Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў.

Адзін такі ваеннапалонны, Віктар, лейтэнант Чырвонай Арміі, дапамагаў Людмілінай маці Тацяне па гаспадарцы, бо сам спадар Мікола Гутар, Людмілін бацька, працаваў у Наваградку школьным інспэктарам, наладжваючы сістэму пачатковых школаў у вёсках. Жонка ж яго мусіла заставацца на сваёй зямлі: трэ было карміць мужа і дачку, у гарадох з харчамі было цяжка. Жыхары гарадоў напаўгаладалі і залежалі ад прывозу харчоў з навакольных вёсак. Усім служачым выдавалі нейкі мінімальны рацыён, але за гэтым чалавек ня мог выжыць. Віктар пасябраваў з Гутарамі, ён быў нечым падобны да іх. Можа, ён тым больш прывязаўся да Гутараў, што яго прыцягвала Людміла. Тады я гэтага ня ведаў. Ён і я былі па розныя бакі барыкадаў. Ён быў беларусам, хлопцам з добрага роду, і, магчыма, у душы ён думаў пра Беларусь, Савецкі Саюз і Нямеччыну тое самае, што думаў я, але ён апынуўся па іншы бок барыкадаў. Аднойчы ўвечары ён разьвітаўся з спадарыняй Гутар і пайшоў у лес, каб ня трапіць у лягер. Ён паабяцаў, што ніхто і пальцам не кране сям’ю Гутараў, неўзабаве да нас дайшлі чуткі, што ягоны партызанскі атрад, што складаўся пераважна зь беларусаў, дзейнічаў сама пад Наваградкам. Ягоны падразьдзел быў не такі, як іншыя партызанскія групы; яны ніколі не забівалі сялянаў, ня гвалцілі жанчын. Гэта была выдатна арганізаваная вайсковая частка, што жыла паводле вайсковага статуту. Пасьля я яшчэ вярнуся да Віктара, бо так атрымалася, што нашы жыцьці, нашы ідэалы аказаліся спалучанымі празь Людмілу. І ён, і я мелі адну мэту — незалежную Беларусь, прынамсі, мне хочацца ў гэта верыць.

Я працягваў выкладаць нямецкую мову і весьці ваенную падрыхтоўку. Сярод маіх вучняў была і Людміла. Каб спадабацца ёй, я яшчэ больш актыўна ўдзельнічаў у школьным жыцьці. Штабсляйтэр Вольфмаер стрымаў сваё слова, і мяне інфармавалі кожны раз, калі некага зьвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Так мне ўдавалася вырваць з турмаў і выратаваць ад расстрэлу шмат людзей. Немцы давяралі мне, ніколі не сумняваліся ў маёй сумленнасьці і волі да супрацоўніцтва. Я працягваў працаваць асабістым перакладнікам камісара Траўба, новага гебітскамісара. Мне прыходзілася перакладаць кожны раз, калі ён выступаў з прамовамі або ўдзельнічаў у дыскусыях. І яшчэ калі я ўпершыню сустрэўся з камісарам Траўбам, я растлумачыў яму сваю пазыцыю. Мы супрацоўнічаем зь немцамі, сказаў я, бо Савецкі Саюз не задаволіў нашы нацыянальныя памкненьні. Савецкі Саюз паабяцаў стварыць Беларускую Рэспубліку, але задушыў беларускасьць русіфікацыяй 30-х гадоў. Камісар запэўніў мяне, што нямецкая палітыка істотна адрозьніваецца ад савецкай і што немцы нават ня будуць перасьледаваць нашу мову. Я запярэчыў, што гэтага мала, што мы хочам мець пэўныя гарантыі таго, што нам будзе прадастаўлена некаторая незалежнасьць, нейкая дзяржаўнасьць. Гэта б стварыла для нас мэту, заахвоціла б нас да лепшага супрацоўніцтва зь немцамі, сказаў я яму. Як камісар, ён мусіў наладзіць у акрузе адміністрацыю, гарантаваць бясьпеку і дасылаць усё неабходнае для нямецкага войска. Вось і ўсё, што ён рабіў. Маёй задачай было настроіць яго ў прыхільным да беларускай справы духу і дасягнуць найбольшага, што тады можна было зрабіць — забясьпечыць ператварэньне беларусаў у моцную культурную групу. Яму падабаліся нашы канцэрты, ён з задавальненьнем выступаў перад народам, тлумачыў нямецкую палітыку. Я працягваў выступаць зь беларускіх пазыцый. Я казаў, што беларусы павінны быць не рабамі немцаў, а паўнапраўнымі памочнікамі ў змаганьні з камунізмам. Камісар разумеў нашы праблемы, але зьмяніць накірункі нямецкай усходняй палітыкі ня мог.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги