Вярнуліся ў сваю роту. Ніхто не спытаў, дзе мы бадзяліся - не да таго было ў сумяціцы неспакойнага, трывожнага дня. Ды і каму было пытацца?.. Дзе нашы камандзіры, афіцэры, такія «баявыя», дасціпныя ў мірны час. Камандзіры ўзводаў, той самы суровы і заўсёды злосны, заўсёды незадаволены камандзір роты Фёдараў, які засядзеўся ў старшых лейтэнантах - не «пайшла» служба. Не бачылі мы іх - ці на нарады яны выклікаліся ў вышэйшыя штабы, ці недзе ў тыле адседжваліся... Толькі камандзір першага ўзвода малодшы лейтэнант Іваннікаў, нядаўні старшына звыштэрміновай службы, прыбягаў іншы раз: «Усё ў парад­ку»? - аддаваў нейкія большай часткай нікому не патрэбныя распараджэнні і зноў знікаў. Салдаты часцей за ўсё былі прадстаўлены самі сабе, дзейнічалі па свайму разумению і сумленню. Нярэдка самі назначалі каравул, ставалі ў яго і змяняліся. Не раз было, што самыя недысцыплінаваныя і адчаянныя паказвалі ўзоры стойкасці і свядомасці, нярэдка - патрыятызму...

Увечары таго дня нас з Дольнікавым пасля таго, як мы не знайшлі водана­порную вежу, Бурдукоўскі накіраваў ахоўваць ваенкамат — каб раптам мясцовыя ўлады не аб’явілі мабілізацыю. Ужо ўпрыцемках заступілі на пост. У ваенкама­це нікога не было, дзверы адчынены - заходзь любы. Навокал цішыня... Цёмна і пуста на ўсёй вуліцы. 3 цемры выскачыў «уазік» маёра Казлоўскага. «Усё ў парадку? Глядзіце пільна. Не спаць!.. Паміраць будзем тут!», - для нечага дадаў ён і ўскочыў у машыну.

Ноч прайшла спакойна, ніхто не з’явіўся, каб абвясціць мабілізацыю... Хоць мы былі змораны раннім пад’ёмам перад выступленнем, бурнымі падзеямі дня, трывогай і перажываннямі, сапраўды, ні Дольнікаў, ні я не звялі, як кажуць, вока за ўсю ноч. А ў Дольнікава ў той дзень быў як раз дзень нараджэння, 20 гадоў. Юбілей сябра мы як змаглі адсвяткавалі ў «падпольных» вайсковых умовах праз некалькі дзён: прыязджала аўталаўка «Ваенторга», і яму ўдалося купіць некалькі флаконаў «Трайнога» адэкалону...

На наступны дзень паступіў загад пакінуць горад, часць выйшла ў поле ў прыгарадзе, кіламетры за два, і атабарылася ў палатках, выставіўшы ўзмоцненыя каравулы. Па краях часовага палявога лагера стаялі танкі. Пад нагамі пожня улетку тут каласілася збажына, побач быў невялікі лясок, у ім па вечарах паказвалі кінафільмы.

Удзень па вуліцах Трэбішава хадзілі нашы патрулі. Як ні дзіўна, некаторыя салдаты завязвалі знаёмствы з гараджанамі, адносіны ўстанаўліваліся іншы раз ледзь не сяброўскія. У лагер увечары прыходзілі дзяўчаты - найбольш цыганкі, якіх шмат жыло ў Трэбішаве, камандзіры праганялі іх... Што ні кажы - свой, славянскі народ, дружалюбны і незласлівы - славакі, чэхі, зрэшты, і цыгане.

У горадзе дыслацыравалася чэхаславацкая вайсковая часць, асабовы састаў якой з нашым прыходам разбегся па дамах, пакінуўшы ўсё узбраенне, тэхніку, ваенную маёмасць. Ды і служылі воіны адной з краін Варшаўскага Дагавору, расказвалі, больш чым дзіўна для нас, савецкіх салдат, якія трымаліся ў рамках жорсткай дысцыпліны і парадку: пяць дзён у тыдзень у казарме, якая поўнілася пустымі бутэлькамі з-пад піва, субота і нядзеля - выхадныя, усе раз’язджаліся па дамах.

Праз некалькі тыдняў да палатачнага гарадка далучылася 8-я рота нашага палка, якою камандаваў капітан Марчук. Гэтая рота размяшчалася побач у ка­зарме яшчэ ў Гродна, у ёй было многа знаёмых, сяброў. Яны расказвалі пра свае дзеянні на чужой зямлі...

У той дзень, калі мы займалі Трэбішаў, Марчук атрымаў загад увайсці ў Пардубіцэ. У гэтым горадзе размяшчаўся тэлевізійны рэтранслятар, увесь дзень 21 жніўня вяліся гнеўныя перадачы: нашы танкі на вуліцах гарадоў, салдаты-захопнікі на іх брані... Тэлеаператар «прычапіўся» да нейкага неахайнага, задрыпанага салдаціка-пехацінца ў расхрыстаным шынялі і ўвесь час не зводзіў з яго аб’ектыў — аўтамат цягнецца ледзь не па зямлі, «вызваліцель» бесперапынна смаркаецца, выцірае нос рукавом шыняля ад локця... Трэба было любымі мерамі спыніць работу тэлецэнтра. Марчук з узводам салдат адцясніў ахову, з аўтаматамі перад сабой яны ўварваліся ў памяшканне. Работнікі тэле­цэнтра на загад спыніць перадачы паціскалі плячыма: «Не разумем», - гэта па-славацку... Дэманстратыўна не звярталі на салдат ніякай увагі, быццам іх і не было, няспешна - багема! - пілі каву. Марчук, адступіўшы да ўваходу, даў чаргу з аўтамата па шэрагу працуючых тэлеэкранаў. Яны ўзрываліся, сыпаліся іскры, успыхваў агонь... Расказвалі, кулі рабілі ў шкле экранаў маленькія дзірачкі і выносілі вонкі з тыльняга боку ўсё складанае начынне апаратуры... Перапалоханы персанал прыціх і пачаў разбягацца, тэлецэнтр спыніў работу.

Перейти на страницу:

Похожие книги