У Наваградку я найперш захацеў спаткацца з Людмілай. Мне яе моцна бракавала, я хацеў абняць яе, пацалаваць. Што гэта была за дзяўчына! Заўсёды шчасьлівая, жыцьцялюбная, заўжды ў гуморы, зь усьмешкаю, прыветная, усё гарэла ў яе руках. А я ўсё баяўся зрабіць рашаючы крок, хоць калі бачыў гэтае юнае цела, у грудзёх у мяне ўсё палала, і пры гэтым я мусіў удаваць стрыманасьць. А яе шчокі таксама чырванелі. Мабыць, яна таксама радая была мяне бачыць.
Пасьля колькідзённых роздумаў я прыняў рашэньне распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, як жывецца нашай моладзі ў Нямеччыне. У школе ладзілі нейкі сход, і я распавёў хлопцам, якіх рыхтавалі на будучых афіцэраў, пра ўбачанае, распавёў пра пляны Гітлера, выкладзеныя ў ягонай кніжцы, і сказаў ім, што ў нас няма выбару. Камуністаў мы падтрымаць ня можам, а зь немцамі таксама трэба быць вельмі асьцярожнымі. Я папрасіў іх перадаваць тое, што я распавёў, людзям, каб ніхто не наймаўся на працу ў Нямеччыну, а калі некага будуць цягнуць туды гвалтам, дык мы мусім дапамагаць ім хавацца. Пасьля гэтага я супрацоўнічаў зь немцамі толькі каб палегчыць дасягненьне беларускіх мэтаў: дапамагаць сваім людзям і ісьці да незалежнасьці.
Пасьля паездкі ў Нямеччыну і майго адкрытага незадавальненьня станам беларускіх работнікаў, вывезеных туды, пагоршыліся мае стасункі зь нямецкімі ўладамі. Мяне ўсё радзей запрашалі на сходы, дзе трэба быў перакладнік. Нешта дайшло да камісара наконт маёй сапраўднай дзейнасьці, і ў траўні 1942 года мяне скінулі з пасады перакладніка, пазбавіўшы ўсіх прывілеяў і картак на харчаваньне, цыгарэты і алькаголь. На маё месца ўзялі спадара Блескача, які падаваўся ім больш памяркоўным, але які насамрэч меў цьвёрдыя палітычныя й нацыянальныя перакананьні. Аднак і ён нядоўга напрацаваў на гэтай пасадзе, неўзабаве вярнуўшыся да юрыспрудэнцыі: ён быў судзьдзёю ў судзе па адміністрацыйных і крымінальных злачынствах, а палітычнымі справамі ён не займаўся.
Толькі мае стасункі з Вальфмаерам не сапсаваліся, нягледзячы на звальненьне. Рэч у тым, што ён быў закаханы ў адну з нашых патрыётак і таму гатовы рабіць для беларусаў усё, што мог. Ён папярэджваў нас пра акцыі, якія рыхтаваліся немцамі, папярэджваў людзей, якіх меліся арыштаваць, дзякуючы чаму яны пасьпявалі ўцячы. Аднак і ён ня змог выратаваць аднаго з самых актыўных сябраў нашай арганізацыі, першага бурмістра Наваградка Панька. Панько быў палымяным патрыётам, вельмі сьвядомым чалавекам і перакананым антыкамуністам. Немцаў ён ненавідзеў амаль гэтак жа моцна, як Саветы, але прыхоўваў гэтую нянавісьць, каб утрымацца на пасадзе. Мы цесна сябравалі зь ім, але ён меў адну слабасьць: ён піў — і нам прыйшлося намучыцца, каб адвярнуць яго ад гэтай хваробы. Цьвярозы ён быў проста золата, набраўшыся ж, ён гатовы быў выдаць усё, што думаў пра немцаў і ўсё свае пляны. І вось аднойчы ён зьнік. Мы папрасілі Вольфмаера ўмяшацца, але на гэты раз нават той ня ведаў, куды падзеўся Панько. Як мы ні намагаліся адшукаць яго, усё бяз толку. Я дабіўся спатканьня з камісарам Траўбам, аднак той паставіўся да мяне вельмі варожа. Яго моцна насьцярожыла таксама маё жаданьне даведацца пра лёс Панька. Пасьля ад жандармаў мы пачулі, што Панько зьнік з уласнай ахвоты, а куды, ніхто ня ведаў, але мы гэтаму ня верылі. Я быў амаль упэўнены, што яго заарыштавалі і згнаілі недзе ў нямецкай турме на падставе нейкага фальшывага абвінавачаньня.
Я ўтрымаўся выкладчыкам нямецкай мовы толькі таму, што мяне не было кім замяніць. Курсам, выхаваньню маладога пакаленьня я аддаваў увесь свой час. Памятаю першы выпуск пяцідзесяці зь нечым курсантаў, сьвята, прамову доктара Орсы, уздым энтузыязму і патрыятычных пачуцьцяў. Як усьцешна было бачыць, што новае пакаленьне беларусаў гатовае для дарослага жыцьця!
У той дзень на канцэрце мая каханая Людміла сьпявала ў дуэце і сола, а я, гледзячы на яе, баяўся паварухнуцца, настолькі яна была харошая. Я бачыў толькі яе і кахаў яе ўсё мацней і мацней.