Калі амаль праз два гады яны пераканаліся, што ў іх ніколі не будзе дзяцей, для Марыны гэта была сапраўдная трагедыя. Яна ўгаварыла Аляксея, што ім трэба праверыцца. Урачы самі, яны разумелі, што саромецца тут няма чаго, што, магчыма, медыцына яшчэ здольная ім памагчы: абое ж такія маладыя, такія здаровыя.
Прафесар Ліхтаровіч, які займаўся імі некалькі месяцаў, урэшце бездапаможна развёў рукамі.
— Я ў роспачы, дарагія калегі. Вы — абсалютна нармальныя людзі, але, на вялікі жаль, дзяцей у вас, відаць, не будзе. Гэта нейкі незразумелы выпадак біялагічнай несумяшчальнасці; за доўгія гады практыкі я сутыкаюся з такой з’явай упершыню. Усё гэта патрабуе самага сур’ёзнага вывучэння, вынікі могуць быць вельмі цікавыя, але я вельмі сумняваюся, што вы згодзіцеся быць, так сказаць, аб’ектамі для навуковых назіранняў. Дужа інтымная сфера, каб пускаць назіральнікаў, нават калі мэты самыя высакародныя. Адзінае, што я вам магу сказаць пэўна — жывіце на здароўе, ніякіх радасцей лёс вас не пазбавіў, акрамя адной: калі вам хочацца, каб род ваш на вас не спыніўся, дык вам лепш разысціся, пакуль не позна, і паспрабаваць завесці новыя сем’і.
Неўзабаве пасля гэтага яны развяліся. Марына плакала, прасіла дараваць, Аляксей не ведаў — за што, лічыў вінаватым аднаго сябе. Ён быў упэўнены, што Ліхтаровіч проста пашкадаваў яго. Якая к чорту біялагічная несумяшчальнасць, горы кніг перагартаў, нідзе пра такое не пішацца… проста пашкадаваў.
Адразу ж пасля разводу Марына звольнілася з інстытута і паехала да маці на Палессе. У той час, калі Ірына самлела і ўпала на падлогу ў яго пакойчыку, Марына ўжо мела двое падшыванцаў і з гонарам пісала Аляксею, што на гэтым не спыніцца. Дзіўна, але яна яшчэ доўга пісала яму, і ён ніяк не мог зразумець, чытаючы яе пісьмы: што гэта — бестактоўнасць, душэўная слепата ці дзіцячая жорсткасць. Марына быццам помсціла яму, што падманулася ў ім. Як быццам само жыццё ўжо не нанесла яму глыбокую непазбыўную рану…
Застаўшыся адзін, Аляксей увесь аддаўся рабоце. Больш у яго не было таго, што людзі называюць «асабістым жыццём». Аляксей старанна пазбягаў жанчым і кампаній, дзе былі або маглі быць жанчыны. Ён працаваў як утрапёны: клініка, эксперыментальная аперацыйная, бібліятэка… Калегі дзівіліся яго працаздольнасці, зайздросцілі поспехам: навізной матэрыялу, свежасцю думкі, а галоўнае — вынікамі, якія ўжо сталі значным крокам наперад у камбінаваным лячэнні ракавых захворванняў — яго дысертацыя прыцягнула ўвагу буйнейшых радыёхірургаў і радыёлагаў краіны… I толькі маці бязгучна плакала па начах, бачачы праз шчыліну ў дзверы святло ў яго пакоі, выносячы раніцай горы акуркаў і парванай паперы. Яна ведала, што ўсё гэта не зробіць яе сына шчаслівымя і, як кожная маці, ад усяго сэрца зычыла яму найперш не бліскучых поспехаў у навуцы, не славы і пашаны, а звычайнага чалавечага шчасця.
«А можа, гэта яго лёс?» — з надзеяй падумала яна, убачыўшы непрытомную маладую жанчыну на канапе і маленькае дзіця на крэсле,— і ўзялася гэты лёс ратаваць.
Назаўтра раніцай выклікалі тэрапеўта. Ён пацвердзіў дыягназ, які паставіў Аляксей, выпісаў лекі, прапанаваў пакласці хворую ў бальніцу, а дзіця адвезці ў Дом дзіцяці. Аляксей запытальна паглядзеў на маці, яна адмоўна пакруціла сівой галавой: ты — урач, я — медсястра, няўжо мы не справімся са звычайным запаленнем лёгкіх? У мяне дзесяць дзён адгулаў, ды і наогул, як мы будзем жыць, калі выкінем з дому чалавека, які трапіў у бяду?.. Бацька нам гэтага ніколі не дараваў бы.
Аляксей паехаў на работу, пасмейваючыся з матчынага альтруізму, але неяк нязвыкла радасна было ў яго ў той дзень на душы. Ён тлумачыў сабе гэта тым, што нарэшце пайшлі падлікі і за некалькі гадзін удалося зрабіць тое, над чым біўся цэлы тыдзень, але адчуваў, што гэта нешта іншае, чаму яшчэ і назвы няма: проста стракацелі перад вачыма пялёнкі-распашонкі, развешаныя на кухні, абуджалі пачуццё замілавання, якое ён так рашуча спрабаваў выкрасліць са свайго жыцця. Нейкія глупствы лезлі ў галаву, вершы нейкія, і чамусьці хацелася ўсім гаварыць добрыя словы. Чумакоў некалькі разоў лавіў на сабе недаўменныя позіркі супрацоўнікаў, якія прывыклі да яго вечнай засяроджанасці, замкнёнасці, і пасмейваўся: чалавек — заўсёды загадка, вось так, мае даражэнькія! Самая найвялікшая загадка ў сусвеце — чалавек!