Усе гэтыя показкі робяцца дужа зручнымі, калі той ці іншы князёк у чарговы раз вырашыць адбіць у нас нашыя ўладанні. Чалавечыя сыны кідаюць ачагі і ідуць на нас са сваім зыркім агнём і халодным жалезам. Мы адбіваемся – і яны адыходзяць, адступаюць, забываюць, каб пасля вярнуцца, нібы тыя хвалі. Нас, праўда, з часам становіцца ўсё меней, а людзей большае: чалавечыя жанчыны болей плодныя, а чалавечыя дзеці выспяваюць хутчэй за нашых. І нам міжволі даводзіцца саступаць месца, сыходзіць прэч ад іх палёў і сяліб, далей ад халоднага металу, які цягне з нас жыццё.
У гэтага ў похвах пагрозліва пяе і патыхае на мяне ільдзістым холадам адкаванае рукамі людзей жалеза. І праз гэта ныюць старыя шнары – згадкі пра чужыя косткі, пасеяныя ў ненажэрных войнах за многія-многія гады.
– Хто… хто ты? – выгукнуў хлопчык. Голас яго падвёў, збіўся ледзь не на віскат, і ён пакутліва пачырванеў.
– Я – на сваёй зямлі, чалавечы сын, – адказаў. – Найперш назавіся сам.
Вусны ў яго здрыгануліся. Хлопчык зноў паглядзеў на ашчэранага Стаўры, пасля перавёў позірк на мае похвы. Ацэньваў небяспеку.
– Іван, – адказаў нарэшце, пасля досыць працяглага вагання. – Іван Падвей з Кудравіц.
– І нашто ты прыйшоў сюды, Іван Падвей? Ты ж ведаеш, куды прыйшоў?
Ён неяк няўцямна хітнуў галавою – ці то пагаджаўся, ці то не. Відаць, не надта быў упэўнены. Наморшчыў лоб, узлахмаціў светлыя валасы, адпушчаныя да плеч.
– Паслухай, вой, – сказаў, не гледзячы мне ў вочы. – Я… я быў на паляванні. І згубіў дарогу. І сам не ведаю, як…
– Хлусіш, – азваўся я з прахалодаю ў голасе. Стаўры непрыязна гыркнуў, так што Падвей пабялеў, але хутка ўзяў сябе ў рукі. Зразумеў, што пераканаць мяне не атрымаецца, і раз’юшыўся.
– А ты… ты сам хто такі, каб мяне на хлусні лавіць? – зараз ён задрыжаў, але не ад жаху, а ад гневу. – Даю слова гонару…
– Кашч Меднабароды, – назваўся я без асаблівай ахвоты. – Косткасей. А зараз я спытаю ў апошні раз, чалавечы сын. Нашто ты прыйшоў?
Твар у яго выцягнуўся. У бледна-блакітных вачах нават – о дзіва! – мільгануў цень думкі – напружанай, непаваротлівай, цяжкай, і разгадаць гэтую думку было проста. Нават калі адкінуць убок усе бязглуздыя байкі, што абкружаюць маю мянушку, я на дзве галавы вышэйшы і шырэйшы за яго ў плячах. Сталы і больш вопытны ў бойцы. І даспех мой – не кволая праца чалавечых рук, і зброя апеты чарамі.
Ён нават з сумневам азірнуўся туды, дзе спакойна пасся ягоны конь, аднак уцякаць не стаў, адно ўпарта падціснуў вусны.
Бач ты, які герой.
– Паслухай, вой… Кашч, – зноў пачаў Падвей. – Вось што. Я скажу табе ўсё, як ёсць, а ты сам вырашай, што са мной рабіць.
Ён сапраўды расказаў – хаваючы пагляд і раз-пораз наліваючыся сарамлівай чырванню. На паляванні Падвей і праўда быў, але, праблукаўшы ў зарасніку ля возера ледзь не ўвесь дзень, так нічога і не здабыў. Выйшаў да вады – умыцца. А там…
– Там – яна.
Дзяўчына, значыцца. Уся ў сярэбраным ззянні, гнуткая, ладная, белатварая, з даўжэзнымі залатымі валасамі. Сядзела сабе на беразе, часала грабеньчыкам мокрыя пасмы і спявала. Ах, як спявала!
Калі гэты смешны хлопчык пачаў расказваць пра незабыўныя ды чароўныя спевы ля возера, я толькі чмыхнуў. Чалавечыя сыны могуць колькі заўгодна ваяваць з намі, называць пачварамі і пужаць намі сваіх дзяцей, але яны ніколі нічога не мелі супраць нашых голых баб.
– Я хацеў, – Падвей зноў зачырванеўся. – Хацеў… падысці бліжэй. Нічога такога. Проста каб загаварыць. А яна, мусіць, пачула. І хутка так…
– Збегла? Уплыла?
Хлопчык пакруціў носам.
– Перакінулася лебедзем, – адказаў ціха. – Проста… пачала падаць, і быццам замглілася, і раптам абрасла пер’ем, і так усё імкліва…
Я прысвіснуў ад нечаканасці, бо вось гэта было ўжо кепска. Вельмі кепска. І нават небяспечна для гэтага ўпартага ёлупня. Таму што я ведаю толькі адну золатавалосую аматарку паспяваць пасля купання, якая ўмее пераварочвацца ў лебедзя.
Думаю, сама яна не магла не заўважыць чалавека ў хмызах. Верагодней за ўсё, нават першай яго прыкмеціла, таму пачала спяваць, прыварожваючы, купаючыся ў паўдзіцячым захапленні. Якая ж жанчына не любіць, калі ёю захапляюцца.
Хай сабе якая іншая панна з нашых. Але тая, пра якую з такім захапленнем гаварыў гэты хлопчык, то дачка нашага князя, князёўна Мара, Марэна. Залатая каса ў маю руку таўшчынёй, пяшчотны белы тварык з вострым падбароддзем і ўпартым носікам, зацененыя густымі вейкамі вочы – зялёныя, быццам Пушча. Што гэтаму маладзенькаму дурню яна спадабалася, ды яшчэ пасля ўплеценых у песню чараў, цалкам вытлумачальна і нават натуральна.
Іншая справа, што наша князёўна ў гэтым сапліўцы знайшла.
– Яна сюды паляцела, – Падвей абвёў рукою курганы. – І я… за ёю, значыцца. Вось.
Ён нецярпліва пераступіў з нагі на нагу, зусім па-дзіцячы пацягнуў носам і з чаканнем і просьбаю зірнуў на мяне.
– Тут няма месца для чалавечых дзяцей, – адказаў я. – Ідзі, адкуль прыйшоў, Іван Падвей з Кудравіц, і лепей не вяртайся.
– А калі не пайду? – нахмурыўся хлопчык. – Калі не пайду, дык што?