– Ты чаго? – занепакоіўся ён.

– Знайшоў мне цудоўны краявід, – каханая траха не кпіла з яго замілаваных вохканняў. – Ну, можна раз ці два з узрушэннем на гэта ўсё зірнуць. Але я не берберка з камяністай Сахары, каб адчуваць эмацыйную повязь з такімі вось ландшафтамі. Калі мяне тут нешта і ўражвае цяпер, дык толькі сам факт нашага знаходжання на чужой планеце. Але нават гэтае ўражанне не змусіць мяне зачаравана стаяць каля ілюмінатара і глядзець на незлічоныя россыпы камення.

– Здаецца, гэта пытанне ўнутранай оптыкі, – кплівых нотак ён не ўчуў. – Ты чамусьці ўпярэджана ставішся да Марса і праз прызму ўпярэджанасці не ўспрымаеш яго хараство. Быў такі Аляксандр Багданаў – шматгранная асоба, аўтар выдадзенага ў 1909 годзе рамана «Красная Звезда», дзе апавядаецца пра расійскага рэвалюцыянера, якога марсіяне з пэўных прычын даставілі на сваю планету. Першае, што яго «поразило в природе Марса» і з чым яму «всего труднее было освоиться», стаў чырвоны колер тутэйшых раслін (тады навукоўцы думалі, што на Марсе ёсць расліннасць). Адзін з праваднікоў прапаноўваў зямляніну «предохранительные очки, чтобы избавиться от непривычного раздражения глаз», але той самаахвярна адмовіўся, заявіўшы: «Это цвет нашего социалистического знамени». Бачыш, як проста асвойтацца на чужой планеце?

– Цябе не перажартуеш, – пасмейваючыся, канстатавала Гваздулька.

– Ды я збольшага без жартаў. Знайдзі прыдатную асацыяцыю – і оптыка ўраз зменіцца! – спаважна раіў каханак, быццам сам у жыцці толькі і рабіў, што ўвесь час змяняў оптыку.

– Ведаеш, я зараз з задавальненнем зірнула б на Сож ці на Бесядзь, – Марына ўзнёсла ігнаравала яго параду. – На іх берагі і лугі. На тысячы адценняў барваў тамтэйшых дрэў, хмызнякоў, траў і зёлак. Ці на сляпучую снежную бель, калі б гэта была зіма… Памятаеш, мы з табой сядзелі на балконе «Праванса»? Ці то напрыканцы жніўня, ці то ў верасні. Сонца свяціла, але дзянёк быў прахалодны. Ты папрасіў у афіцыянткі коўдру.

– А яна прынесла дзве, – расчулена прыпомніў Ягор.

– Так! Бардовую і сінюю. Але нам не патрэбна было дзве коўдры! Прытуліўшыся адно да аднаго, мы ўхуталіся ў бардовую і моўчкі сузіралі прыгажосць няспешнай плыні Сожа. Глядзелі на пустэльны пляж, пясок якога ў ззянні вечаровага сонца адліваў чырвоным. На стракатыя шапкі дрэў, што, здавалася, спляліся міжсобку ў адно цэлае, захінаючы сабою невядомасць, на якую выразна намякала сцямнелае неба над вершалінамі і якой удала падыгрывала яшчэ светлае неба над стрэлкай паўвыспы. А пешаходны мост са сваімі пярэстымі ад графіці апорамі выглядаў больш нахіленым да супрацьлеглага берага, чым гэта бачылася звычайна. Да ўсяго ж, гульня святла і ценяў, як і бязмежная гульня ўяўлення, змушалі не заўважаць, што мост заканчваецца ці не адразу, дасягнуўшы іншага берага. Невідочны працяг моста маляваўся фантазіяй у зялёным тунэлі зараснікаў і дрэў. І тады мне падумалася, што глядзела я раней на гэтыя мясціны, можа, сотні разоў, але ўсё адно здолела ўбачыць іх па-іншаму! Убачыць і застацца прыемна ўражанай і ўзрушанай! Цяпер я разумею, у якія краявіды можна ўзірацца бясконца. І гэта не надакучыць. Бо кожны раз адкрыеш для сябе нешта новае. Новае ў звыклым. А да марсіянскіх камянёў ды скал я наўрад ці калі-небудзь прызвычаюся і ўжо ж нізавошта не палюблю.

Ягор уважліва слухаў, успамінаючы той вечар, калі іх узаемнаму каханню было ад сілы два месяцы. Слухаў з цеплынёй у сэрцы, бо прачулы ўспамін каханай быў знітаваны і з ім асабіста, а не толькі з мясцінамі роднага горада. Аднак унутры ўвесь час нешта скрэблася, правакуючы няёмкія пытанні, якімі ён баяўся дадаткова ўзбурваць Марыну. Дык жа не папытаў, навошта ў свой час яна прамяняла прыгажосць радзімы на іншую краіну. Замест гэтага, адварочваючыся ад ілюмінатара, Руткоўскі прамовіў:

– Я таксама хацеў бы зараз зірнуць і на Сож, і на возера Ліцвін, але мушу задавальняцца толькі ўспамінамі, здымкамі ці відэаімітацыямі. Я выдатна разумею, што ніякія «барозны Ночы» не зраўняюцца з дарогай ад Веткі на Галоднае – па жалезным мосце праз Бесядзь і далей узбоч Павожбара. Я не магу сказаць, што выветраны ўзгорак у Кідоніі па прыгажосці можа зацьміць узвышша ў Юравічах – зарослае дрэвамі і хатамі, увенчанае барочнай будынінай храма. Аднак цяпер я на Марсе, таму вымушаны шукаць спосабы атрымання эстэтычнай асалоды ад убачанага праз ілюмінатар ці шкло скафандра. І я сапраўды шчаслівы ўжо толькі ад адной думкі, што сузіраю гэтае клятае каменне не на фотаздымках чарговага марсахода NASA ці «SpaceX», а на свае ўласныя вочы. Тое, што калісьці адно спрабаваў уявіць Язэп Драздовіч у сваіх занатоўках і палотнах, для мяне зрабілася рэчаіснасцю. Ведаеш, хто такі Драздовіч?

– Трошкі. Са школы. Гістарыца нешта апавядала.

– Добрая гістарыца, калі так. Бо Драздовіча ў нас дагэтуль недаацэньваюць. Ён так і застаўся непрызнаным геніем. Любіў вельмі космас і касмічную тэму. Яна яго не адпускала. Ён і маляваў пейзажы іншых планет, і запісваў ці то свае відзежы, ці то фантазіі пра іх.

– Відаць, і Марс не абмінуў…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже