Дома атмасфера была невыноснай, і Васіль перабраўся ў заводскі інтэрнат. Хлопцы, якія жылі ў пакоі, спаткалі новенькага даволі стрымана. Чалавек, які пакінуў інстытут і падаўся падсобнікам, для іх быў проста незразумелы. Мала што гавораць, але інстытут так сабе не пакідаюць.
Васілю было няўтульна, абражала халодна-афіцыйная ветлівасць. Адно выратаванне — дзяжурствы то ў штабе народнай дружыны, то ў складзе патруля. Вяртаўся ў пакой звычайна позна. Хлопцы яшчэ не спалі — чарцілі праекты, спрачаліся аб нейкіх незразумелых Васілю ўраўненнях. Усе трое былі студэнтамі-завочнікамі. Васіль браў кніжку, ціхенька клаўся на ложак, чытаў, пакуль не зморыць сон.
Ён не раз збіраўся папрасіць каменданта, каб перасяліў у другі пакой — да тых, з кім сышоўся на дзяжурстве ў дружыне. Але верыў, што рана ці позна сыдзецца з хлопцамі, яны яму падабаліся. Сышоўся ж у цэху! Асабліва з брыгадзірам Апанасам Іванавічам.
А наогул, кожны чалавек — загадка. Вось хоць бы той жа Апанас Іванавіч. Ведалі, што ён ваяваў. Але чамусьці не любіць гаманіць на ваенную тэму. Калі прыстаюць з пытаннямі, моршчыцца: "Ат, ваяваў, як і ўсе ваявалі, чаго там…" — і пачынае гаварыць пра іншае.
I было громам сярод яснага дня, калі ў цэху сабралі сход, на які з’явіўся палкоўнік, дырэктар завода, сакратар парткома, старшыня заўкома, камсамольскі сакратар, і Апанаса Іванавіча запрасілі ў прэзідыум. Слова ўзяў палкоўнік. Ён сказаў, што больш за трыццаць гадоў узнагарода шукала свайго гаспадара, што брыгадзір падсобнікаў мае пяць раненняў, пяць баявых ордэнаў і адзінаццаць медалёў. Шосты ордэн — ордэн Славы першай ступені за Одэрскую аперацыю — Апанас Іванавіч не мог атрымаць вясной 1945 года, бо быў цяжка паранены. Пад апладысменты палкоўнік уручыў баявую ўзнагароду Апанасу Іванавічу, які адразу ж зрабіўся знакамітасцю на заводзе: поўны кавалер ордэнаў Славы!
Адносіны такога чалавека, як Апанас Іванавіч, ужо самі па сабе шмат што значаць. I калі брыгадзір стаў часценька заглядваць да Васіля ў інтэрнат, хлопцаў, што жылі з Гарноськам, нібы хто падмяніў. Пэўна, каб загладзіць сваю віну, яны стараліся дагадзіць Васілю. Але ён не таіў на іх ніякай крыўды і быў вельмі рады, што ў пакоі наладзілася шчырасць і сардэчнасць.
Тут, на заводзе, быў іншы свет, іншая атмасфера, зусім не такая, у якой Гарноська жыў усё сваё жыццё. Яго часам аж здзіўлялі гэтыя простыя людзі, добразычлівыя, іншы раз рэзкія, але і ў рэзкасці шчырыя. Ніхто ні пра каго тут не мяркуе па званнях і прамовах, паводзіць сябе кожны з пачуццём уласнай годнасці, нібы ён які міністр ці акадэмік. Інтарэсы ў іх таксама нейкія іншыя: машыны, імпартныя гарнітуры, дачы не засланяюць свету. Быццам не хацеў бы той жа Апанас Іванавіч мець уласную машыну, уласную дачу? А ў яго найважнейшы клопат, што суседні цэх выбіваецца з графіка. Нібы за гэта яму плоцяць, нібы ён — дырэктар. Тут не будуць маўчаць, калі нехта пачне хітраваць, рабіць не па сумленню, не па-рабочаму. Пападзі толькі на іх суд — дзесятаму закажаш, да скону дзён будзеш памятаць.
Васілю вельмі падабалася атмасфера рабочага асяроддзя, падабалася за тое, што тут проста і натуральна кожны можа быць самім сабою.
Восенню Гарноську ўрачыста праводзілі ў армію. Служыць трапіў на граніцу.
Яшчэ падлеткам Васіль па радыё чуў рэпартаж аб пахаванні герояў Даманскага. Ён не ўсё тады разумеў, але асабліва ўразіў, урэзаўся ў памяць стук малаткоў, якімі заганялі цвікі ў векі трунаў. Гэты стук выразна і балюча зноў аддаўся ў вушах, калі атрымаў з завода паведамленне аб смерці Апанаса Іванавіча. Толькі пазаўчора было ад яго пісьмо, сёння адпісаў. Яшчэ ў дарозе… Васіль уявіў сабе, як маленькі, шчупленькі Апанас Іванавіч стаў на дарозе, каб абараніць незнаёмую дзяўчыну ад хуліганаў. Прайшоў праз пекла вайны, два кулявыя і тры асколачныя раненні… А тут нож хулігана…
Рашэнне было цвёрдым і канчатковым: пасля службы — міліцэйскае вучылішча, работа ў міліцыі.
4
У дзверы пастукалі далікатна, але разам з тым патрабавальна. У Надзеі замерла сэрца — ён!
Кібрыс быў салідны, важны. Пачціва прывітаўся, сеў у крэсла ля стала, змераў недружалюбным позіркам рэжысёра і бесцырымонна папрасіў:
— Дайце нам магчымасць пагутарыць з таварыш Хадасевіч адзін на адзін…
Рэжысёр неахвотна (на студыі такое правіла: з абвяргальнікамі і рознымі "праўдалюбамі" лепш за ўсё размаўляць пры сведках) выйшаў.
— Я да вас! — салідна сказаў Кібрыс, нібы тым рабіў вялікі гонар і ласку.
— Слухаю…— з афіцыйнай ветлівасцю, але насцярожана сказала Надзея і з задавальненнем адчула, што хваляванне крыху аціхае.
— Вы здагадваецеся, чаму я тут і чаму іменна ў вас? — Ён паглядзеў уважліва, вывучаючы яе.
— Чаму вы тут — здагадваюся, чаму менавіта ў мяне — не зусім…
— Так, так…— зрабіў паўзу Кібрыс, глянуў на яе зверху ўніз.— Зараз паспрабую растлумачыць… Вы гатовы мяне слухаць?
— Калі ласка, слухаю…— Надзея сцялася, як спружына.
Кібрыс памаўчаў зноў і нечакана спакойным, нават добразычлівым голасам сказаў: