Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак — у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і — аж сорамна — прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям’ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап’юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып’ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п’ю, сталі распускаць чуткі, што я хворы на вэнэрычную хваробу. Тым, хто на яе хварэў, забаранялася піць, казалі, што калі п’еш, дык не вылечваешся. Кожны хворы на нейкі час пераставаў піць, і я заўважыў, што людзі думаюць: у мяне гэтая хвароба. Я спадзяваўся, аднак, што гэтая плётка ня дойдзе да Людмілы. Я пачаў пераадольваць дэпрэсію, не заглядаючы ў шклянку, і зь яшчэ большым энтузыязмам наладжваць беларускае нацыянальнае жыцьцё і браць у ім удзел.
Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі.