Выпадковыя суразмоўцы акурат паспелі прайсці праз цэнтральную частку парку і спусціліся да Лебядзінай сажалкі – рэчышча старажытнага ручая, на беразе якога калісьці ўзнік Гомель. На старасвецкім каменным мастку круціліся
– А вам цікава ведаць, чым жыве Марына, бо ніяк не можаце забыцца на яе?
– На яе немагчыма забыцца, – адганяючы разгубленасць, вырашыў не віхляць Ягор.
– Але ж Марына, як бы там ні было, зрабіла свой выбар, – гнула дзяўчына далей. – Хай ён і сто разоў няправільны, з вашага пункту погляду.
– Можа, Бог выпрабоўвае такім чынам наша каханне, – лёгкім узмахам рукі Руткоўскі адкінуў апошнія элементы маскіроўкі.
– Той самы бог, пра якога вы кніжку напісалі? – стаўшы перад мостам, задала Наста новае пытанне і выпрабавальна зірнула суразмоўцу проста ў вочы.
– Хто ведае, – выціснуў ён з сябе без лёгкасці папярэдняй рэплікі.
– А на іншых жанчын глядзець не спрабавалі? – не збаўляла абаротаў Ройтшванец. – Вы ж падабаецеся многім…
– Нават табе? – мужчына няўважна перайшоў на «ты».
– І мне ў тым ліку, – не пнулася аднеквацца Наста.
Нейкія імгненні яны стаялі моўчкі, пільна гледзячы адно на аднаго і нічога пры гэтым не робячы. Злева ад моста гучала акустычная гітара, пад якую спявалі вернікі адной з пратэстанцкіх галін.
Калі б нехта стаяў з секундамерам, то засек бы, як на сёмай секундзе ўсё перамянілася. Бяздзеянне Ягора і Насты, нібыта ў яркай успышцы растаяўшы, абарвалася гарачымі абдымкамі і прагнымі пацалункамі. Перапыняючыся на нейкую хвілю, яны зноў злучаліся вуснамі, цалкам адключыўшыся ад вакольнага свету. Для іх тады не існавала ні людзей, ні музыкі, ні спеваў. У вулічным тлуме нярэдка каханне ўскіпае.
Амаль страціўшы адчуванне рэальнасці, яны пашыбавалі з парку. Узаемнае жаданне было такім вялікім і неўтаймоўным, што кіламетр з гакам да Ягоравага дома здаваўся адлегласцю касмічных маштабаў. Давялося выклікаць
Неспадзяваны сеанс сувязі з Зямлёй доўжыўся з гадзіну, улічваючы сінхранізацыю. На пасяленцаў ён зрабіў дваістае ўражанне. З аднаго боку, праглядаліся прычыны для радасці. Факт сеанса ўмацоўваў думку, што на іх не забыліся, што дагэтуль спрабуюць дазнацца пра лёс удзельнікаў місіі. Сама ж магчымасць сувязі сведчыла пра змену надвор’я да лепшага. Бура яўна адступала. Хоць не адна яна магла справакаваць працяглы перабой.
З іншага боку, змест размовы быў даволі дзіўным. Прынамсі, на самым яе пачатку, калі штаб касмічных палётаў «Coböl Engineering» стаў цікавіцца спісам ацалелых асоб. Руткоўскі перад тым няпэўна паведаміў, што на сувязі «Bog Blueberry Station», не называючы ні свайго псеўданіма, ні прозвішча каханай. Таксама дадаў стандартную фармулёўку, якой вучылі на курсах па падрыхтоўцы да экспедыцыі: «База разгорнутая на 70 адсоткаў. Умовы аўтаномнага існавання на базе прымальныя».
У адказ пайшоў пералік прозвішчаў усіх дзесяці пілотаў. Ягор паведаміў, што ніхто з іх не выжыў. Лагічным было б пачуць пасля гэтага пытанне пра навуковае падраздзяленне каманды. Але штаб удакладніў, колькі ўвогуле чалавек уратавалася, і толькі потым прагучала пытанне пра іх прозвішчы. Ацалелыя назвалі сябе. Штаб змоўк. Павісла доўгая паўза. Здавалася, што хаваліся за ёй зусім не тэхнічныя праблемы. З’явілася і імкліва нарастала прыкрае адчуванне, быццам там, на Зямлі, папросту не ведаюць, як на пачутае рэагаваць. Быццам у штабе таропка дабіраюць розуму, каб адным прысядкам выпрацаваць уцямны падыход да пары астранаўтаў, што здолелі ўнікнуць гібелі на Марсе.