Аляксей з удзячнасцю пацалаваў маці ў шчаку і пайшоў у яе цесны пакойчык, дзе на сцяне над нікеляваным ложкам з бліскучымі шарамі віселі ў драўляных рамках фотаздымкі ўсёй іхняй радні: цётак, дзядзькоў, стрыечных братоў і сясцёр; некаторых ён ведаў толькі па гэтых здымках, з некаторымі сустракаўся на святы, але ўсе яны, акрамя цёткі Лізаветы, матчынай старэйшай сястры, якая жыла ў Гомелі, на ціхай драўлянай вулачцы каля Сожа, былі далёкія і чужыя яму. Цётку Літавету ён любіў і яшчэ школьнікам, а потым студэнтам часта гасцяваў у яе, купаўся ў Сожы, лавіў вудай плотак і акунёў, бадтяўся па маляўнічым парку. Аляксей лёг спаць на высокі матчын ложак, і яму прыснілася цётка Лізавета, нездарова поўная, у адрозненне ад худзенькай маці, з апухлымі, як калоды, нагамі і старым тварам; і Сож прысніўся яму, з тлумам параходаў і буксіраў, якія валаклі некуды вялізныя баржы, нагружаныя вугалем і шчэбнем, і шырокая — аж да зялёнага хвойніку, паласа пляжа; белы сыпкі пясок аж зіхацеў на сонцы, і якая гэта была асалода — зарыцца ў яго пасля халоднай чыстай вады і адчуваць, як пяшчотна колюць цела пясчынкі… Раніцай ён прачнуўся са святочным адчуваннем, быццам пабыў у сваім дзяцінстве, і адразу сеў пісаць цётцы Лізавеце пісьмо.

Была субота, выхадны, работу ён скончыў і вырашыў адпачыць. Усю раніцу ён пілаваў і сек дровы ў дрывотні пад старой ліпай і адчуваў, як разганяецца па жылах кроў, наліваецца сілай цела. Сякера лёгка ўзлятала над галавой і ледзь не па абух упівалася ў бярозавыя паленні, яны звонка секліся, страляючы тонкімі трэсачкамі, і гэта была сапраўдная мужчынская работа, не тое што вадзіць алоўкам па паперы, і Аляксей радаваўся ёй. А калі ён пераводзіў дух і выціраў рукавом салёны пот з ілба, шалёны пах бэзу кружыў яму галаву.

Пасля снедання маці выправіла яго ў горад купіць каляску: Сярожку трэба дыхаць свежым паветрам, насіць яго на руках нязручна ды і цяжка. Дарэчы, і спаць ён пакуль што будзе ў калясцы, што гэта за работа — класці дзіця на крэсла, яшчэ скрывіць сабе пазваночнік. Аляксей засмяяўся: мне б твае клопаты, мамачка! — але спрачацца не стаў. Усё правільна, дзіцяці патрэбна свежае паветра, ды і трымаць яго на мяккім крэсле шкодна. За ўвесь гэты час ён яшчэ не перакінуўся з Ірынай і двума словамі, ён наогул не заходзіў у свой былы пакой, раз зазірнуў, калі маці папрасіла прынесці з кухні вымытыя пялёнкі; Ірына ляжала, адвярнуўшыся да сцяны, ён нават твару яе не ўбачыў, толькі вадаспад залатых валасоў на падушцы. Не, яму і ў галаву не прыходзіла, што ён можа ажаніцца з гэтай жанчынай, што яе сын стане яго сынам, галоўнай радасцю і ўцехай у жыцці, што яны пражывуць разам амаль семнаццаць шчаслівых год і аднойчы чужы злосны чалавек скажа, што Ірына подла здрадзіла яму. Ён наогул ніяк не звязваў яе жыццё са сваім, яна была непатрэбная яму, як усе астатнія жанчыны, думкі пра ўласную фізічную непаўнацэннасць паспелі пусціць глыбокія карані ў яго сэрцы. Каханне, сям’я, радасць бацькоўства — усё гэта было не для яго, усё гэта поўнасцю замянялася адным-адзіным — работай. «На свете счастья нет, но есть покой и воля» — Аляксей любіў гэтыя пранізлівыя пушкінскія радкі, часам яму здавалася, што яны напісаны спецыяльна для яго. Ён не марыў пра шчасце, але спакой свой і волю быў гатовы абараняць заўсёды. Ды цяпер ён пра гэта не думаў. Хворая бездапаможная жанчына, нашмат маладзейшая за яго, і яе маленькі бездапаможны сын не збіраліся парушаць яго спакой, яны апынуліся ў доме Аляксея воляй выпадку, і раз ужо гэта здарылася, яму было прыемна прадэманстраваць сваю велікадушнасць і шчодрасць, тым больш што асабіста яму гэта анічога, ну, амаль анічога, не каштавала, а няма, відаць, на свеце нічога больш прыемнага, чым быць добрым без асаблівых намаганняў.

Пасмейваючыся са сваіх думак, ён доўга бадзяўся па магазінах выбіраў каляску, пакуль не знайшоў тое што трэба: нікель, блакітная абшыўка, тоўстыя белыя колы, трохкутная бірачка: «Зроблена ў ГДР». Няўжо немцы любяць дзяцей больш, чым мы? Чаму ў іх усё — каляскі, цацкі, адзенне, абутак — усё, што выпускаецца для дзяцей, такое прыгожае, яркае, святочнае, а ў нас часам такое шэрае, сумнае, нязграбнае?.. Што гэта — абыякавасць — усё купяць, што ні дай! — ці нешта іншае, нізкая культура працы, напрыклад? Умеем жа мы будаваць касмічныя караблі, атамныя ледаколы, а як зробім дзіцячую каляску, дык на яе глядзець брыдка. Хоць ты каня запрагай гной вазіць.

Аляксей доўга прастаяў са сваім бліскучым цудам на стаянцы таксі: нават падумаць было страшна, каб везці каляску дадому сваім ходам па людных гарадскіх вуліцах. Ці мала там знаёмых, дык што ж, ад кожнага прымаць віншаванні, кожнаму тлумачыць, што каляска не мае да цябе дачынення, чырванець ад няёмкасці?! Гары ты ясным агнём! Прывёз пад самыя вароты, сабраў у двары, падкаціў пад ганак: на, мамачка, калі табе так хочацца, на большае маёй дабраты ўжо не хопіць!

Перейти на страницу:

Похожие книги