— Я? — Раманоўскі памяшаў лыжачкай у кубку.— Ведаеце такую казачку: было ў бацькі тры сыны — два разумныя, а трэці… Дык я якраз трэці, самы малодшы. У нас Сцяпан — генерал, ракетчык, дзве акадэміі скончыў, разумнік, якіх мала. Міхась — доктар біялагічных навук, вучоны, кніжак напісаў навуковых цэлую паліцу. А я — шафёр, як часам гавораць — шафяруга.— Ён паціснуў плячыма, быццам сам дзівіўся, што гэтак непадобны на сваіх выдатных братоў.— Ліха яго ведае чаму, але за парту мяне і калом было не загнаць. Браты грыэлі навуку, як арэхі, іхнімі граматамі і дыпломамі можна кватэру паклеіць замест шпалераў, а мяне ледзь выпхнулі з восьмага класа. Скажу вам па шчырасці, што я і восьмы не агораў бы, каб настаўнікам не абрыдла са мной важдацца. Колькі я з іх крыві папіў, успомніць страшна.— Ён выцер папяровай сурвэткай губы, таргануў за вузел гальштука.— Ну, не ведаю… Я ж ужо ладны кавалак жыцця пражыў, і не дэбіл які і не дурань, не горшы за іншых людзей, але што ж ты са мной зробіш, калі не лезе навука ў маю галаву, хоць ты яе гвалтам пхай. 3 маленства больш цягнула нешта рукамі зрабіць, вечна ў гаражы ды ў школьнай майстэрні ашываўся. Я самы складаны рухавік з заплюшчанымі вачыма разбяру і збяру, я на слых чую, што з ім робіцца, дзе яму што баліць, да мяне нашы інжынеры кансультавацца ходзяць, не саромеюцца, а тэарэма Піфагора яшчэ і сёння — вышыня недасягальная. А шафёр я добры, вы не думайце, машына ў мяне заўсёды як лялечка, і фотакартка на Дошцы гонару вісіць, аж выгарала. Дальнабойшчык, так нас называюць. У мяне чэшская «Алка» — вялізная такая фура, вось я і катаюся на ёй па ўсёй краіне.
— А цяпер у адпачынак?
— Ага,— кіўнуў ён.— Ведаеце, якое дзіва: дзе мяне толькі чэрці не насілі! I ў Арктыцы быў, і ў Сібіры, і на Далёкім Усходзе, і на Мангышлаку, куды ваду на верталётах прывозяць, а на Чорным моры — ніколі ў жыцці. Вось першы раз выправадзілі. Наш Міхась, ну, каторы біёлаг, жыве ў Гурзуфе, а працуе ў Нікіцкім батанічным садзе. Прыехаў з сям’ёй да бацькоў на месяц, а мне ключы ад сваёй кватэры аддаў: едзь, браце, хоць пабачыш, якая прыгажосць ёсць на свеце. Адным словам, як абселі мяне — угаварылі, хоць я і ўпіраўся, як бык. Што мне там рабіць, на тым моры, калі я плаваю, як калун? Ды і сумна аднаму…
— Чаго ж вы ляціце без жонкі, без дзяцей? Такія ўмовы — асобная кватэра ў Гурзуфе, а вы… Толькі не кажыце, што вы халасцяк, я проста перастану вас паважаць.
Раманоўскі паставіў свой кубак на сподачак і правёў рукой па твары, быццам сціраючы з яго ўсмешку, і Алачка ўбачыла, як ён зноў акамянеў, стаў жорсткі і суровы.
— Мая жонка памерла тры гады назад.— Іван Уладзіміравіч паляпаў сябе па кішэнях, дастаў цыгарэты, закурыў, прагна глынуў дыму. I раз, і другі…— Я вельмі кахаў яе, ажаніўся васемнаццацігадовым, перад арміяй, а ёй яшчэ і семнаццаці не было, нас ледзьве распісалі. Толькі таму, што яна ўжо чакала дзіця. А дзіця памерла на чацвёртым месяцы, я ўжо служыў, дзяўчынка, Галінкай назвалі, Галачкай. Крупознае запаленне лёгкіх… У такога немаўляці крупознае запаленне…— Ён адвярнуўся, пэўна, каб Алачка не бачыла яго твару,— Мяне адпусцілі на дзесяць дзён, а што тыя дзесяць дзён… Тамара пластом ляжала, як яна сама выжыла, як я тую армію даслужыў… Не ведаю. Відаць, маладосць… толькі маладосць… Цяпер дык я сам звар’яцеў бы ад гора.— Раманоўскі дасмактаў сваю цыгарку і прыкурыў ад яе новую.— Не ведаю, чаму я вамі усё гэта расказваю, я нікому пра гэта не расказваў, відаць, чалавеку трэба некалі паспавядацца, аблегчыць душу. Папы і ксяндзы разумелі людзей куды больш за нашых гарлапанаў-агітатараў. Яны адно ведаюць: давай, шуруй-укалвай! А што ў цябе на душы, каму якая справа, абы паказчыкі высокія: тона-кіламетры, эканомія гаручага, мотарасурсу…
Ён прынёс свежай кавы, паставіў кубкі на столік.
— Потым у нас доўга не было дзяцей. Тамара цяжка захварэла. Панкрэатыт… паскудная штука. Лекі, дыета, дыета, лекі… Гадоў дзесяць я кожнае лета вазіў яе ў Жалезнаводск, баяўся адну адпускаць, вельмі яна была слабенькая, кволая. Там ёй рабілася трохі лепш, вада памагала, ванны, гразі, але… Урачы забаранілі ёй радзіць, баяліся, што не вытрывае. А яна нарадзіла мне сына, Валодзю,— мы ўсіх сваіх першынцаў назвалі Валодзямі, у гонар бацькі,— і Сцяпан, і Міхась, і я. Усё гаварыла: не стане мяне, дзіця застанецца, усё табе не так горка будзе. Ну, вось і ўсё. Валодзьку ўжо сёмы год, сёлета пойдзе ў першы клас. Мужык… Я вельмі хацеў узяць яго з сабой на мора, маці не дала. Яна мне яго наогул не давярае, баіцца, што сапсую хлопца, распешчу; вельмі я яго люблю. Кажа: пройдзе час, ажэнішся, пабачу, што добрую жанчыну ўзяў, здолее яму матку замяніць,— аддам, а не — сама буду глядзець, пакуль жывая.— Іван Уладзіміравіч зноў усміхнуўся.— Яна ў нас — камандзірша, з ёю не паспрачаешся.
— Даруйце,— сказала Алачка.— Даруйце, што растрывожыла вас.
— Ды што там…— Іван Уладзіміравіч адкінуў з вачэй сваю грыву.— А вы куды ляціце, прабачце за нясціпласць? Таксама ў адпачынак?
— Ага. У Ялту.
— Па пуцёўцы?
Алачка засмяялася.