— Не,— разгублена адказаў ён.— На вялікі жаль… Прабачце, мы ніколі не трымалі кватарантаў. Хатка такая маленькая…

Ён падумаў, што ёй гэта маленькая хатка, напэўна, здаецца сапраўдным палацам, і міжволі пачырванеў: ах ты, ханжа няшчасны, як жа табе не сорамна! Два покоі, кухня метраў на восем, сенцы — маленькая…

— Што ж, шкада,— сказала яна.— Тады, можа, вы мне дазволіце перапавіць малога? Ён зусім прамок, хоць бы не прастудзіўся.

— Калі ласка,— адказаў Аляксей і згроб з канапы свае кніжкі.— Вось тут…

Ірына, пахістваючыся, прайшла цераз пакой, паклала дзіця на канапу. Ён пераставіў крэсла і, каб не бянтэжыць яе, паспрабаваў зноў паглыбіцца ў свае падлікі, але лічбы блыталіся, утваралі нейкія неверагодныя камбінацыі. Дзіцячы плач за спінай змоўк, пачулася ціхае сапенне і чмоканне. Аляксей пашкадаваў, што маці на дзяжурстве, яна лёгка і проста знайшла б выйсце з гэтай непрыемнай сітуацыі. Вядома, спасылка на тое, што хата маленькая,— глупства. Проста ў іх няма ніякай патрэбы трымаць кватарантку, ды яшчэ такую… з грудным дзіцем. Шкада жанчыну, якой у такім становішчы трэба некуды ісці на ноч гледзячы, але ж свет вялікі, усіх не пашкадуеш. Яму трэба працаваць, вось што галоўнае, трэба заканчваць дысертацыю, а ён ужо так стаміўся, што нават галёканне хлапчукоў, якія ганялі мяч на вуліцы, выклікала ў яго прыступы галаўнога болю, не хапала яму яшчэ піску малога. Потым ён нечакана знайшоў памылку ў сваіх падліках, захапіўся работай і проста забыўся на сваю нечаканую госцю. Абудзіўся ён ад стуку, павярнуўся і ўбачыў, што жанчына звалілася з канапы і ляжыць на падлозе. Аляксей кінуўся да яе. Так і ёсць: самлела. Паклаў руку на лоб, лоб гарачы, тэмпература, пэўна, пад сорак. Намацаў пульс. Пульс быў як тоненькая нітачка — вось-вось абарвецца. Жанчына дыхала цяжка, перарывіста, дыханне павярхоўнае, хрыплае. «Тыповае запаленне лёгкіх,— падумаў ён.— Што рабіць? Выклікаць «хуткую дапамогу»? А куды ж тады дзіця? Хутчэй бы прыйшла мама!»

Аляксей кіпяціў шпрыц, калі маці вярнулася з дзяжурства. Яна здзіўлена паглядзела на сына, на маладую жанчыну. Аляксей перанёс дзіця на крэсла: накормленае, перапавітае, яно цяпер соладка спала там, а жанчыну паклаў на канапу і накрыў коўдрай. Маці ўсё зразумела з першым жа слоў і спакойна, без мітусні ўзялася за работу. Выгнала Аляксея ў свой пакой, распранула Ірыну, зрабіла ўкол, каб збіць тэмпературу і стымуляваць сардэчную дзейнасць, потым пайшла на кухню варыць манную кашу, каб было чым накарміць дзіця, калі яно прачнецца.

Ноччу жанчына трызніла. Маці цярпліва сядзела каля яе, як некалі сядзела каля бацькі, як з дня ў дзень сядзела каля хворых у сваім хірургічным аддзяленні: выцірала лоб, змочвала вусны, праз кожныя чатыры гадзіны рабіла ўкол, калыхала малога, мяняла яму пялёнкі. Яна разабрала клуначак, з якім прыйшла Ірына, і перамыла ўсе пялёнкі і распашонкі — Аляксей аж разгубіўся, калі зазірнуў на кухню і ўбачыў там цэлую выстаўку дзіцячых рэчаў. Нешта цёплае заварушылася ў яго душы, цёплае і горкае адначасова: ён ужо ведаў, што не дадзена яму лёсам гэтага шчасця — купляць свайму дзіцяці такія вось пялётскі-распашонкі, насіць яго на руках, рабіць «казу», назіраць, як немаўлятка ператвараецца ў чалавека, але ўпершыню туга па гэтым немагчымым шчасці балюча апякла яму сэрца.

Чумакоў ажаніўся на пятым курсе з аднакурсніцай Марынай Пракопчык, чырванашчокай вясёлай таўстухай. Дзяўчаты марылі сябе голадам, каб пахудзець, набыць «фігуру», Марына ела пірожныя і шакаладныя цукеркі і рагатала: «Добрага чалавека павінна быць многа!» У яе быў невычэрпны зарад аптымізму: нават двойка на экзамене не магла сапсаваць настрой. «Гэткая бяда,— абыякава паціскала Марына плячыма,— праз тыдзень пераздам на пяцёрку». I пераздавала.

Яны былі шчаслівыя амаль два гады. Пасля заканчэння інстытута абое пайшлі працаваць у анкалогію, Аляксею абяцалі праз нейкі час месца ў аспірантуры. Жылі дружна, весела. Маці не магла нарадавацца на нявестку: урач, а такая ж руплівая, гаспадарлівая. У хаце прыбярэ, абед згатуе, усё перамые, перапрасуе…

— Адпачыла б лепей,— гаварыла Галіна Аўдзееўна.— Я сама што трэба зраблю.

— Няможна мне лішняе адпачываць, мама,— смяялася Марына,— зусім разнясе. Мне рухацца трэба. У нас з Алёшкам пяцёра дзяцей будзе, не менш, а за імі ж пабегаць прыйдзецца, пакуль на ногі паставіш.

Яна вельмі любіла дзяцей, сама вырасла ў вялікай і дружнай сям’і, сярод братоў і сясцёр, і не разумела тых, у каго было толькі па аднаму дзіцяці. Глупства гэта, чым бы яно ні прыкрывалася, і эгаізм. Як жыць дзіцяці без братоў і сясцёр, ці мала што можа здарыцца ў жыцці, а яму, аднаму, і галаву не будзе дзе прытуліць, і душу адагрэць. Не, тут не пра сябе трэба думаць — лёгка табе будзе жыць ці трохі цяжэй, пакуль падрастуць дзеці, а пра іх — як ім будзе жыцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги