Яна праспявала тады «Салаўя» і «Урачыстую песню» Дунаеўскага — дзве свае самыя любімыя рэчы: у педвучылішчы было багата спявачак, але ніхто не адважваўся спаборнічаць з Валянцінай, ніхто і не падступаўся да каларатуры Аляб’ева і Дунаеўскага,— і сышла са сцэны пад выбух воплескаў. Асабліва стараліся Арсен і Лаўрыновіч, у Арсена нават далоні апухлі, так ён пляскаў. А потым былі танцы, хлопцы адцягнулі да сцен крэслы; і яны танцавалі, танцавалі, аж пакуль дзяжурныя выкладчыкі не пачалі гасіць святло, і Арсен асцярожна падтрымліваў яе і дыхаў у вуха. Узбуджаны, зачараваны, ён нагадваў вераб’я ў веснавой лужыне, і Валянціне было смешна ад гэтага яго падабенства, але адначасова сэрца яе поўнілася пяшчотай і салодкім болем. А потым яны выйшлі ў дворык, густа абсаджаны дрэвамі; голыя дрэвы мерзлі пад халодным ветрам; дворык быў завалены пульхным бялюткім — ніводнага следу навокал — снегам: на дварэ мяло. Арсен крыху патаптаўся каля яе, пасля раптам прыгнуўся і пачаў выкалупліваць снег з чаравіка: падлога ў зале была няроўная, сукаватая, а ён, бедны, так стараўся, з такім імпэтам танцаваў, што пракруціў у падэшвах дзіркі, і заўважыў гэта толькі тады, калі на дварэ стала холадна ў ногі. Ах, як яна тады рагатала з яго, хоць Марыя Якаўлеўна катэгарычна забараняла ёй не тое што рагатаць, нават размаўляць на холадзе, ды што ёй у тую хвіліну была Марыя Якаўлеўна з яе забаронамі! — як яна рагатала, аж у сумёт павалілася ад смеху. Што ж ты будзеш рабіць, бедненькі, як ты даклыпаеш дадому, яшчэ схопіш праз мяне запаленне лёгкіх, пачакай, я папрашу ў нашых хлопцаў, можа, хто мае запасныя чаравікі, які ў цябе памер, відаць, сорак апошні, га? I ён паваліўся ў снег, і моцна абхапіў яе, і прыціснуўся гарачымі вуснамі да яе вуснаў, а яна падхапілася, адштурхнула яго і пабегла ў інтэрнат — у самім будынку педвучылішча пад інтэрнат адвялі чацвёрты паверх, вялізныя класныя пакоі, дзе стаяла па два дзесяткі ложкаў, як у казарме,— а снег кружыў, кружыў над зямлёй, белы і чысты, як мара. Навагодняя ноч… Лепш бы я нагу сабе зламала і праляжала гэту ноч адна ў пустым, як стадола, пакоі; гэта ж з яе, з тае ночы, пачаўся мой шлях на Галгофу. Больш за дваццаць гадоў я брыла па ім, адчуваючы на сваіх плячах, на сэрцы сваім смяротны цяжар крыжа, аж пакуль мяне сёння не распялі на ім.
Месяцаў пяць яны пражылі як у ліхаманцы. Кожны вечар спатканні, кіно, тэатры, бясконцыя, ледзь не да раніцы, размовы. Валянціна яшчэ больш схуднела, часам яна і спала на ўрокак з адкрытымі вачыма; Арсену таксама было нялёгка, ён вучыўся ва універсітэце, на журфаку, на трэцім курсе, не паспяваў рыхтавацца да семінараў, не здаў у тэрмін курсавую — абое ледзь не завалілі летнюю сесію.
Арсен ведаў, што Валіны бацькі загінулі ў Мінску ў вайну, што яна вырасла ў дзіцячым доме, некалькі разоў ён хадзіў з ёю ў той дом — шэрую панылую будыніну ў Сляпянцы; Валянціна вяла там харавы гурток, нешта памагала выхавацелькам. Яна і яго прымусіла расказаць дзецям, як робіцца газета, а потым Арсен нават нарыс у «Чырвоную змену» напісаў пра гэты знешне змрочны, але цёплы і ўтульны дом, дзе добрыя людзі, не шкадуючы сябе, стараліся вярнуць дзяцінства абяздоленым жахлівай вайной дзецям, неяк адагрэць іх зарана агрубелыя сэрцы,— і гэты нарыс яму залічылі за курсавую работу, якую ён так і не зрабіў.
Стыпендыя ў педвучылішчы была маленькая — сто восемдзесят рублёў, хапала іх хіба што на батоны з малаком ды на танныя абеды ў сталоўцы інструментальнага завода, але Арсен хутка заўважыў, што Валянціна даволі добра і апранаецца, хоць дзіцячы дом ужо нічым памагчы ёй не мог. Акрамя той шыкоўнай чорнай сукенкі з бліскаўкамі, у якой ён яе ўпершыню ўбачыў, былі ў яе яшчэ некалькі просценькіх, будзённых, і паліто зялёнае, зусім новае, праўда, «сямісезоннае», як яна сама жартавала, і нават лакіраваныя туфелькі — запаветная дзявочая мара пачатку пяцідзесятых гадоў.
— Як гэта табе ўдаецца жыць на такія капейкі? — неяк не ўтрымаўся, спытаў ён, хоць і разумеў, што пытанне гэта не дужа тактоўнае і можа пакрыўдзіць Валянціну.— У мяне стыпендыя — чатырыста, і ў газетах патроху халтуру, і на радыё, і маці сотню-дзве прысылае кожны месяц, а я ўсё роўна ў хлопцаў на абед страляю. А ты…
— Чаму ж на капейкі? — па ўсмешцы Арсен убачыў, што Валянціна не пакрыўдзілася, і з палёгкай уздыхнуў.— Я ўсе тры гады, як сем класаў скончыла, у рэстаране «Беларусь» вечарамі пасудамыйкай была. Аж пакуль з табою не скруцілася, вольных вечароў не стала. Там жонка матчынага стрыечнага брата галоўным адміністратарам працуе, Левус Аксана Фёдараўна. Вельмі яна мяне шкадуе. Аформіць мяне на работу афіцыйна яна не магла, гады не дазвалялі, ды і наогул — студэнтка, няможна. Пухнуць ад голаду можна, а працаваць няможна… Ну, я так, неафіцыйна… Прыходзіла ў сем гадзін — і да адзінаццаці. А запісвалі на цётку Марылю, кладаўшчыцу. Быццам гэта яна па сумяшчальніцтву. Яна атрымае ў канторы грошы, нясе, смяецца…
— I багата ты так… намывала?..