— Мала, — Алекса з цяжкасцю падбіраў словы, з цяжкасцю вымаўляў іх, — зусім мала. Але даволі, каб яна сказала, што любіць цябе і сына і не хоча, не хоча… ехаць са мною…

— Ехаць? У Полацкае княства? — Абдурахманбек перапытаў гэта, звузіўшы вочы. Бровы яго сышліся ў адну шырокую паласу. — Ты хацеў забраць яе? Пасля таго як яна была жонкай другога? Нарадзіла сына?

— Хацеў. Але пра сына я не ведаў.

Купец прайшоў па пакоі, сеў на мяккія, агромністыя падушкі, паслужліва прынесеныя ўслед за ім. Перад ім адразу ж паставілі разьбяны столік, паклалі на яго паднос з лушчаным міндалем і сасуд з пітвом.

— Як ты трапіў у мой сад? — запытаўся ён.

— Яна пра гэта не ведала, не!.. — зноў, напружваючы ўсе сілы, прашаптаў Алекса. — Я прасіў яе бегчы са мною, але… Але яна не захацела…

Імгненне яны глядзелі прама ў вочы адзін аднаму — і, затуманены болем, пакутаю, погляд палачаніна быў цвёрдым. Адно заставалася яму — памерці, і ён хацеў памерці дастойна, але і смерцю сваёй выратаваць яе… няхай ужо чужую. Чужую…

Твар Абдурахманбека памякчэў, мужчынская самазадаволенасць адбілася ў ім.

— Яна праўда не захацела цябе? — ён паказаў на захутаную постаць, якая па-ранейшаму моўчкі стаяла ля дзвярэй, не выказваючы ні болю, ні хвалявання.

— Не.

Хаця Алекса хацеў сказаць гэта абыякавым голасам, але нешта ў ім самім здрыганулася, і голас на імгненне нібы пераламаўся, зазвінеў горыччу. І гэта, відаць, сапраўды пераканала Абдурахманбека.

— Што ж, калі яна невінавата, то… Ідзі! — сказаў ён жонцы, і тая гэтак жа моўчкі слізганула ў дзверы і знікла. Купец прышчоўкнуў пальцамі, і адзін са стражнікаў тут жа наліў у тонкую белую чашу карычняватага пітва, якое купец прагна выпіў.

— Хто табе памагаў?

— Гэтага не скажу!

— Скажаш!

— Не, купец, не скажу. І ты гэта знаеш.

— Адсюль… дабірацца ўдваіх да Полацака… Без грошай, без каравана… Ты — вар’ят!

Алекса не зразумеў гэтага па-арабску сказанага слова. Купец паўтарыў яго на мове русаў.

— Вашы Меджнун і Лейла — з гэтага ж племені, з племені вар’ятаў, — з цяжкасцю выгаварыў ён нязвыклыя імёны.

— Не, ты… О, ты нарадзіўся пад зоркай Бахрам! Я бачу, ты многае паспеў за той час, пакуль ехаў сюды за Бадзіёй. Мне шкада цябе. Я загадаў забіць служанку, якая не ўгледзела за маёй жонкай. Цябе ж я пакінуў, каб дазнацца, што было між вамі. Хто дапамог, хто ў гэтым горадзе мае ворагі. Але ты і праўда памрэш, ды не скажаш. Ну што ж. Пакуль — жыві.

Ён выпіў яшчэ кубак і падняўся, нешта ціха сказаў вартаўнікам і выйшаў, а Алекса знясілена паваліўся на жорсткі выцвілы дыванок, на якім ляжаў, і ў вачах яго паплылі бляклыя плямы, замільгалі шалёна і рэзка — мёртвы твар Нігмата, чырвоная камізэлька і сіняя кашуля таго з вартаўнікоў, хто стаяў да яго бліжэй за ўсіх…

А ўначы яго разбудзілі мяккія, пахкія жаночыя далоні, што прыкрылі яму рот, і голас Бярозы-Бадзіі прашаптаў:

— Уцякай! Зараз жа. Вартаўнікі адураныя пітвом, яны спяць. Заўтра іх паставяць на дыванок крыві, але няхай гэта будзе ахвярай Перуну, які давядзе цябе да айчыны, Алекса! Уцякай, бо заўтра прыедзе брат мужа, і ты станеш еўнухам у ягоным гарэме.

— Еўнухам?

Алекса ведаў, што гэта такое. Нігмат гаварыў яму пра еўнуха, які ёсць і ў доме Абдурахманбека. Менавіта еўнух павінен быў ісці за Бярозай у сад, але ён захварэў. Можа, гэта якраз і выратавала яму жыццё. Але яму… Алексу… Дык вось што падрыхтаваў яму купец, вось на якіх умовах даруе жыццё! Жыццё, што страшней за смерць, таму што памерці трэба адзін раз, а яму давядзецца паміраць шмат разоў, змагаючыся за жыццё подлае, рабскае, зневажаючае!

— Цябе заб’юць, — прашаптаў ён, але не падняў рук, каб крануць яе. Чужой была ўжо яна, і чужым, хаця і салодка-пахкім, было цела, такое блізкае. Чужая тканіна была на ёй і другім быў круглявы твар з гэтымі наведзенымі чорнымі брывамі. Тая, Бяроза, нібы памерла для яго, а гэтая… нібы яе сястра стаяла перад ім, сваячка, і было ў яго пачуццё прыязнасці і ўдзячнасці, але душа… душа як быццам перагарэла. І не душа, а розум ці гэтае пачуццё ўдзячнасці прымусіла яго сказаць:

— Цябе ж заб’юць. І нашто табе было дапамагаць мне?

— Ціха! — яна закрыла яму рот, але тут жа хуценька адняла рукі. — Вось… Вазьмі.

Яна нешта ўціснула яму ў руку, ён адчуў у пальцах вышыты мяшэчак, ледзь чутна звякнулі манеты.

— Падкупі варту… Ідзі прэч з горада… Ужо шукаюць родзічаў забітых, і кадзі — суддзя — знойдзе іх. А я… Я зараз вярнуся ў лажніцу. Ён спіць…

І вымаўляла словы яна, хаця гаварыла на роднай гаворцы і называла спальню па-свойму — лажніцай, нібы з нейкай чужой гартаннасцю, ужо як бы і мова станавілася цяжкай для яе…

— І гаспадару дала дурману? — ён прыўзнімаўся, але боль перашкаджаў, хвалямі біў у галаву, і хацелася гаварыць дзёрзкасці, хацелася рабіць ёй балюча. Навошта. Ён не змог бы адказаць сабе на гэта, але ў душы была пустэча, і ніхто ў цэлым свеце цяпер не змог бы зразумець і суцешыць хлопца…

Жанчына дапамагла Алексу падняцца, але ён адштурхнуў яе, хістаючыся, выйшаў з пакоя.

Перейти на страницу:

Похожие книги