Я працягваў распрацоўваць сваю ідэю наконт таго, каб выкарыстоўваць немцаў ва ўласных інтарэсах, пазьбягаючы рабаваньня нашых рэсурсаў Нямеччынай. Мы пачалі наладжваць кантакты з падпольлем, імкнучыся стварыць нейкую арганізацыю ў супрацоўніцтве зь ім, каб атрымалася дзейсная нацыяналістычная структура. Недзе пад канец траўня надарылася добрая нагода для гэтага. Мне пазваніў мой сябар Вова Родзька і запрасіў да сябе ў Менск, каб абмеркаваць сія-тыя нацыянальныя праблемы. Мы сустрэліся зь ім на пачатку чэрвеня 1942 году. Гэта было пад вечар у кватэры начальніка паліцыі Саковіча. Прысутнічалі таксама мой стрыечны брат Міхал Рагуля, Антон Адамовіч, літаратурны крытык зь Менску і вельмі таленавіты журналіст Шкялёнак. Усяго набралася чалавек з восем, і мы прынялі неабходныя меры асьцярожнасьці, напрыклад, прыходзілі на месца збору ў розны час. Наша сустрэча была нелегальнаю, бо тое, што мы зьбіраліся абмяркоўваць, мела вялікае значэньне для будучыні Беларусі. На гэтым паседжаньні была заснаваная нелегальная Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). Партыя заставалася вернаю Ўстаўным граматам 1918 году, паводле якіх Беларусь абвяшчалася незалежнаю, а мэтаю партыі было здабыцьцё гэтай незалежнасьці. Мы хацелі ўтварыць Беларускую Народную Рэспубліку, у нашых мэтах было заснаваньне сеткі беларускіх патрыётаў, якая б уплывала на вельмі складаную сытуацыю на акупаваных немцамі тэренах. Пра тое, хто стаіць за БНП, мусілі ведаць лічаныя людзі, каб застрахавацца ад магчымага правалу і нямецкіх рэпрэсіяў. Мы публікавалі газэту «Бюлетэнь БНП», першы нумар якой выйшаў у жніўні досыць вялікім накладам. Адказным за выпуск шмат якіх нумароў быў я, а Людміла дапамагала мне, перахоўваючы, друкуючы і распаўсюджваючы выданьне. Я разумеў, што тым самым яна аказваецца ў небясьпецы, ды ня толькі яна, а таксама ўся яе сям’я, але той час я ня думаў пра асьцярогі. Бюлетэнь заклікаў беларускіх патрыётаў не скарацца, працягваць нацыянальнае змаганьне і дамагацца ад немцаў магчымасьці разьвіваць нацыянальнае жыцьцё. Мы папярэджвалі, што ў немцаў няма намеру даць нам незалежнасьць, што мы патрэбныя ім як працоўная сіла, гной для нямецкай культуры. Мы пісалі пра лёс беларускіх работнікаў у Нямеччыне і вынішчэньне жыдоў. Праца давала нам новую энэргію, і небясьпека толькі ўмацоўвала наш дух — так заўсёды бывае з моладзьдзю, уцягнутай у нелегальнае змаганьне. Старэйшым прыходзілася нават стрымліваць нас, бо празьмерная актыўнасьць магла прывесьці да правалу. Падпольная незалежніцкая сетка імкліва расла па ўсёй Беларусі, рос і попыт на інфармацыйны бюлетэнь. БНП абуджала энтузыязм патрыётаў, надавала сэнс нашаму жыцьцю. Ні хвілінкі не шкадаваў я пра страту пасады ў нямецкай адміністрацыі.
Тым часам актывізавалася дзейнасьць чырвонай партызанкі, партызанскія атрады ўсё часьцей нападалі на вёскі і нямецкі транспарт. Паўстала патрэба ў атрадах самаабароны. Юзік Сажыч, які вучыўся ў Менску ў афіцэрскай школе, вярнуўся дахаты, каб надаць арганізаванасьці такім атрадам у вёсках і мястэчках. Аднак немцы перашкодзілі нашым плянам. Можа ў іх была эўфарыя ад хуткага прасоўваньня нямецкага войска пад Сталінградам. Яны думалі, што абыйдуцца і без беларускай самааховы, а таму не аддалі абяцанай зброі і рыштунку. Становішча было абмеркаванае на пасяджэньні кіраўніцтва БНП. Усе пагадзіліся, што без уласных узброеных сілаў заставацца больш нельга. А нямецкай чыгуначнай паліцыі патрабаваліся фармаваньні для абароны чыгункі ад партызанаў. Я скантактаваўся зь Юзікам Сажычам і абмеркаваў зь ім ад імя БНП пытаньне арганізацыі атрадаў чыгуначнай аховы. Для іх трэ было дастаць форму і зброю. Становішча было цяжкім, але Юзік падрадзіўся дапамагчы нам. Ён змог апэратыўна стварыць цудоўна падрыхтаваныя групы з слухачоў школы, якіх падрыхтавалі на афіцэраў. Ён атрымаў форму ад нямецкай чыгуначнай аховы. Пасьля кароткага навучаньня іх накіравалі ў Ліду, у самае сэрца польскай падпольнай дзейнасьці, у горад, дзе, магчыма, знаходзіўся штаб Арміі Краёвай. На жаль, палякі, замест таго, каб змагацца зь немцамі і чырвонымі партызанамі, імкнуліся ўмацаваць кантроль за Лідчынай і Налібоцкай пушчай, каб цалкам палянізаваць гэтую тэрыторыю. Зьяўленьне Юзікавай часткі ў Лідзе, дзе яна прайшла праз горад зь беларускімі песьнямі, было ўспрынята як чырвоная шматка быком. Раней, пад дуламі акоўцаў-палякаў, Ліда выглядала, як цалкам польскі горад. Літаральна за пару месяцаў Юзік усё зьмяніў. Да яго пацягнуліся людзі, у адміністрацыі шмат якіх палякаў замянілі беларусамі.