— Морду набіў бы — во што!
— Мне-е?
— Табе.
— Слухай, Гарноська… Дальбог, нічога не разумею. За што ты мяне збіраешся біць? Скажы, у чым справа? Мо гэтая… твая знаёмая? Так і сказаў бы…— і здзіўлена паціснуў плячыма.
— Не прыкідвайся… Падумаў бы, што форму паганіш.
— Я форму паганю?! — Жоўціка кранула за жывое.— Ты-ы, брат, асцярожней!..
Васіль адчуў, што Жоўцік на самай справе не разумее яго.
— Скажы, для чаго табе патрэбны гэтыя дзяўчаты? — I, злавіўшы здзіўлены, потым насмешлівы Жоўцікаў позірк, сам адказаў: — Каб наглуміцца, а пасля паскаліць зубы? Так? Брыдка, не па-мужчынску гэта!
— Ах, вунь ты пра што! — зарагатаў Жоўцік.— Паглядзіце на яго, паглядзіце — выкапень, жывы мамант!.. Не сучасна і смешна,— пасур’ёзнеў Жоўцік.— Зарубі адно: ніколі не ўпускай, што дрэнна ляжыць… I налягай іменна цяпер, не адкладвай на заўтра… Хочаш, пазнаёмлю з адной? Во кадра!
— Пайшоў ты…
Васіля мучыла, не выходзіла з галавы тое здарэнне. Ён не мог зразумець паводзін Жоўцікавай "ахвяры". Чаму не паверыла? Чаму адштурхнула кінуты ёй выратавальны круг? Няўжо толькі інстынкты кіруюць людзьмі? Няўжо той, хто пойдзе насуперак інстынктам, заўсёды застаецца ў дурнях? Няўжо Жоўцік мае рацыю?
Не! Брэшаш, Жоўцік! Не мерай усіх на свой капыл. Гнілая твая філасофія. Што гэта было б, каб людзьмі кіравалі адны інстынкты?! Статак быў бы! На тое і розум у чалавека, каб кіраваць сваімі інстынктамі. Інакш і быць не можа… А тая Оля яшчэ парумзае, пашкадуе, што не паслухалася добрай парады… Так ёй і трэба! Так-то так… Але ж яна нечая дачка, нечая сястра…
Васілю вельмі шкада ашуканых і пакінутых дзяўчат. Чамусьці заўсёды прыгадваецца малодшая сястра Света, студэнтка-першакурсніца медыцынскага інстытута, надзвычай легкадумная і даверлівая. Можа заступіць дарожку гэтакай авечцы які нягоднік, пацешыцца і выкінуць, як непатрэбную рэч.
А ўсё ж нешта не так у жыцці ўладкавана… Набі, скажам, якому нягодніку фізіяномію — тут табе ўраз у кодэксе адшукаюць параграфы, пункты, падпункты. Атрымаеш, што заслужыў. А наглуміся над нечай даверлівай душой — не так проста падсунуць пад крымінальны кодэкс. Праўда, ёсць маральны кодэкс. Але для сяго-таго нічога не значыць кодэкс, які не прадугледжвае "ад — да" год зняволення. Была б яго, Васіля, воля! I што, каб была яго воля? Што ён прыдумаў бы?
Мусіць, не так усё проста, каб запісаў у кодэкс — і карай налева-направа. У жыцці ўсё складаней, немагчыма прадугледзець усе перапетыі і нюансы, тым больш запісаць — паперы не хопіць. Прыклад таму паводзіны дзяўчыны Олі, якая адштурхнула яго дапамогу.
Прыгадаўся яшчэ адзін выпадак…
Позна вечарам ля павільёна "Піва" галасіла, клікала на дапамогу жанчына. Васіль быў непадалёку і адразу ж кінуўся на той крык. Жанчыну трымаў за валасы і спакойна, нават ляніва дубасіў падпіты мужчына. Мужчына не спалохаўся, нават не збянтэжыўся, калі побач убачыў міліцыянера, а з нейкай самавітасцю, як звычайна прыпыняюць работу, каб перакінуцца некалькімі словамі з чужым чалавекам, перастаў біць. Жанчына глытала горкія слёзы і няўцешна скардзілася:
— Усё маё жыццё знявечыў, ірад пракляты… Сінякі не сыходзяць ніколі.
— Ад любові б’ю,— памяркоўна сказаў мужчына.— Добры гаспадар заўсёды сабаку б’е, каб ласкавейшы быў.
Васіля скаланула ад гэтай разважлівай дзікасці, і ён, не думаючы, загадаў:
— Пайшлі, грамадзянін! — А жанчыне параіў: — Майце гонар, ганіце яго, бярыце развод.
— Развод? Калі б развод! Мы з ім не запісаны…
"Ага-а, тут справа іншым канцом паварочваецца,— падумаў Васіль.— Не сямейным скандалам пахне…"
— Пайшлі! Пайшлі! — падштурхнуў ён затрыманага.
I тут здарылася такое, што зусім збіла лейтэнанта з панталыку. Жанчына ўпала на калені і з адчаем загаласіла:
— Адпусціце-е!… Пашкадуйце-е-е!.. Ён добры, калі цвярозы. Будзьце чалавекам! Пашкадуйце…
Васіль разгубіўся, не ведаў, што рабіць.
— Адпусціце! Гэта ён праз мяне… Ды я ж на сябе рукі налажу…— умольвала жанчына.
Васіль здзівіўся. Строга запытаў у мужчыны:
— Будзеш біць яе?
— Не буду-у…— прабубніў мужчына.
I Гарноська адпусціў яго. Але не паспеў зрабіць і дзесяці крокаў, як ззаду зноў пачулася глухое "ой!" і словы жанчыны: "Во як, гад, дзякуеш?!"
Васіль затрымаў дэбашыра, выклікаў патрульную машыну.
Назаўтра адбылося тое, чаго баяўся Васіль. Ледзь свет прымчала жанчына і стала даказваць, што ва ўсім сама вінавата.
— А ты што думаў? — усміхнуўся капітан Новік, дзяжурны.— Захацеў падняць працэнт злачыннасці? Скажу табе, мне во год да пенсіі дацягнуць, то я шмат чаго пабачыў… Сямейныя скандалы — гіблая справа! Дзевяноста працэнтаў канчаюцца вось так… Калі станеш звяртаць увагу на кожнага сямейнага дэбашыра, лічы, што выпадковы ты ў нас чалавек…