У красавіку 1942 года я зьезьдзіў з камісарам Траўбам, ягонай жонкай і памочнікамі ў Нямеччыну. Я амаль упэўнены, што ён лічыў мяне добрым хлопцам; я гаварыў па-нямецку, працаваў энэргічна. Ён ведаў таксама, што я беларускі патрыёт і адчуваў, што немцы маглі б выкарыстоўваць мяне лепш. Калі мы ехалі на захад, старыя ўспаміны з палону нахлынулі на мяне. Недзе там, блізка Кёнігсбэргу, куды мы найперш паехалі, знаходзілася вёска Вайзэндорф, у якой я працаваў на нейкага нямецкага селяніна. Калі надарылася пара вольных дзянькоў, я папрасіў у Траўба машыну, каб праехацца. Ён пагадзіўся, і я адразу паехаў у Вайзэндорф. Мне хацелася сустрэцца з Гельгай. Ваеннапалонных у вёсцы больш не было, усё было ціха. Гельга зьдзіўлена адчыніла мне дзьверы. Яна трохі распаўнела, але ў яе былі тыя самыя блакітныя вочы, бялявыя валасы, тыя ж грудзі, тая ж сакавітая дупка. «Гэта ты, Барысе?» — спыталася яна. — «Цябе выпусьцілі?» Я патлумачыў, што я больш не ваеннапалонны, што я свабодны. «А я больш не свабодная,» — адказала яна і паказала мне калыску зь дзіцём. Ейны муж ваяваў на ўсходнім фронце. Ува мне ўсё зьмяшалася, але раптам усё вярнулася, наляцелі ўспаміны пра тую сустрэчу ў клуні, пра тое вострае жаданьне жанчыны, страх быць засьпетым і ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць пасьля таго, як я не наважыўся дакрануцца да яе. «Ты ўсё памятаеш, ты не шкадуеш?» — спыталася яна, паглядзеўшы на мяне так, як глядзела тады. — «Я на цябе не злуюся, я ведаю, што іншым разам табе, магчыма, не ўдалося б уцячы». Яна тады ня выдала мяне. Заставацца я болей ня мог. Я пацалаваў яе ў шчаку, і нешта заварушылася ў мяне ў сярэдзіне. Я хутчэй сеў і паехаў у Кёнігсбэрг.

Пасьля мы паехалі ў Заходнюю Нямеччыну, і там я мог бываць, дзе хацеў. Я заўважыў, што габрэі носяць жоўтую зорку Давіда, а на вопратцы людзей родам з Усходу быў прышыты жоўты знак «OST». І да тых, і да тых ставіліся аднолькава кепска. Я бываў усюды, але найбольш мяне цікавіла, у якіх умовах жылі тыя дабраахвотнікі, што з уласнай волі падрадзіліся працаваць на немцаў. «Добраахвотнікаў» набіралі зь беларускай моладзі ў студзені, лютым і сакавіку, а таксама ў лягеры для ваеннапалонных. Іх вучылі ў прафэсыйных вучэльнях на выкананьне рабочай і дробнай адміністрацыйнай працы. Меркавалася, што яны будуць адбудоўваць заводы і рабіць іншую працу такога кшталту. Неўзабаве я іх спаткаў. Я спыніў аднаго такога чалавека з нашыўкай «OST» і спытаўся, хто ён і скуль ён. Ён па-расейску адказаў мне, што ён дабраахвотнік. Да нас ставяцца горш, чым да палонных, сказаў ён, і паказаў мне жытло, у якім іх трымалі: вялізныя баракі, у якіх людзі спалі на саламяных матрацах. Усе яны былі галодныя, стомленыя, змучаныя. Па 12 - 14 гадзінаў у дзень яны працавалі на чыгунцы, на фабрыках па пашыўцы амуніцыі. Вярнуцца дадому яны не маглі: за ўцёкі пагражала суворая кара. Ва ўсіх працоўных лягерах, якія я наведаў, панавала такая самая галеча, страх, роспач. Калі я быў ваеннапалонным, дык з мной абыходзіліся куды лепш, чым з гэтымі быццам бы свабоднымі людзьмі, якія з добрай ахвоты, самі паехалі ў Нямеччыну, думаючы, што іх там навучаць, зробяць спэцыялістамі, і яны вернуцца ў Беларусь прафэсыяналамі. Бачачы ўсё гэта, я паабяцаў сабе, што буду рабіць усё, каб беларускую моладзь не вывозілі з краіны.

Я купіў у кнігарні кнігу Гітлера «Mein Kampf» (на акупаваных тэрыторыях яе не прадавалі). Цэлы вечар я чытаў яе: Гітлер пісаў пра свае пляны захопу ўсходу, сьцьвярджаючы, што ўсходнеэўрапейскія славяне — гэта гной для нямецкай культуры і што ім нельга дазваляць вучыцца. Гэтыя тэрыторыі плянавалася заваяваць і прымусіць людзей працаваць на нямецкую расу. Цяпер я зразумеў словы барона фон Энгельгарда, зразумеў, чаму ўсе ягоныя намаганьні пайшлі намарна, нягледзячы на немалую падтрымку з структураў узброеных сілаў і з боку палітыкаў, што ведалі трохі ўсходнеэўрапейскую сытуацыю. Цяпер я зразумеў, што толькі Гітлер выракоўваў лёсы кантыненту. Стала ясна, што трэба моцна думаць, перш чым супрацоўнічаць зь немцамі. Немцы не зважалі на карэннае насельніцтва Беларусі, і доказам гэтага служыла рашэньне Гёрынга, які абвесьціў Белавескую пушчу ўласным паляўнічым рэзэрватам, загадаўшы пры гэтым спаліць навакольныя вёскі, каб тутэйшыя жыхары не карысталіся з прыродных багацьцяў пушчы. Пры гэтым загінула шмат дзяцей, жанчын, старых. Ацалелыя схаваліся ў лясох і далучыліся да савецкай партызанкі. І ўсё дзеля таго, каб Гёрынг мог баляваць зь сябрамі і гасьцямі, каб ім было дзе паляваць! Ён распараджаўся непаўторным беларускім лесам, як сваёй бацькаўшчынай.

Калі мы вярталіся ў Наваградак, камісар спытаўся ў мяне пра мае ўражаньні. Я сказаў, што застаўся ў захапленьні ад нямецкай арганізаванасьці, але мне не спадабалася, што работнікаў з усходу разглядаюць як людзей другога гатунку і прымушаюць іх хадзіць з нашыўкамі «OST». Гэта часовая сытуацыя, супакойваў мяне ён. Каб ня выдаць свайго вялікага расчараваньня, я прамаўчаў. Аднак рашэньне не даваць вывозіць моладзь у Нямеччыну было цьвёрдым.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги