Медыцына ў Гарноськаў была сямейнай прафесіяй. Яшчэ прабабка па бацькавай лініі пераняла ад сваіх продкаў лячэнне травамі і лічылася лекаркай на ўсю аколіцу. Прадзед у руска-японскую вайну служыў санітарам, а дзед у грамадзянскую — палкавым лекарам. Бацька меў кандыдацкую ступень, чытаў курс хірургіі ў медыцынскім інстытуце. Генетычнае дрэва па мацярынскай лініі таксама цалкам узрасло на медыцынскай глебе. Дзед быў вядомы прафесар, бабуля, праўда, хоць і не мела гучнага звання, але лічылася не менш прафесара ў акушэрстве. Маці абараніла дысертацыю па акушэрству. Словам, усё ішло да таго, што і яму было наканавана працягнуць слаўную медыцынскую радаслоўную. "Прафарыентацыя" вялася з ясельнага ўзросту. I калі ў восьмым класе Васіль заявіў, што будзе міліцыянерам, бабуля па мацярынскай і дзед па бацькоўскай лініі аж зайшліся ад смеху. Бацьку ўжо тады трохі насцярожылі сынавы дзівосы — не па гадах яны: што натуральна ў пяць гадоў, тое насцярожвае ў пятнаццаць, калі сын пачынае прымяраць твае касцюмы. "Фізічнае развіццё ёсць фізічнае развіццё, а розум яшчэ дзіцячы,— супакоіў сябе бацька.— Мала чаго наслухацца можа ад сябрукоў".
У дзесятым класе Гарноськам-старэйшым было ўжо не да смеху — сын і слухаць не хацеў пра медыцыну. Бацька шматзначна маўчаў, маці з трывогай паўтарала:
— Гэты міліцыянер зводзіць хлопца.— I да Васіля: — Мы забараняем табе з ім вадзіцца! Чуеш, за-ба-ра-няем! Знайшоў кампанію! Знайшоў кампанію…— Гідліва моршчылася.— Ходзіш падбіраць розныя адкіды. Глядзі, яшчэ нажом пырнуць, дападбіраешся…
— Некаму ж трэба і адкіды падбіраць. Некаму ж трэба і нож з рук хулігана вырваць,— з выклікам, дзёрзка разважыў Васіль, і гэта яшчэ больш нервавала маці.
— Хай падбірае, каму за гэта грошы плацяць. А то знайшлі дурня,— ледзьве стрымлівала сябе яна.— А ты над фізікай сядзі! Нібыта не ведаеш, якія адносіны ў нас з Кужалем…
3 некаторага часу імя Кужаля амаль штодня ўпаміналася ў іх доме. Маці ніяк не магла дараваць бацьку, што на вучоным савеце высунуўся з крытыкай Кужаля і яго кафедры.
— Думаць, думаць трэ было! — дакарала яна бацьку.— Галаву трэба згубіць, каб не помніць. Кожны ж асістэнт ведае, што за характар у гэтага Кужаля! А ты-ы?.. Ён і так некаму сваю звышпрынцыповасць паказвае. А тут, думаеш, забудзе?.. Бокам вылезе твая крытыка. Кужаль нікому не давярае, сам кожнага па фізіцы прасее… Цяпер во думай, як выкручвацца, як знайсці падыход! I гэта ж трэба…
Васілю было сорамна за маці, што змушае бацьку быць не самім сабою, падтакваць Кужалю толькі таму, што трэба ўладкоўваць сына ў медінстытут. Як усё гэта не вязалася з тым, чаму вучылі ў школе, пра што так многа чытаў, у чым быў глыбока перакананы. А перакананы быў у тым, што толькі веды даюць права быць студэнтам. А тут… Тут могуць сабрацца на вечарынку "людзі свайго кола" і за чаркай каньяку, між іншым, як нешта малаістотнае, пра што і не прынята гаварыць услых, рашыць…
Васіль змалку не любіў, калі ў іх збіраліся госці. Тады ў кватэры рабілася ўсё ненатуральным, штучным, маці з ног збівалася, улагоджваючы, дагаджаючы нейкай важнай, патрэбнай знакамітасці, а потым пачыналіся абгаворы. Ён проста не мог узяць уцям, як гэта можна: у вочы — адно, за вочы — другое. Яго, праўда, заўжды выправоджвалі ў свой пакой, але шкляныя дзверы былі слабой ізаляцыяй… Мабыць, праз гэта і з’явілася непрыязь, нянавісць да ўсіх гэтых з вытанчанымі манерамі і гучнымі тытуламі гасцей, да медыцынекага інстытута, які яму выбралі.
Спакваля выспяваў пратэст, і выліўся ён у скандал, калі прыйшоў час падаваць дакументы.
— Не панясу! — рашуча заявіў Васіль.— Нізашто не панясу! Не хачу!..
— Як гэта не хачу? — сумелася маці.
— Бо не люблю медыцыну. Не па мне яна…
— А што рабіць думаеш?..— асцярожна і пагрозліва спытала яна.— Што ты любіш?..
— Пайду ў міліцэйскае…
— Што-о-о?!
— Гэта маё прызванне — во што! — ашчэціўся Васіль.
— Прызванне?! — спалохалася маці.— Ды ў міліцыю ідуць толькі ненармальныя! — Пакруціла пальцам ля скроні.— У цябе яўны сіндром Даўна!
Гэты "сіндром Даўна" быў вельмі пашыраны ў лексіконе маці і бацькі. Яго прыклейвалі і за вочы, і ў вочы калегам, аспірантам, студэнтам, усім, хто быў ніжэй па становішчу, залежаў ад іх, каго лічылі людзьмі ніжэйшага гатунку. У доме быў культ вучоных званняў. Толькі званні, пасады лічыліся слушнай меркай вартасці чалавека, хоць часта за вочы і знаёмым са званнямі прыклейваўся гэты сіндром. Калі быў жывы дзед, маці і бацька з нейкай гідлівасцю глядзелі на яго дзівосы. Да дзеда звычайна наведваўся розны люд, дзед быў прасцякаваты, вясёлы, гаваркі чалавек, лёгка знаёміўся і сыходзіўся з людзьмі. Калі Васіль быў малы, бацька і маці стараліся падабраць яму ў сябры дзяцей з сем’яў "свайго кола" — неймаверных пестуноў і плаксаў, з якімі было нецікава і сумна. 3 дазволу дзеда ўцякаў у суседні двор, вяртаўся з сінякамі ці разбітым носам — і ўсё кідаліся спалохана бінтаваць, прымочваць, адмываць, лаючы дзеда, што той дазваляе хадзіць чорт ведае з кім…