— Ведаем, куды званіць,— здранцвелым голасам сказаў Гарноська, а самога джаліла: мусіць, уліп. Надта ж незразумела паводзяць яны сябе — злачынцы так паводзіць сябе не могуць. Кінулася ў вочы: барадаты не можа быць крымінальнікам нават па той простай прычыне, што ў турме ніхто не дазволіць урасці гэтакай шчэццю… Канечне, уліп!
Васіль адчуў, што ў яго пачалі трэсціся рукі, а каўнер стаў душыць, як пятля, захацелася расшпіліць гузікі, і гэта, здаецца, заўважыў сваімі падслепаватымі вачыма барадаты.
— Што ж, міліцыя ёсць міліцыя,— нечакана здаўся ён.— Наведаемся да вашага Мятліцкага. У нас да яго якраз і справа ёсць…
Лепш бы ён не здаваўся! Тады мо яшчэ знайшоў бы выйсце. А як цяпер выблытацца з гэтай авантуры?! Папрасіць прабачэння за памылку — і хай ідуць сваёй дарогай. Аднак язык не паварочваўся папрасіць прабачэння — перашкаджала Надзея.
— То чаго мы стаім? Хадземце! — азваўся барадач.— Дарэчы, Мятліцкі на месцы?
Выратаванне прыйшло нечакана. Як гэта раней не дакумекаў! Мятліцкі ж двойчы аб’яўляў па аддзяленню: апранайцеся з іголачкі — нас будуць здымаць на тэлебачанні. I двойчы ніхто не прыйшоў здымаць. Во і даставіць іх да Мятліцкага — хай не падманваюць! А там заадно і высветліцца, хто гэты барадач і што за размова ў іх была.
Згадка пра падслуханую размову зноў трохі насцярожыла лейтэнанта.
— То пад канвоем нас павядзеце ці мо паклічаце машыну? — стаў здзекавацца барадаты.— Званіце, званіце, уцякаць не будзем…
Каб тое было ў іншай сітуацыі, Васіль знайшоў бы, што сказаць гэтай барадзе, а цяпер вымушаны прыкусіць язык.
— Добра, паклічу машыну…— апалым голасам сказаў Гарноська, і раптам яго стала разбіраць злосць, непрыязь да барадатага, нянавісць да самога сябе, што так па-дурному ўліп, з’явілася нейкая балючая крыўда на Надзею, якая… падвяла пад дурнога хату.
Машыны доўга не было, і Васіль думаў, каб яна ўвогуле не прыходзіла. Каб паламалася, і яны, не дачакаўшыся, пайшлі сваёй дарогай. Ці… лепш хай хутчэй прыязджала б — няма большай кары, чым гэтак па-дурному тупаць на месцы, згараючы ад сораму.
Нарэшце міліцэйская машына затармазіла:
— Паехалі! — прапанаваў Гарноська, адчыняючы перад Надзеяй дзверцу.
— Вы ж мяне адпусцілі…
Васіль і сам не ведаў, з чаго б гэта, але раптам прыйшло рашэнне — абодвух даставіць да Мятліцкага, а там што будзе, то будзе…
— Адпусціў, але мяняецца сітуацыя.
— Ну-у, калі сітуацыя мяняецца — паехалі! — падміргнула Надзея і ахвотна пайшла ў машыну.— Першы раз на такой еду….
Як толькі пераступілі парог кабінета, Мятліцкі ўскочыў з крэсла, пайшоў насустрач і са словамі "праходзьце, праходзьце, калі ласка, нарэшце завіталі, Міхаіл Кузьміч прыязна паціснуў руку барадатаму, потым — Надзеі, шчыра прызнаўся: — А я і не чакаў вас…— і звярнуўся да збянтэжанага Гарноські: — У вас што тэрміновае, лейтэнант? А то во тэлевізійнікі завіталі…
— Нн-не… прамармытаў Васіль і куляй кінуўся ў калідор, ледзь не збіўшы з ног дзяжурнага.
6
"Даслужыўся, камедыянт няшчасны! — здзекаваўся з сябе Гарноська.— Даслужыўся! На ўвесь горад пасмешышча! — і "заводзіў" сябе яшчэ больш: — Во Шэрлак Холмс! Во камісар Мегрэ! Во маёр Пронін! Не паспеў пагоны начапіць, як абсароміўся на ўвесь свет… Геройства захацеў?! Во і паказаў геройства! Паміраць са смеху будуць. А Мятліцкі? Як паказацца на вочы Мятліцкаму?! Пішы, пакуль не позна, рапарт — і каціся куды вочы глядзяць…"
Ён, узбуджаны, разнерваваны, каторы раз ускокваў з ложка, уключаў святло, браўся пісаць рапарт, ведаючы, што нікому ніякага рапарта не падасць. Па-першае, яго ніхто не звольніць — малады спецыяліст, а па-другое… ён і сам не хоча звальняцца. Пісаў для свайго супакаення.
Толькі… як перажыць гэты сорам? Як?!
Такой цяжкай ночы ў Васіля яшчэ ніколі не было. Усё перадумаў, толькі аб адным забараніў сабе думаць — пра Надзею. Думаць пра Надзею было вышэй яго сіл.
Назаўтра падпалкоўнік Мятліцкі здзівіў Васіля — ён і не ўспомніў пра ўчарашні сорам, быццам нічога і не здарылася. I між тым Гарноська быў як у тумане, дрэнна разумеў, пра што гаворыць падпалкоўнік, толькі жахнуўся, пачуўшы, што заўтра трэба быць апранутым з іголачкі — нарэшце будуць здымаць.
Мятліцкі, пэўна, заўважыў гэты спалох, бо добразычліва ўсміхнуўся:
— Ды не перажывай ты ўжо так! Я перавёў усё на жарт: сказаў, што спецыяльна загадаў табе злавіць і даставіць іх сюды — хопіць салаўя байкамі карміць, гуляць з міліцыяй у хованкі, у нас дакладнасць любяць. Пажартавалі — на тым і кончылі. Так што не хвалюйся, мо гэта ты і дарэчы іх сюды прыцёг, а то яшчэ марудзілі б з паўгода,— яшчэ раз усміхнуўся і, пасур’ёзнеўшы, дадаў: — А ўвогуле, трэба быць больш абачлівым, лейтэнант…
На душы ў Васіля трохі адлягло. Але не надоўга. Як толькі прыгадваў, што, можа, заўтра зноў давядзецца спаткацца з Надзеяй Хадасевіч, рабілася млосна. Як ёй у вочы паглядзець? А яна таксама добранькая! Разыграла камедыю, каб паздзекавацца. Калі міліцыянер, то ўжо для яе і не чалавек…
Як ні вінаваціў Надзею, як ні чарніў яе ў думках, а яна па-ранейшаму не пераставала падабацца яму…