Юзіку ў ягонай справе дапамагаў былы начальнік менскай паліцый Саковіч, які пайшоў з гэтай пасады, бо ня меў на ёй свабоды (паліцыю цалкам кантралявала гестапа). БНП паслала Саковіча ў Ліду ўзьнімаць беларускі нацыянальны супраціў. Ён меў заданьне зьвязацца з польскім супрацівам, каб наладзіць супрацоўніцтва, устанавіць давер, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня між палякамі і беларусамі, якія мелі агульнага ворага — савецкі рэжым. Саковіч жа пабачыў, што польскія атрады сакрэтна супрацоўнічаюць зь немцамі, атрымліваюць ад немцаў баепрыпасы і амуніцыю пад умовай, што будуць ваяваць ня зь немцамі, а з чырвонай партызанкай, прычым гэта было даволі распаўсюджанай практыкай.

Тым часам пры канцы жніўня трагічны выпадак здарыўся ў Наваградку. Штабсляйтэр Вольфмаер трапіў у засаду ў Налібоках і загінуў. Я называю гэты выпадак трагічным, бо Вольфмаер быў сапраўдным сябрам Беларусі і падзяляў нашы намеры, разумеў нашае стаўленьне да Савецкага Саюзу, нашыя імкненьні пабачыць Беларусь вольнаю. Гэты чалавек ведаў, што мы ніколі ня станем поўнымі хаўруьснікамі Нямеччыны, што мы проста скарыстоўваем зь нямецкае акупацыі, каб разьвіваць нашу справу, але пры гэтым разумеў, што беларускія нацыяналісты маглі б быць у дапамозе дзеля нямецкага змаганьня з камунізмам. Аднак і яму не ўдавалася — ён сам у гэтым прызнаваўся — пераканаць найвышэйшыя ўлады, каб тыя зьмянілі сваё стаўленьне да беларусаў. Ён займаў такую ж пазыцыю, як барон фон Энгельгард, які падтрымліваў ідэю стварэньня незалежнай або, прынамсі, напаўнезалежнай Беларусі ў саюзе зь Нямеччынай, своеасаблівай буфернай дзяржавы, базай для далейшых дзеяньняў супраць Савецкага Саюзу. Спачатку ягоныя погляды на беларусаў сустракалі падтрымку сярод немцаў, але пасьля немцы зьмянілі сваю пазыцыю і вырашылі вызваліць на акупаваных тэрыторыях жыцьцёвую прастору для немцаў без увагі на нацыянальныя памкненьні мясцовага насельніцтва. Энгельгарда скінулі з пасады намесьніка міністра замежных справаў, адправіўшы працаваць лесьніком пад Наваградак. Энгельгард быў аўтарам кнігі «Weissruthenia», гісторыі Беларусі, у якой ён апісаў паходжаньне Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае і ў правільным сьвятле падыходзіў да беларускай гісторыі й культуры. Хаця ён страціў увесь свой уплыў, але сустрэцца зь ім і абмеркаваць нашы праблемы было карысна, і аднойчы такая сустрэча адбылася. Трэба сказаць, што мой дзядзька і ён цесна пасябравалі.

Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: «Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?» Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: «Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу». «Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся». На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ.

У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги