Дадому ён вярнуўся позна, затрымаўся ў эксперыментальнай аперацыйнай: зноў і зноў адпрацоўваў на сабаках метады ўнутрывеннага ўвядзення прэпарата. Дзіця і Ірына спалі, маці сказала яму, што тэмпературу ўдалося трохі збіць, хворая адчувае сябе лепей, больш не трызніць, але вельмі слабая. Вячэралі, як звычайна, удваіх на кухні. Яна зноў, як карабель сцягамі, была ўпрыгожана дзіцячымі рэчамі. Аляксей заўважыў, што іх стала куды болей, чым учора. Маці перахапіла яго позірк і ўсміхнулася: паслала суседку сёе-тое купіць, маладая кабета пакінула свой чамадан у камеры захоўвання, не бегчы ж мне ў тую камеру… Пакуль Аляксей вячэраў, маці расказала яму, што жанчыну завуць Ірынай Мікалаеўнай Бурачэўскай, а хлопчыка Сярожам (Аляксей яшчэ не ведаў, што гэта — хлопчык, чамусьці навіна ўзрадавала яго, хоць ён і пастараўся не паказаць выгляду), што яна — студэнтка другога курса філалагічнага факультэта педінстытута. Коратка пераказала яму Ірыніну гісторыю: спакусіў нейкі нягоднік-аспірант, а калі зацяжарала, кінуў; выселілі з інтэрната, абвінавацілі ў разбэшчанасці,— адмовілася сказаць, ад каго чакае дзіця (як быццам гэта магло нешта змяніць!); заўчасныя роды, два месяцы ў бальніцы, затым трохі пажыла ў сяброўкі па курсе. А тут да сяброўкі жаніх прыехаў, пакой адзін, што ж ты будзеш рабіць… Пайшла шукаць які куток, тры дні хадзіла; як убачаць, што з дзіцем,— ніхто браць не хоча, начавала на вакзале, пялёнкі на сабе сушыла, вакол цела абгортвала, відаць, прастудзілася… Бацька загінуў на вайне; недзе ў Нароўлі жыве маці з другім ці то з трэцім мужам, там Ірына нікому не патрэбна, ды і сорамна вяртацца туды, дзе цябе ведалі. Хоча перайсці на завочнае і ўладкавацца на работу ў дзіцячы садзік, каб быў дагледжаны малы…

— Дзевятнаццаць год, а ўжо столькі гора паспытала,— уздыхнула маці.— Прыгожая… Памыла сёння галаву, валасы расчасала — такія залатыя, аж быццам у хаце святлей стала… Багатыя валасы… А хлапчанё — я яшчэ такіх і не бачыла. Моцненькі, чысценькі, што табе грыбок-баравічок. А вочкі сіненькія-сіненькія…

Яны сядзелі на кухні і ціхенька размаўлялі, праўду кажучы, гаварыла толькі маці, а Аляксей слухаў і маленькімі глыткамі адпіваў гарачы духмяны чай. А за тонкай перагародкай, што аддзяляла кухню ад пакоя, спалі маладая прыгожая жанчына з багатымі залатымі валасамі і яе сінявокі сын — як падарунак гаспадарам за ўсе пакуты, што яны паспелі зведаць у жыцці.

Ірына папраўлялася цяжка, доўга — надта ж знясілела і аслабела. Гэта было шчасце, што яна трапіла ў дом да ўрача і вопытнай медыцынскай сястры. Яе трэба было не вылечыць, а выхадзіць, ніякія лекі не памаглі б, каб не клапатлівыя рукі Галіны Аўдзееўны, каб не свежыя наварыстыя булёны, якія яна сілком прымушала хворую есці, не вясковае малако, па якое кожную раніцу ездзіла на Камароўку, не мёд і масла, не добрае, спагадлівае слова,— умела Аляксеева маці выходжваць хворых, нездарма ёй заўсёды даручалі ў бальніцы самых цяжкіх, самых безнадзейных…

…Аляксей Пятровіч нечакана злавіў сябе на думцы, што ў той час маці яшчэ была ж зусім маладая, ёй толькі-толькі споўнілася сорак восем, на тры гады болей, чым яму цяпер; у яе яшчэ па-маладому блішчалі вочы і смех быў звонкі і радасны, і рухалася яна па кватэры лёгка, імкліва, і ніколі не скардзілася, што ёй нешта баліць. Так, у яе пасівелі некалі чорныя валасы, і глыбокія маршчынкі залеглі ў куточках пабляклых вуснаў, і скура на руках страціла сваю свежасць, але ці варта было гэтаму дзівіцца… Маці засталася ўдавой у трыццаць пяць, яна яшчэ магла кахаць, раджаць дзяцей, быць шчаслівай тым самым ціхім і поўным шчасцем, якое не дае жанчыне заўчасна старэць; яна і так была малайцом, што не паддавалася разбуральнай рабоце часу.

— Ідзі, сынок, спаць у мой пакой,— сказала маці, калі ён закончыў вячэраць.— Я табе там і пасцель паслала, і ўсе кнігі твае перанесла. А я лягу з імі на раскладушцы.

Перейти на страницу:

Похожие книги