Спачатку яна ўбачыла тое вонкавае, што само кідалася ў вочы,— Жураўскі вельмі непрыгожы. Хударлявы, нязграбны, з доўгімі рукамі і вялікім крывым носам, з нейкай стракатай казлінай бародкай, якая была яму зусім не да твару, і фатаватымі вусікамі. Ён вельмі шмат курыў. Курыў і кашляў, аж заходзіўся ад кашлю, але цыгаркі з рота не выпускаў. Пазней, калі яны пасябравалі, па гэтым кашлі яна пазнавала, што ён на рабоце: сядзела з раніцы ў сваёй бібліятэцы і прыслухоўвалася, калі забухае, захрыпіць у калідоры. Нейкі час Ірына нават думала, што ў яго нешта з лёгкімі, але Жураўскі пераканаў яе, што гэта — кашаль курыльшчыка; на бульбе ён кінуў курыць, не курыў амаль два тыдні, і кашаль сапраўды як рукой зняло. Праўда, больш як на два тыдні яго не хапіла. Варта было ім вярнуцца ў Мінск, як ён ізноў запыхкаў, што паравоз.

Перейти на страницу:

Похожие книги