Калі паўза скончылася, штаб пацвердзіў галоўнае заданне місіі – распрацоўка радовішча мінералу дысбуэндыю, патрэбнага для вытворчасці лекаў ад сіндрому татальнай адзіноты. Што праўда, замест звыклай назвы хваробы пасяленцы пачулі іншую,
– Нешта яны там туманяць, – заўважыў Ягор апасля.
– Проста сувязь кепская, – падбадзёрвала Марына найперш саму сябе.
– Сувязь, зважаючы на цяперашняе становішча, акурат цярпімая, – не згадзіўся мужчына. – Асінхрон удала згладжваўся. Але іх пытанні… Адкуль такая цікавасць да лёсу пілотаў і няўвага да долі ўсіх іншых?
– Пэўна, хацелі высветліць, ці могуць ацалелыя самі вярнуцца, – нясмела падзялілася здагадкай пасяленка.
– Вярнуцца? – з неўразуменнем выбухнуў Руткоўскі. – На чым бы мы маглі вярнуцца? На беспілотніку? Ці мо на спіне Варгіна? Нешта я не бачыў у нас тут адпаведнага модуля. Можа, ён быў на самім караблі. Але ты і без мяне ведаеш, што сталася з караблём… Пра пілотаў штаб спраўляўся з нейкай іншай прычыны. Але не магу даўмецца, з якой. Па шчырасці, я думаў, што калі не пра ўсіх нас, дык пра шчасліўца Дампа абавязкова запытаюць. Мне чамусьці здавалася, што гэты паўліністы фацэт у іх мусіў быць на асаблівым рахунку…
– А я да апошняга імгнення чакала, што яны назавуць цябе
– Неяк адзін мой сябар замест свайго здымка вывесіў фотку Оруэла, – натхнёны нечаканым успамінам, здалёк пачаў пярэчыць Ягор. – Разумееш? Дзяцюк падпісаны сваімі сапраўднымі імем і прозвішчам, але на профільнай выяве ў яго адзін з класікаў антыўтопіі, які памёр ад сухотаў яшчэ ў 1950 годзе. І ведаеш што? Калі раптам дзесьці ў стужцы навін мне трапляўся здымак з Оруэлам, выкладзеным з нейкай нагоды кімсьці яшчэ, разумны фэйсбучак заўсёды прапаноўваў, каб я пазначыў на выяве гэтага сябра. Машыны шмат у чым разбіраюцца, але бываюць і збоі.
– Але ж ты не Оруэл…
– Затое дакументы ў мяне сапраўдныя.
– Такія ж сапраўдныя, як біяграфія харвацкага геолага Горана Бунціча. Ты верыш, што падчас адбору ястрабы з «Coböl Engineering» не правяралі нашы радаводы да пятага калена? Высветліць, што ты не той, за каго сябе выдаеш, можна было б
– Проста я таленавіта выконваў абраную ролю. А ім у ліхаманкавасці, з якой рыхтаваўся палёт, было не да лішніх варушэнняў. Не выклікаў я падазрэнняў адразу, а потым ужо не да таго стала.
– І як яны не пазналі чалавека, які бліснуў на праплочанай імі канферэнцыі ў Канстанцы, а пазней запісаў на іх просьбу песню? Твой фотаздымак, дый не адзін, павінен быць у іх базе звестак. Таму вынікі адбору я лічу вельмі дзіўнымі. Цябе нібыта наўмысна прапіхнулі ў каманду…
– Марына! – не стрываўшы яе закідаў, завіраваў Руткоўскі. – Ну, вядома ж, мяне прапіхнулі! Прапіхнулі, бо я зрабіў усё магчымае для таго, каб апынуцца на адным касмічным караблі з табой! І былі людзі, якія мне дапамагалі… Мы ж з табой ужо абмяркоўвалі гэта. Мой выпадак спецыфічны. Але ён не здымае іншых пытанняў. Псіхалагічнай несумяшчальнасці, напрыклад. Здаецца, толькі пілоты міжсобку не мелі клопату з гэтым. Іх каманда выглядала самай зладжанай. Магчыма, што ключ да разгадкі ўсіх дзівосаў мы адшукаем, даведаўшыся, што не так было з пілотамі.
– Пілоты! Пілоты! Даліся табе тыя пілоты! Як чорт з дудой, з імі носішся, – раздражнёна ўрэзала Гваздовіч. – Выглядалі яны зладжана, бо ад пачатку рыхтаваліся ў камандзе. А не так, як мы – пайшла рында жыта жаць, забылася сярпа ўзяць.
Пасяленец пусціў яе раздражнёнасць міма сябе.
– Успомні, калі ласка, адзін момант, – папрасіў ён. – Ці быў у цябе навушнік унутранай сувязі, калі пачалося аварыйнае адасабленне комплексу базы ад насавой часткі карабля?
– Так. І што? Навушнікі ва ўсіх былі. І ў цябе таксама, – збянтэжылася ад пераходу Марына.
– Ва ўсіх. Але выжылі толькі мы з табой. Ты памятаеш, што капітан сказаў, перш чым унутраная сувязь ляснулася?
– Там было зашмат нервавання. І ў самога капітана, і ў яго памочнікаў, – трохі супакоіўшыся, жанчына пастаралася прыгадаць тыя жудасныя хвіліны. – Вось іх, сваіх памочнікаў, ён, здаецца, і заклікаў з гонарам прыняць лёс. Спрабаваў змірыць з тым, з чым немагчыма змірыцца. Казаў, што іх бокс будзе гарэць яшчэ да ўдару аб паверхню Марса.
– А «бокс» у сэнсе «адсек» ці «бокс» у сэнсе «скрыня»? – Ягор агаломшыў каханую нюансам, пра які яна і не думала.