— Тады вазьміце хоць яблык.— Іван Уладзіміравіч дастаў прыгожы — і як толькі захаваўся да гэтага часу, аж да канца мая! — цёмна-чырвоны яблык.— Называецца «цыган», з бацькавай яблыні. Дзіва, а не яблыкі, да новых ляжаць, а выгляд і смак — быццам толькі што з дрэва. Бярыце, бярыце, ён чысты, мама памыла.
Алачка ўзяла яблык, надкусіла. Хрумсткі, салодкі, сакавіты: сапраўды быццам толькі з дрэва. Ну і «цыган», яна пра такія і не чула.
Яна грызла яблык і глядзела ў ілюмінатар. Самалёт адвярнуўся ад сонца, неба было празрыстае і яснае, бачнасць — мільён на мільён кіламетраў, як у такіх выпадках гавораць лётчыкі, і Алачка бачыла, як далёка ўнізе марудна праплываюць роўныя квадраты палёў, вузенькія стужкі дарог, як пятляюць рэкі ў зялёных зарасніках і сінеюць у смузе лясы. Нават не верылася, што самалёт ляціць з такой вялізнай хуткасцю, здагадацца пра гэта можна было толькі па ценю яго, што накрываў то лес, то поле, то россып белых домікаў якой вёскі ці гарадка.
Час ад часу яна кідала позірк на суседа, які распраўляўся са смажанай курыцай. Ёй падабалася, як Іван Уладзіміравіч еў — нетаропка, не прагна, акуратна; ёй усё ў ім падабалася, і яна з цікавасцю чакала, пакуль ён перакусіць і зноў загаворыць, бо ўжо ведала, наперад ведала ўсё, што ён ёй скажа. Напружаная работа думкі жыла ў яго засяроджаных вачах, у глыбокай маршчынцы над носам, у задуменнай усмешцы, што асвятляла яго твар. Алачка не толькі ведала, што ён скажа, але і ведала, што адкажа на яго словы, і ад гэтага ведання ёй рабілася горача і млосна, бо не таннай прыгодай, не курортным раманчыкам усё гэта магло павярнуцца, а жыццём, нечаканым і шчодрым падарункам лёсу, які ты, можа, і заслужыла, выгаравала, а можа, ён проста так, за нішто, ідзе табе Ў рукі.
Між тым Іван Уладзіміравіч засунуў свой пакунак з рэшткамі ежы ў сумку і асцярожна крануў яе за локаць.
— Ала Барысаўна, паслухайце, што я вам скажу. Я — нармальны чалавек, не хам, не нахабнік і не сексуальны маньяк. Я амаль не ведаю вас, але стаўлюся да вас з глыбокай павагай. На якое ліха вам тая Ялта, там жа цяпер такі гармідар, такая таўкатня, што за людзьмі і мора не відаць. У Міхася вялізная кватэра — чатыры асобныя пакоі, за дзесяць крокаў ад пляжа, у парку. Паехалі са мною, га? У вас будзе асобны пакой і ўсё, што трэба для жыцця і для адпачынку, і нават кампанія ў маёй асобе, калі вы ёю не пагрэбуеце. Я ніколі не пастаўлю вас у няёмкае становішча, а ўрэшце вы ж у любы момант зможаце ўзяць свой чамаданчык і паехаць у Ялту — хто вас там чакае… Не спяшайцеся сказаць мне «не», я не веру ў каханне з першага погляду, хто яго ведае, можа, яно ёсць, а можа, яго і няма, але я веру, што кожнаму чалавеку лёс дае свой шанц, адзін-адзіны. Мы знаёмыя нейкія дзве гадзіны, але я адчуваю, што вы — мой шанц, і мне было б вельмі прыкра вось так упусціць яго. Я не дужа высокай думкі пра сябе, але, магчыма, і я ваш шанц, не адштурхоўвайце мяне, прашу вас.
Ён пачырванеў, як хлапчук, як Кузьменка, калі той раніцай аддаваў ёй грошы за работу, Алачцы аж няёмка зрабілася. Яна паклала сваю руку на ягоную і ціха адказала:
— Іван Уладзіміравіч, навошта столькі слоў? Дзякуй вам за прапанову, гэта ж цудоўна — мець асобны пакой на беразе мора, я нават марыць пра гэта не магла. Я разумею, што грошай з мяне вы не возьмеце,— ён спалохана пахітаў галавой,— ну што ж, я буду вас карміць, калі вы не супроць, шчыра кажучы, ваш апетыт мяне не палохае, і мыць вашы кашулі, каб вы заўсёды былі гэткі ж чысценькі і адпрасаваны, як сёння. Ну, а што тычыцца нашых шанцаў… Пажывём — пабачым. У нас жа яшчэ доўгае жыццё наперадзе, праўда? Калі крышачку пакрывіць душой, дык мы ж яшчэ зусім маладыя.
— Ну вядома! — усклікнуў Раманоўскі, паднёс яе руку да губ і пяшчотна пацалаваў.
I хто, акрамя бога, якога няма, як сцвярджаюць атэісты, і ў якога, нягледзячы ні на што, вераць мільёны людзей ва ўсім свеце, мог ведаць, што жыць ёй засталося роўна сорак дзве мінуты…
3
Вестка, што ў яго ёсць дачка, і ўжо даволі вялікая, прагучала для Жураўскага быццам гром з яснага неба.
У глыбокім роздуме ён падняўся да Юбілейнай плошчы, стаў пераходзіць вуліцу. 3 задумлівасці яго вывела пранізлівае віскатанне тармазоў. У нейкае апошняе імгненне Жураўскі інстынктыўна адскочыў ад вялізнага ЗІЛа, які няўмольна насоўваўся на яго, але машына ўсё-такі зачапіла Арсена бамперам, і ён упаў, адкаціўся да тратуара і пры гэтым моцна выцяў нагу.
3 кабіны выскачыў збялелы шафёр, і Жураўскі пачуў яго шалёны крык:
— Куды ты прэшся на чырвоны, маць тваю ператак! Ці ты сляпы, сволач, я ж з-за цябе ледзь у турму не загрымеў, а ў мяне двое дзяцей дома. Ты іх будзеш карміць, казёл бязрогі? Хоць бы галаву павярнуў, падла! Гэта ж дзякаваць богу, што ў мяне тармазы добрыя, размазаў бы я цябе па асфальце…
Ён крычаў і цягнуў, падымаў Жураўскага на ногі і абмацваў яго, быццам усё яшчэ не верыў, што той жывы-здаровы, і абтрасаў з яго пыл, а сам аж калаціўся ад перажытага.
— Уставай, браток, уставай, родны, нічога ж не здарылася, ну, трошкі штурхнула, ты ж сам вінаваты…