— Перш чым пачынаць, давайце дамовімся, Надзея Паўлаўна, што не будзем глядзець адзін на аднаго як ворагі. А-а? — Гэтым "а-а" Кібрыс і выклікаў на шчырасць, і разам з тым падкрэсліваў сваю перавагу, і паказваў, што яго не надта хвалюе ўчарашняя перадача.

Надзея не ведала, што адказаць.

— Ну-у, калі вы згодны на другі тон,— улавіў яе разгубленасць Кібрыс,— то пачнём усё ж з таго, што я прыйшоў не як вораг, а як паклоннік вашага таленту. Было б нават смешна, каб мы былі ворагамі. Мы цягнем, па сутнасці, адну лямку — я ствараю матэрыяльна-тэхнічную базу, вы выхоўваеце новага чалавека… I я прыйшоў, каб дапамагчы вам пазбегнуць магчымых непрыемцасцей…— націснуў на "магчымых" Кібрыс.

— Якіх гэта непрыемнасцей? I якім чынам? — яшчэ больш насцярожылася Надзея, хоць, здаецца, ведала, куды ён гне.

Кібрыс тым жа спакойным і паблажлівым голасам працягваў:

— Гаворка ідзе, як вы здагадваецеся, пра вашу апошнюю, як бы тут мякчэй сказаць… не зусім удалую перадачу… Вы разумееце?

— Разумею…— куточкамі губ іранічна ўсміхнулася Надзея.— I, між іншым, лічу: перадача ўдалася.

— Не будзем заводзіць дыскусію па дробязях,— незадаволена нахмурыўся ён.— Дапусцім, па-вашаму, і ўдалася… Але вы ўяўляеце, чым усё гэта для вас асабіста можа скончыцца?

Ён устаў з крэсла, прайшоў да акна, ледзь прасунуўшыся сваёй грузнай фігурай між сталоў, вярнуўся назад, зноў сеў, з робленай спагадаю ўсміхнуўся:

— Усе мы былі ў маладосці задзірыстымі. Я, як і вы, колісь быў ого які яршысты! Але з гадамі пачынаеш бачыць шырэй, глыбей, я сказаў бы, перспектыўней. 3 гадамі прыходзіць сталасць, мудрасць, разумная цвярозасць. I ўсе непрыемнасці, усе маральныя сінякі, якія колісь зарабляў па дурасці, з гадамі аддаюцца во дзе.— Ён прыклаў далонь да сэрца, пакутліва паморшчыўшыся.— Непрыемнасці не праходзяць бясследна.

— Магчыма… Аднак, мне думаецца, вы прыйшлі не для таго, каб прачытаць лекцыю на тэму "Беражыце сваё здароўе"? — запыталася Надзея і аж здзівілася сваёй дзёрзкасці.

— Так, так…— забарабаніў пальцамі па стале Кібрыс.— А ўсё ж вы мне не верыце, што прыйшоў я з дабром…

— Не веру.

Павісла цяжкае маўчанне.

— А ў вас тут няма мікрафонаў?! — нарэшце ашаламіў яе Кібрыс і падазрона агледзеўся навокал.

Надзеі стала смешна:

— Не турбуйцеся — няма…

Яе смех непрыемна ўразіў Кібрыса.

— Ад вас можна чакаць усяго…— варожа зірнуў з-пад калматых броваў.— Стыль у вас такі. Гэта — правакацыя! Будзем называць рэчы сваімі імёнамі.

Надзея разгубілася: "А мо і праўда, не трэба было здымаць спадцішка? Далі зачэпку, цяпер ён вунь куды гне…"

— Наконт метадаў пагутарым у іншым месцы. А цяпер… калі ў вас што ёсць, то давайце канкрэтна…— зрабіла адчайную спробу схаваць сваю разгубленасць Надзея.

Здаецца, ёй гэта ўдалося.

Кібрыс змоўк. Позірк у яго зрабіўся нерухомы, цяжкі.

Надзея шмат наслухалася пра Кібрыса. Гаварылі, што гэта вельмі непрыемны і каварны чалавек, ліслівы, дзе трэба, і дзе трэба — нахрапісты, жорсткі, чалавек з гіпертрафіраваным самалюбствам, хітрасцю і вераломствам, які не спыніцца ні перад чым.

— Вы разумееце, супраць каго пайшлі? — раптам устаў з крэсла Кібрыс.— Ды я ж, як захачу, сатру цябе ў парашок. Во так — фу! — Ён выразна паказаў, як гэта зробіць.— Ды ты ведаеш, што такое Кібрыс?! То знай: Кібрыс во ў гэтых руках,— амаль пад нос Надзеі выставіў рукі,— паўвобласці трымае! А вы хто? Хто ты, каб шкодзіць Кібрысу рабіць вялікую дзяржаўную справу?! — Ён стрымліваўся, каб не крычаць, пераходзіў то на "ты", то на "вы", потым змоўк і крыху спакойней працягваў: — Знайшлі праблему! Што, законам забаронены дачы? Ці не ведаеце, што здароўе савецкіх людзей — задача дзяржаўнай важнасці? Калі чалавек здаровы, адпачне, то ён і працуе прадукцыйна, прыносіць дзяржаве больш карысці. Калі хочаце, здаровы адпачынак — ёсць вытворчая неабходнасць. Значыць, вы пайшлі супраць вытворчай неабходнасці?

— Паважаны таварыш Кібрыс! Не разумею, чаго вы сюды прыйшлі,— як мага спакойней сказала Надзея.— Калі прыйшлі, каб запалохаць, адразу кажу — у вас нічога не выйдзе. Калі даказаць, што і калючы дрот пад электрычным напружаннем вакол дачы таксама з’яўляецца вытворчай неабходнасцю — гэта смешна. Хочаце, скажу, што вас сюды прывяло? Страх! Звычайны страх! Ці не так? I не такі вы ўсемагутны, за каго любіце сябе выдаваць.

Яе спакойны і ўпэўнены голас, здаецца, абяззброіў Кібрыса. Ён маўчаў, нервова барабанячы па стале сваімі кароткімі пальцамі, потым крыху вінавата сказаў:

— Даруйце… Нервы здаюць. I ўсё на гэтай рабоце. Вы ўявіць сабе не можаце, што за праклятае пекла, гэты будтрэст. Пабыць бы вам хоць дзянёк у маёй шкуры…

— Скардзіцеся вы не па адрасу,— перабіла яго Надзея.— Напісалі б свайму начальству: не магу, цяжка… Мо і пашкадавалі б. Давайце, зрэшты, не гуляць у кошкі-мышкі. Што вам ад мяне трэба?

Такога "лабавога" пытання, адчувалася, Кібрыс ад яе не чакаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже