Алекса схапіў яе за руку, пацягнуў за сабой, да агароджы, дзе вісела вяроўка, а чарнаскуры нявольнік ужо даўно абвязаў і, як нерухомую ляльку, паставіў да дувала тлустую служанку, вочы якой варочаліся, нібы ў злоўленага звера.

Але тут здранцвенне нібы пакінула Бярозу. Яна спынілася:

— Мансур!

Ён не зразумеў, і тады яна паўтарыла гучна, а Нігмат адразу запытаўся:

— Сын?

Яна кіўнула галавой, і ў кароткае імгненне Алекса чамусьці адзначыў, што яна і Нігмат лепей разумеюць адзін аднаго.

Яна спынілася, вырвала руку, вочы яе пашырыліся, заіскрыліся гневам.

— Не! Мой дом тут!

— Тут? Твой дом? — ашаломлена перапытаў Алекса. — Што ты гаворыш? Тут?!

Ён з горыччу матлянуў галавой вакол. Які злы дух зачараваў яе, што яна кажа?! Але жанчына авалодала сабою і, хаця рукі яе дробна дрыжалі, адказала яму гэтак жа гнеўна:

— Ён любіць мяне! І сына!

— Хутчэй! Хутчэй! — ускрыкнуў Нігмат. — Пакінь яе, яна…

Ён не паспеў дагаварыць: проста ў смуглявае, тонкае яго горла ўпілася шырокая чорная страла з раздвоеным драўляным канцом. І, павярнуўшыся ў бок садовай дзверцы, Алекса ўбачыў, як па дарожцы бягуць людзі. Яшчэ адна страла прагудзела побач, ён паспеў прыгнуцца і скочыў да Нігмата, краем вока паспеўшы заўважыць, як агромністымі скачкамі набліжаецца да дувала Юсуф.

Алекса схапіў ужо бязвольнае, цяжкае цела сябра, кінуўся таксама да агароджы, але не паспеў дабегчы да яе і зразумеў, што застаецца толькі адно — дастойна прыняць смерць. Нігмат быў ужо мёртвы — кроў заліла яго горла, і Алекса ведаў, што ад такой раны няма ратунку. Ён апусціў цела на зялёную шчотку травы, выхапіў меч. Знаёмы шал авалодаў ім, і ён нічога не бачыў вакол — ні таго, як некалькі слуг падхапілі беспрытомную Бярозу-Бадзію і панеслі яе ў дом, ні рассечанага амаль напалам Юсуфа. Хлопец біўся, спрактыкаваным позіркам воіна заўважаючы блізкае лязо мяча, і паспяваў амаль няўлоўным рухам нагі выбіць з чужых рук тонкі нож, які падбіраўся да ягонага сэрца. Ён ведаў — нядоўгай будзе гэтая бойка, яму не дадуць уцячы, і ўцячы ён не зможа — але хацелася смерці пачэснай, смерці сапраўднага воіна, і ён біўся, акрываўлены і страшны, аж пакуль з глінянага дувала не прасвісцела тонкая валасяная вяроўка і не захліснула горла, адразу абарваўшы і святло, і мёртвы твар Нігмата з шырока адкрытымі, дакорлівымі вачамі, і чырвоны, ужо зніклы аксаміт жаночага кабата…

Ён ачнуўся ў цёмным скляпенні начы, прастагнаў, паспрабаваў павярнуцца і адразу ж страціў прытомнасць.

Другі раз, калі зноў адкрыў вочы, ярка білася ў закратаванае акно сонца, блішчала жалезная спражка на скураным поясе вартаўніка, які сядзеў непадалёку з другім воем і быў заняты нейкай гульнёй. З намаганнем Алекса ўспомніў, што з ім, толькі не мог зразумець, дзе ён. Ныла і торгалася левае плячо — яно было туга абкручана нечым белым. Белым былі абкручаны і грудзі.

Адзін з вояў, голы, у каляровых шараварах, у ботах з сырамятнай скуры, павярнуў галаву і ўбачыў, што Алекса ачуняў. Ён коратка цмокнуў. Вартаўнікі ўскочылі, з цікаўнасцю разглядаючы палоннага.

Пасля адзін з іх выбег з пакоя і амаль адразу ж вярнуўся з чорнабародым мужчынам у парчовым халаце, перавязаным шаўковай хустай. Галава ў мужчыны была гладка паголеная, мясісты падбародак ільсніўся, на кароткіх, чатырохвугольных, цвёрдых пальцах ззялі і пераліваліся пярсцёнкі з чырвонымі, блакітнымі і зялёнымі каменьчыкамі. Мужчына спыніўся перад ляжачым, стаў, шырока расставіўшы ногі ў ботах з тонкага каляровага саф’яну, і Алекса імгненна, нават не свядомасцю, а толькі памяццю пазнаў яго. І мужчына ўсміхнуўся, адчуўшы, што яго пазналі. Усмешка яго была не падобная да той, якая запомнілася некалі Алексу — яна не была ўгодлівай, яна была спакойнай, жорсткай, і, пакуль ён так стаяў і разглядаў свайго палонніка, на твары Абдурахманбека шырылася яшчэ і задавальненне. Пасля ён дастаў маністы, што былі на Алексу, кінуў пад ногі.

Алекса адчуў ярасць і тузануўся, каб устаць, але плячо пранізаў такі востры, ніколі яшчэ ім не адчуты боль, што ён міжволі застагнаў скрозь сціснутыя зубы. Убачыў, што задавальненне на твары купца стала яшчэ больш заўважным, і адразу сціх. Той нешта скрозь зубы прагаварыў аднаму з нявольнікаў, якія былі у доўгіх сініх кашулях, і адзін з іх прывёў у пакой жанчыну. Твару яе не было відно — на галаве жанчыны пачыналася і амаль да падлогі, закрываючы твар і постаць, цягнулася чорная, падобная на сетку альбо на мяшок тканіна. Тады Алекса, перамагаючы боль, сеў.

— Калі ты замоўчыш хаця адно яго слова, я кіну цябе разам з сынам у зіндан, — сказаў ёй Абдурахманбек, і Алекса зразумеў: Бярозу прывялі, каб дапрошваць яго. Гаспадар, відаць, купляў талмача недзе блізка ля краіны русаў, і цяпер няма каму дапамагчы яму, апроч жонкі.

— Я… сам адкажу… скажу табе, што трэба, — слаба сказаў ён на фарсі, і вочы купца здзіўлена пашырыліся.

— Ты… ты знаеш нашу мову? — хутчэй сцвярджальна, чым запытальна сказаў ён. — Тады скажы мне, колькі часу ты правёў з ёю, — ён паказаў на Бярозу, — сам-насам?

Перейти на страницу:

Похожие книги