На працягу ўсяго дня рыхтаваліся да ўступлення на чужую зямлю. Давесці тэхніку да ладу часу хапала і раней, а паслухмяныя салдаты, танкісты і мотастралкі, у адправеднасці з прысягаю боегатоўныя заўсёды, палітработнікі не спалі ў шапку... Кожны згодна баявому раскладу атрымаў па два камплекты боепрыпасаў. Мне, гранатамётчыку, было выдадзена шэсць баявых гранат для РПГ-7 і 40 патронаў да 20-зараднага пісталета Стэчкіна, які адпаведна штатнаму распісанню быў у мяне на ўзбраенні. Разам з іншым салдацкім снаражэннем гэта была немалая вага, груз патрабавалася змясціць разам з асабовым саставам узвода ў і без таго вельмі цесным БТР-152, да брані якога ў гарачы летні дзень нельга было дакрануцца... I а чацвёртай гадзіне 21 жніўня прагучаў сігнал трывогі, да якога ўжо ўсе былі гатовыя.

...Ззаду засталіся Ужгарад, Мукачаў, далей - праз славутую Цісу, і ў Чопе - дзяржаўная мяжа... Хвалюючае, незвычайнае адчуванне - калі кожны з нас упершыню апоўдні таго памятнага жнівеньскага дня перасякаў яе: вузкая стужка старанна ўзаранай і забаранаванай глебы, і за ёю — такая ж зямля, але ўжо чужая... І што яна не зусім такая, як па наш, савецкі бок, мы хутка ўпэўніліся. Дарожныя ўказальнікі на іншай, незразумелай мове. Чысціня і парадак на дарогах, ужо да канца дня зруйнаваных танкавымі тракамі, акуратныя вёскі, шырокія, дбайна дагледжаныя палеткі з даспелай кукурузай, месцамі з ужо пасеянай азімінай.

Першыя на шляху населеныя пункты, чыстыя, акуратныя, шматлюдныя - дзеля прыходу савецкіх войск насельніцтва іх, падалося, было ў прыўзнятым, свя­точным настроі. Людзі віталі нашых салдат, іншы раз кідалі ў машыны кветкі, высыпалі кошыкі яблык. На кароткіх прыпынках мужчыны выносілі з піўных куфлі піва, гаварылі: «Не бойся, не атручана!», і самі выпівалі, каб падцвердзіць, глыток-другі, потым пакідалі на брані машын цэлыя рады поўных кружак. Мы ж баяліся — не столькі атруты, як правакацый, аб чым засцерагалі нашы ўсюдыісныя камандзіры, найбольш палітработнікі, і часцей за ўсё адмаўляліся ад пачастунку. Мова славакаў даволі зразумелая, адносіны хутка ўстанаўліваліся дружалюбныя. Так было ў адной, у другой вёсцы — тут людзі памяталі сваё вызваленне Чырвонай Арміяй у не так даўно мінулай вайне, нейкім чынам мелі, напэўна, зносіны з насельніцтвам суседніх вёсак на савецкім баку, ды і вяскоўцы самі па сабе больш простыя людзі, не такія ідыялагізаваныя. Салдаты паўзнімаліся наверх брані, весела адказвалі на прывітанні, частаваліся яблыкамі. Месцамі завязваліся сяброўскія гутаркі.

Наперадзе, кіламетраў за 80 ад дзяржаўнай мяжы, паказаўся гарадок Трэбішаў — невялікі, накшталт нашага райцэнтра, толькі намнога больш чысты, акуратны. Спачатку ніхто не ўцяміў, што да чаго, калі замест кветак у машыну паляцелі камяні. Салдаты пасур’ёзнелі, зніякавелі, не чакаючы каманды, хуценька адзін за другім спаўзлі пад абарону брані. Адзін камень трапіў у лабавое шкло нашай машыны, не прыкрытае абачліва бранявымі жалюзі, за рулём якой сядзеў радавы Шутаў. Звальнення ў запас у тую восень не было, а тэрмін вайсковай службы тады быў тры гады, і ў змрочнага ад гэтай акалічнасці Шутава ішоў ужо чацвёрты... Настроеныя больш агрэсіўна, чым сяляне, гараджане пагрозліва ўздымалі кулакі, у якіх нярэдка былі камяні, з усіх бакоў несліся абураныя воклічы, сэнс якіх потым мы чыталі на самаробных плака­тах, лістоўках: «Акупанты, мы вас не клікалі да сябе!», «Бацька вызваліцель, ты агрэсар!» і іншыя.

...Наступаў вечар. Горад здаваўся вымершым, хоць за кожным крокам нашых салдат, можна было не сумнявацца, з вокнаў сачылі перапалоханыя і абураныя людзі. У другой палове дня намесніку камандзіра ўзвода старшаму сяржанту Бурдукоўскаму, маўкліваму сібіраку з Ангарска, перадалі загад камандзіра роты паставіць каравулы ў банку і ваенкамаце, на пошце, на мосце праз рачулку, што працякала праз горад, у іншых месцах. Мяне з маім сябрам Дольнікавым Бурдукоўскі паслаў ахоўваць воданапорную вежу ў ваколіцы Трэбішава. Дзе яна? Спрабавалі даведацца ў нешматлікіх сустрэчных. «Вунь там, у дзядзіне», - адказвалі нам без ніякай непрыязні. Што та­кое дзядзіна? Потым даведаліся - гэта па-славацку вёска. Да вечара шукалі, так і не дайшлі да яе.

Перейти на страницу:

Похожие книги