— Ідзі ў аўтамеханікі,— неяк сказаў ён.— Урачоў хапае, і добрых і дрэнных, а вось аўтамеханікаў — кот наплакаў. На бліжэйшыя дваццаць-трыццаць год самая дэфіцытная прафесія. Чаму? Дык жа казе зразумелаі Гэткі завод запусцілі! Гігант! Мільён машын у год. Сёння мільён, заўтра мільён, паслязаўтра мільён… Ты хоць уяўляеш, што гэта такое? А машына, якая б яна ні была выдатная, праз нейкі час ламаецца. Асабліва такая складаная машына, як аўтамабіль. Каштуе яна дорага, паламаецца — не выкінеш і новую не купіш, будзеш рамантаваць. А з рамонтам у нас яшчэ вой-ёй-ёй! Ні станцый не хапае, ні запасных частак… А галоўнае — майстроў. Добры майстар — на вагу золата. Ты паглядзі, хто на ВАЗе працуе! Учарашнія хлапчукі. А перад імі прафесары з акадэмікамі шапкі здымаюць: Ванечка, памажы, Пецечка, выручы! Не кожны ўрач мае свайго «жыгулёнка», далёка не кожны, а аўтаслесар — кожны. Бо ў яго, акрамя зарплаты, штодня навар. Ды яшчэ які! Не просіць, не вымагае — самі нясуць і дзякуй гавораць. Сёння добры аўтаслесар — нават не механік! — кароль. Усё можа: імпартныя транты дастаць, дыван шыкоўны, пуцёўку ў найлепшы санаторый, дэфіцытныя лекі… А ў цябе здольнасці да гэтай справы. Рукі разумныя. Папрацуеш са мной, кузавы рамантаваць навучышся — за адзін вечар заробіш, колькі ўрач за месяц.
Сяргей слухаў і разумеў, што Акімаў мае рацыю. Сапраўды, смешнае становішча. Прыязджаюць здаровыя мужыкі: Сцяпанавіч, ратуй! А там усёй работы — паўгадзіны з ключом папоркацца. Адкуль столькі бязрукіх? Інжынеры, будаўнікі, вучоныя, а ўласная машына для іх — тайна за сямю пячаткамі. Хаця што там, здаецца, складанага? Элементарны рухавік унутранага згарання, пастаўлены на колы і аздоблены пафарбаванай бляхай…
Неўзабаве Акімаў даў яму сто рублёў..
— Што гэта? — здзівіўся Сяргей.
— Твая доля,— адказаў Мікалай Сцяпанавіч.— Бяры, бяры, зарабіў.
Якая гэта асалода — мець свае грошы. Хто не памятае са свайго юнацтва, як сорамна, прыкра было прасіць у маці ці ў бацькі рубель на кіно, на марожанае, на пляшку ліманаду… Так, так, жылі бедна, цяжка… Адна справа прасіць, ведаючы, што грошы ў хаце ёсць, і зусім іншая — калі іх няма. Няма, толькі на самае неабходнае… I ніхто не можа і не хоча зразумець, што для цябе два білеты ў кіно або на танцы куда важней за бохан хлеба: ты згодзен лепш дзень-два пагаладаць, чым адчуць пагарду, знявагу ў голасе той, адзінай, на якой клінам сышоўся белы свет… Колькі горкіх нябачных слёз праліта з-за пакамечанага рубля, колькі страшных злачынстваў з ім звязана!
Ні на кіно, ні на дыскатэку Ірына Мікалаеўна сыну грошай не шкадавала. Давала, нават не чакаючы, пакуль папросіць. Але хіба параўнаеш тыя матчыны рублі і траячкі са сваімі?! Са сваімі, не ўкрадзенымі, не выпрашанымі — заробленымі сваімі рукамі! Памацайце, якія мазалі на далонях! Як пятакі. Два гады займаўся боксам, рэкі поту цяклі на кожнай трэніроўцы, а мазалёў не было. А ўсяго за два тыдні і з’явіліся, і палопаліся, і зацвярдзелі. Засунеш руку ў кішэню, намацаеш дзесяць чырвоненькіх паперак — і быццам вышэйшы ростам робішся. Чалавек!
Сяргей звадзіў усю сваю кампанію ў маладзёжнае кафэ. Андрэй Жураўскі, Лідачка Нячай, Генка Мароз і Светка Сінічкіна танцавалі, елі марожанае, пілі кактэйлі і паглядалі на Сяргея так, быццам той абрабаваў дзяржаўны банк, і яму гэта было прыемна. Толькі Вераніка, напэўна, ведала, адкуль у яго грошы, а можа, гэта проста не цікавіла яе: у Левуса і яго сяброў грошай звычайна былі поўныя кішэні…
Цяпер адразу ж пасля заняткаў Сяргей спяшаўся ў гараж да Ахімава. Калі работа была тэрміновая, уцякаў з апошніх урокаў. На падрыхтоўку дамашніх заданняў часу амаль не заставалася. Настаўнікі па інерцыі ставілі яму тройкі і чацвёркі, хоць Сяргей адчуваў, што да двоек зусім недалёка. Гэта не засмучала яго.
Усё складвалася — лепей не прыдумаеш. Каб не мама. Каб не яе незразумелая жорсткасць. Не ганебнае бессаромнае двудушша…
…Сяргей выбег на двор — зашыцца куды-небудзь, дзе цямней, супакоіцца, падумаць, што рабіць далей… I ўбачыў каля пад’езда жоўтыя «Жыгулі» Левуса. Спыніўся як утрапёны, нібы нейкае страшыдла з дзіцячых казак убачыў. Тахнула і абарвалася сэрца. Шалёная злосць, як цёмная вада, падступіла да горла. Каб у яго было шыла, ён прапароў бы гэтым «Жыгулям» колы. Каб пад рукамі быў камень, патрушчыў бы шкло. Але ў яго нічога не было. А найбольш — часу. Ён думаў, спадзяваўся, што былы трэнер Нікі назаўсёды знік з іхняга жыцця. Утапіўся, памёр, разбіўся на машыне… А ён — вось ён, заявіўся, як да сябе дамоў. Ах ты, падонак! Як Ніка яго сустрэла? Плюнула ў твар і пайшла ў свой пакой?.. А можа, ухапіўся Сяргей за выратавальную думку, Левус прыехаў па нейкіх справах да Мікалая Сцяпанавіча?