К таму часу яна ўжо нічым не нагадвала прыбітую горам хударлявую жанчынку-падлетка, якой яе калісьці ўбачыў Чумакоў. Яна сфармавалася, пакруглела, налілася сілай. Нават пачала кожны чацвер галадаць, каб гэта сіла не так нахабна выпірала з сукенкі. Ледзь прыкметна раскосыя, але ад гэтага яшчэ больш прывабныя вочы яе набылі глыбіню ляснога возера, цёмна-карыя, яны лёгка чарнелі, быццам зацягнутыя хмаркай. Яны маглі быць вясёлымі і сумнымі, уважлівымі, цікаўнымі і холадна-абыякавымі, па-дзіцячы наіўнымі і недаверлівымі, маглі прыцягваць і адштурхоўваць адначасова. Толькі пустымі яны ніколі не былі, у іх заўсёды білася жывая думка — адзінае, што робіць чалавечыя вочы па-сапраўднаму прыгожымі.

Карыя вочы ды яшчэ залатыя, колеру спелай жытнёвай саломы, валасы, якія не пасекліся, не парадзелі з гадамі, а ўсё гэтак жа вольна ліліся па плячах, уменне апранацца модна, але не крыкліва, а наадварот, сціпла, з густам, нязменна прыцягвалі да яе ўвагу. У выдавецтве да яе прыятна ставіліся ўсе, ад дырэктара да прыбіральшчыц. Кіраўніцтва паважала яе за тое, што яна ніколі не лезла ў чужыя справы, утрымлівала бібліятэку ва ўзорным парадку, акуратна выконвала ўсё, што ёй даручалі; жанчыны — таму, што не была такой ужо прыгажуняй, каб выклікаць зайздрасць,— пры жаданні кожная магла знайсці ў яе абліччы процьму недахопаў: вунь і вочы касаватыя, а не так ужо гэта і прыгожа, і клубы шырокія, і занадта ж поўныя грудзі, і таўставатыя ногі, і наогул — адна нага левая, а другая правая; мужчыны — за далікатнасць і пачуццё гумару, за хуткасць, з якой яна знаходзіла любую кнігу, любы даведнік, і яшчэ за тое, што яна ўмела слухаць. Слухаць яна ўмела незвычайна, таленавіта, як гаварыў Чумакоў, уся — увага, уся — цікаўнасць, уся — імкненне зразумець, паспачуваць, усміхнуцца, абурыцца… Яна жыла тым, што чула, і такая гама пачуццяў адбівалася ў гэты час на яе твары, у яе вачах, што гэта не магло не расчуліць.

Ірына доўга і настойліва вучылася слухаць. Студэнтка-завочніца, якая марыла толькі аб тым, каб неяк дапаўзці да запаветнага дыплома, яна доўга адчувала сябе побач з мужам, кандыдатам медыцынскіх навук, шэрай нікчэмнасцю. Ну, пра што яна магла з ім гаварыць? Пра Сярожку? Пра тое, што паварыху ў дзіцячым садзіку, дзе ў той час працавала, злавілі, калі яна выносіла ў вядры з памыямі масла і мяса, запакаваныя ў цэлафанавыя мяшэчкі? Пра тое, што дзве гадзіны выстаяла ў чарзе па апельсіны?.. Ёй не было пра што з ім гаварыць, і яна навучылася слухаць. Кожны вечар яна распытвала яго пра інстытут, пра лабараторыю, пра яго работу, пра тое, чым займаюцца яго сябры. Аляксею Пятровічу была прыемная гэта яе цікаўнасць да таго галоўнага, чым ён жыў, і ён расказваў вечары навылёт, часам не заўважаючы, што яна сама за доўгія гадзіны не сказала ні слова, толькі прасіла растлумачыць той ці іншы тэрмін. Ён злаваўся: «Гэта ж зразумела нават першакурснікам!» — «Медыкам,— спакойна адказвала яна.— А я — філолаг». Ён спахопліваўся і прасіў прабачэння або проста абдымаў яе.

У яе пухла галава ад гэтых лекцый па гісторыі анкалогіі і радыялогіі. Уночы Ірыну мучылі кашмары, але яна не здавалася. Нават вымяркоўвала якую гадзіну, каб прачытаць папулярныя кніжкі, якія Аляксей ёй прыносіў. Паступова яна пачала разумець сутнасць яго работы — пры дапамозе радыёактыўных рэчываў знішчыць злаякасныя клеткі, якія маглі застацца ў арганізме хворага пасля аперацыі або абпраменьвання. Цяпер Ірына магла сачыць за ходам думкі мужа, яго штодзённыя клопаты, расчараванні і ўдачы, яго мары аб новых прэпаратах з большай, чым у ізатопе золата, даўжынёй прабегу зараджаных часцінак сталі для яе не пустым гукам — у адно вуха заляцела, у другое вылецела! — а жыццём, лёсам. Яна ведала прозвішчы ўсіх хворых, якіх ён вёў, ведала іх анамнезы — падрабязныя гісторыі жыцця да пачатку захворвання і развіцця хваробы, гэта давала ёй магчымасць пытацца, цікавіцца, спачуваць чужому гору; застаючыся ўважлівым слухачом, патроху станавіцца субяседнікам. А Аляксей Пятровіч так прывык да гэтага роздуму ўслых, да гэтых штовячэрніх споведзей, што ўжо не мог без іх абысціся. Яе ўвага, яе шчырая зацікаўленасць памагалі яму думаць; часта, прыпыніўшыся на паўслове, ён пачынаў рыцца ў кнігах, у часопісах, рабіць нейкія запісы або проста мераць пакой хуткімі кароткімі крокамі, смалячы цыгарэту за цыгарэтай.

Ён усур’ёз сцвярджаў, што некалькімі сваімі найбольш значнымі працамі, якія прыцягнулі ўвагу буйнейшых радыілагаў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, абавязаны жонцы, яе ўменню слухаць. Яна паблажліва ўсміхалася, але ёй гэта было прыемна.

Перейти на страницу:

Похожие книги