Сяргей вярнуўся ў пад’езд, у два скачкі падняўся на першы паверх, ірвануў на сябе дзверы ў кватэру Акімавых. Зайшоў, адчуваючы, як цяжка б’ецца ў скронях кроў. Тое, што ён убачыў, уразіла хлопца ў самае сэрца. Левус разваліўся ў мяккім крэсле, закінуўшы нагу на нагу. Ніка, амаль голая, у нейлонавых трусіках, ліфчыку і белых басаножках, стаяла перад акрытай шафай і заклапочана перабірала сукенкі — відаць, не магла рашыць, якую надзець. Левус нахабна разглядаў яе, пыхкаў цыгаркай, і па твары яго блукала сытая паблажлівая ўсмешка.
Сціснуўшы кулакі, Сяргей кінуўся на трэнера. Усю сваю нянавісць, увесь адчай уклаў ён у гэты ўдар — каб на месцы Арнольда Уладзіслававіча сядзеў хто іншы, забіў бы. Але рэакцыя ў Левуса была што трэба: у апошнюю долю секунды ён паспеў адхіліцца. Кулак толькі па скуле слізгануў, а сам Сяргей ад моцнага стрэчнага ўдару адляцеў да дзвярэй. Падхапіўся, яшчэ не адчуваючы болю, гатовы біцца з гэтай гадзінай да апошняга дыхання, але паміж Левусам, які прыціскаў да твару белую хусцінку, і ім ужо стаяла Ніка. Прыжмураныя вочы яе гарэлі, як у кошкі. У іх не было ні сораму, ні страху, ні роспачы — нічога, акрамя сляпой злосці.
— Вон адсюль! — пырскаючы слінай, прашыпела Ніка.— Ах ты, смаркач!
Яна ўперлася рукамі Сяргею ў грудзі, выпхнула яго, зламанага, растаптанага, знішчанага гэтай пагардай, на лесвічную пляцоўку і шчоўкнула замком.
Сяргей выцер рукой кроў з разбітага твару і пабрыў у ноч. I няшчасней за яго не было чалавека ва ўсім белым свеце.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
1
Нехта ратаваў Жураўскага. Нехта прабіваў штольню, каб выцягнуць яго на волю. Яго ці тое, што ад яго засталося,— яшчэ жывы камяк болю і адчаю. Нават праз каменнае забыццё ён чуў, як скрыгаталі бульдозеры, разграбаючы снегавыя завалы, як з ціхім шоргатам угрызаліся ў снег рыддёўкі выратавальнікаў. А можа, гэта толькі мроілася яму, пакуль ён ляжаў у здранцвенні? Не, ён выразна ўбачыў у глыбіні штольні светлую кропку.
Яна павялічяалася, расла, у яе ўплыў спалоханы твар Валянціны са зблытанымі, збітымі ў шапку валасамі на галаве і азызлы, як бохан нявыпечанага хлеба, твар доктара ў белым халаце і белай кухарскай шапачцы. Доктар трымаў яго за руку і бязгучна плямкаў вуснамі: пэўна, лічыў пульс.
— Ну, вось мы і ачомаліся,— перахапіўшы яго позірк, з задавальненнем сказаў доктар і павярнуўся да Валянціны.— Я ж вам гаварыў: нічога страшнага. Мазгавы спазм і глыбокая непрытомнасць. Відаць, у нас былі нейкія непрыемнасці, га? Відаць, вы перажылі тое, што цяпер называюць стрэсам, вось яно і дало такую рэакцыю. Заўтра выклічце ўчастковага ўрача, ён вам выпіша бюлетэнь. Паляжыце некалькі дзён, адпачнеце, і ўсё будзе добра.
Доктар устаў, і Жураўскі заўважыў за яго спіной медсястру: яна скручвала шнуры кардыёграфа, збірала ў металічную каробку шпрыцы. Разам з Валянцінай яны выйшлі. Ён чуў, як за імі зачыніліся дзверы, як працягла рыпнулі — сто разоў збіраўся змазаць, ды так і не сабраўся! — дзверы ў спальню: пэўна, Валянціна зноў зачынілася там.
А што… нічога страшнага. Не інфаркт, барані божа, не інсульт. Мазгавы спазм і глыбокая непрытомнасць… толькі і таго. Стрэс…
Зайшоў Андрэй.
— Ну і напалохаў ты нас, бацька! Што з табой?
— Глупства,— адказаў Арсен Міхайлавіч.— Вось што, Андрэй: закажы мне таксі. На чатыры трыццаць раніцы. Калі папытаюць, куды ехаць, адкажы — у аэрапорт.
— Ты чуў, што сказаў урач? Я не хачу быць тваім забойцам.
Арсен Міхайлавіч сумна ўсміхнуўся.
— Я здаровы, як конь, сынок, нічога са мной не здарыцца… да самай смерці. Ідзі, прашу цябе.
— Што за спешка? Куды ты ляціш? У адпачынак? Ты ж нікуды не збіраўся?
— Вечарам я вярнуся,— цераз сілу прагаварыў Арсен Міхайлавіч.— У крайнім выпадку — заўтра раніцай. Выключы святло, сынок, і ідзі пазвані. Я трохі паляжу.
Андрэй павярнуў выключальнік і выйшаў. Праз прачыненыя дзверы Жураўскі чуў, як ён круціў дыск тэлефона, як называў дыспетчару іхні адрас.
— Усё ў парадку,— Андрэй зазірнуў у кабінет.— У чатыры трыццаць пазвоняць. Можа, прынесці чаю або яшчэ чаго?
Арсен Міхайлавіч заплюшчыў вочы і пакруціў галавой: нічога не трэба.
— Калі што, гукні, я пачую.
А не такі ён і дрэнны хлопец, падумаў Жураўскі. А што эгаіст… усе яны цяпер такія. Век спажывецтва і абыякавасці…
На індыкатары электроннага будзільніка, што стаяў на стале, як кашачыя вочы, зелянелі лічбы. Пачатак першай. Добра было б гадзіны дзве-тры паспаць, можа, суняўся б шум у галаве, перастала так ціснуць скроні. Але на гэта не варта і спадзявацца. У лепшы час, здаралася, не спаў да раніцы. Круцішся, круцішся… Лётчыкі гэта называюць «круціць бочку»,— недзе я чытаў. Лётчыкі… Алачка загінула ў аварыі — нешта адбылося з самалётам. «Ту-134», семдзесят чатыры пасажыры, чатыры чалавекі экіпажа, дзве-тры сцюардэсы, або бортправадніцы, як іх яшчэ называюць. Восемдзесят душ. А загінула яна адна, дзед гаварыў — адна. Чаму з васьмідзесяці чалавек смерць упадабала менавіта яе? Што гэта — лёс? Сляпы выпадак? Уласная неасцярожнасць?.. Хто яго ведае.