа.
– Калі каменнае кола прапусціла яе, – прагаварыла белая панна. – То, значыць, у яе ёсць права быць тут сёння, ці не так?
І ўсміхнулася Ільзе, ажно ў той пацяплела на сэрцы, і працягнула тонкую руку, як бы падчапляючы штосьці пальцамі. З заўважным высілкам пацягнула на сябе – і тарганула, і вырвала, як стрэмку. Ільга ахнула, схапілася за сэрца. З вачэй пырснулі слёзы, але боль адразу ж адступіў, дыхаць стала лягчэй, і краем вока Ільга заўважыла, як растае, адкочваецца, адступаецца ад яе страшнае кола інею.
– Хай будзе так, любая дачка, – без асаблівага задавальнення сказаў Князь. І кінуў Ільзе звысоку: – Прэч, ты, смяротная! Іначай мы перадумаем.
Йурай, усцешаны, нават прасветлены, крануў яе за плячо, пацягнуў далей ад памоста, далей ад жудасных князевых вачэй. Зашаптаў Ільзе:
– Трэба сыходзіць, як хутчэй, бо іншай магчымасці ўжо не будзе, бо і зараз вярнуцца ёй не так і проста, але ён, пакуль яшчэ можа, пакуль яшчэ не вярнуўся ў лёд, скіруе, спляце з чараў надзейную пуцяводную ніць. Чуеш мяне, Ільга? Ільга?
Але яна не слухала, бо ўпарта паўтарала:
– Нікуды я без цябе не пайду.
І, крутануўшыся, выгукнула, гледзячы на Князя, голасна і злосна:
– Чуеш, ты, белы павук? Нікуды я без яго не пайду!
«Напляваць на іхнія зарокі ды чары, – думала Ільга, сціскаючы кулакі. – Напляваць на іхняе паляванне ды спробы застрашыць, зацьмяніць розум, задушыць волю. Я прыйшла сюды памагчы – і я дапамагу, выцягну, выратую».
– Табе не патрэбныя ягоныя песні, – гаварыла яна, не адрываючы вачэй ад Князя, і адчувала, як ярчэй і ярчэй гараць шчокі. – Ягоныя прароцтвы ты ненавідзіш. Табе трэба адно адчуваць, што валодаеш ім, а значыць, уладарыш і ягонымі словамі, і прадбачаннем. Але гэта не так, і сам ты гэта ведаеш, адно хлусіш самому сабе, бо баішся!
– Замаўчы, – бязгучна шаптаў ёй Йурай. – Неба, што ж ты робіш, што ты такое кажаш, дурная, упартая, мілая мая, замаўчы, замаўчы зараз жа!
Князь успыхнуў зыркім белым агнём – і размылася, і знікла ўсё вакол, знікла за звар’яцелай завеяй, што вірыла, сціраючы зорны купал і каменны лес, што абкружала непрагляднымі сценамі снежнай віхуры.
Белы Князь стаў перад Ільгою, саткаўшыся з марозных іголак, – поўны халоднай ярасці, ад якой, падавалася, бляклы лядзяш з ягонай кароны наліваўся злавесным зеленаватым святлом.
– Адпусці яго! – крыкнула дзяўчына, але голас яе патануў у выцці завеі. І раптам снежны кругаварот апаў – вакол, куды ні глянь, цягнулася бясконцая заснежаная раўніна.
– Адпусціць? – злавесна перапытаў Князь. – З табою?
– Са мною, – прасіпела Ільга. Словы зляцелі з яе вуснаў марознаю парай.
Князь усміхнуўся – атрымалася драпежна і востра, і ад пачварнай усмешкі гожы халодны твар перакрывіўся, стаў пачварнаю маскай. А можа, тая халодная прыгажосць сама па сабе і была ягонай маскаю.
– Але ж як, дай рады, чалавечае дзіця, – загаварыў Князь, разводзячы рукамі і па-ранейшаму злавесна ўсміхаючыся. – Для такіх, як мы, у вашым свеце месца няма: нам проста не адмерана Небам смяротных дзён. Хіба што…
Князь бліснуў вачыма і кінуў выскаляцца, і змоўк, уважліва прыглядаючыся да Ільгі, белы і халодны, як снежная раўніна вакол іх. Яна не вытрымала.
– Што? Ну, кажы!
– Хіба што нехта з чалавечых дзяцей раздзеліць з адным з нас свой час. Напалам. Каб было справядліва.
Ільга наморшчыла лоб, спрабуючы ўцяміць, усвядоміць тое, што Князь сказаў. А той зноў стаў завеяю, кружыў вакол і паўтараў, што цана, калі ўдумацца, зусім невялікая. Колькі там Ільзе адмерана яшчэ смяротных гадоў? Колькі? Пяцьдзясят, шэсцьдзясят? То ці так ужо дорага будзе расплаціцца паловаю з гэтага часу за чыюсьці свабоду? Асабліва калі так імкнешся гэтаму камусьці дапамагчы? Праўда?
А калі не пагодзішся на такія ўмовы, калі збаішся ці пашкадуеш сваіх нікчэмных дзён, значыць, не так ужо і хацела дапамагаць. Значыць, не многага вартыя яе, Ільгі, словы, калі такая цана для яе акажацца занадта высокай.
Завея смяялася, свісцела, выла. Ільга, засланяючы твар рукою, у гэтым шалёным кружэнні бачыла і прывідныя постаці вершнікаў, і цені хартоў, і крылы сокалаў, і, асобна ад усіх іх, усё бліжэй і бліжэй, імклівага, як вецер, белага ваўка.
Воўк выслізнуў з замяці, з сэрца буры, рассыпаўшы вакол іскрысты снежны пыл, разарваўшы ледзяное кола, кульнуўся цераз галаву – і ўспыхнуў невыносным белым, і стаў Йураем.
– Нават не думай пагаджацца, – загаварыў той пад свіст ветру. – Чуеш, Ільга? Паляванне болей не мае на цябе правоў, вось Сотвар і ідзе на хітрыкі, каб падлавіць, каб адправіць на згубу. Чуеш мяне?
– Але ён цябе адпускае, – заўважыла Ільга.
Йурай засмяяўся.
– Хлусня, – працягнуў і ўсміхнуўся таксама востра, амаль як той неўтаймаваны паляўнічы. – Яму ж усё роўна – замыкаць мяне ў лёдзе, у камені ці ў смяротных гадах. Ільга, мы ўсе – гліна ў ягоных руках, забаўкі і пешкі. Міне падораны мне час – і я проста вярнуся сюды, да Сотвара. Мы заўсёды вяртаемся.
Памаўчаў і сказаў скрушна, апусціўшы веі:
– Усё вяртаецца, Ільга, і зіма – вянец усяму.