— Ну, добры дзень, Шэрлак Холмс! — па-змоўніцку павіталася Надзея, як толькі Васіль пераступіў парог кабінета Мятліцкага.
Гарноська заліўся чырванню, але перамог сябе і прабубнеў нешта накшталт прабачэння.
— Ну, што вы! Я і не думала крыўдзіцца… Гэта нават арыгінальна… Сядайце і раскажыце, калі ласка, пра сваю работу.
— А што тут расказваць? — яшчэ больш збянтэжыўся Васіль.
Па тым, што пытала вядучая, Васіль зразумеў: яна паспела пазнаёміцца з яго біяграфіяй. Напэўна, расказаў Мятліцкі. Ад таго, што Надзея Хадасевіч ведае пра яго значна больш, чым ён здагадваецца, зрабілася прыкра. Усё ведае, а ўсё роўна выпытвае… Ды і паводзіць сябе, нібы яна разумнейшая за ўсіх… Нечакана для сябе заўважыў: не такая яна і прыгожая, якой здаецца на тэлеэкране… Падведзеныя сінявой павекі ёй не да твару… Ад гэтага яму, здаецца, зрабілася лягчэй.
Надзея не магла не ўлавіць перамен у паводзінах свайго субяседніка. Гэтыя перамены для яе былі нечаканыя, незразумелыя. Яна ведала сілу сваіх чараў і мужчынскую псіхалогію, і тут павінна было разыграцца, як па сцэнарыю, у двух магчымых варыянтах: альбо субяседнік робіцца гаваркі, красамоўны, надзвычай галантны, альбо наадварот, пачынае заікацца, чырванець. Так заўсёды было. I самае галоўнае (Надзея ганарыцца гэтым), яна ўмее тактоўна стрымаць залішне красамоўных, разварушыць, калі трэба, нерашучых. Пераважная большасць людзей, з кім яна страчаецца і хто сімпатызуе ёй, у той ці іншай меры маюць адносіны да яе работы, яе перадач.
Амаль ва ўсіх людзей існуе боязь тэлекамеры. Пэўна, яна выклікана страхам: як бы чаго не сказаць няскладнага, лішняга, жаданнем паказацца толькі ў добрым святле… I здараюцца дзіўныя метамарфозы: разумны, цікавы субяседнік, як толькі запальваецца чырвонае вочка тэлекамеры, адразу ж пачынае гаварыць банальна, голас у яго дранцвее, праз хвіліну ўторкваецца ў выратавальную паперку. А гэта ўжо канфуз. Перажыўшы канфуз, такі на тэлестудыю больш не паказваецца.
А яна, Хадасевіч, умее разварушыць каго хочаш. Гледзячы, як увіхаюцца ля яе хлопцы, часта смяялася ў душы з іх залётаў, не раз заракалася канчаць сваё неразумнае какецтва, але то было вышэй яе добрых намераў. Зрэшты, што з яе возьмеш — жанчына! Ці шмат ёсць на свеце жанчын, якія не хочуць падабацца мужчынам?
Надзея Хадасевіч была звычайная прадстаўніца "слабога полу", і задзірлівыя паводзіны лейтэнанта, натуральна, не падабаліся ёй. Яна і сама не ведала дакладна, чаму "ўступіла ў гульню" з гэтым міліцыянерам. Нічога асаблівага ў ім няма, за выключэннем арыгінальнай біяграфіі. Але цяпер яна была кранута за жывое, бо, пэўна, няма большай абразы для жанчыны, якая ведае сабе цану і сілу сваёй абаяльнасці, чым стрыманая мужчынская абыякавасць.
Надзея пыталася ў Васіля, запісвала ў сваім блакноціку. Але рабіла гэта хутчэй для прыліку. Будучая перадача перастала цікавіць яе. Усе думкі вядучай былі скіраваны на іншае — як праняць яго, разварушыць гэтага непачцівага Гарноську?
— Аляксей Сцяпанавіч,— далікатна папрасіла яна Мятліцкага,— ці не маглі б мы пагутарыць з таварышам Гарноськам… Мне здаецца, лейтэнанта нешта бянтэжыць… У нас з ім не клеіцца размова…
— Ды нічога мяне не бянтэжыць…— азваўся Васіль.
— А я тут сяджу як на іголках,— здагадаўся Мятліцкі.— Мяне ж зачакаліся… Прашу, канечне, дараваць, а лейтэнанта і кабінет пакідаю ў ваша поўнае распараджэнне. Яшчэ раз даруйце — служба! — Мятліцкі пакінуў іх.
Надзея зноў нешта пыталася, а Васіля не пакідала дзіўнае пачуццё. Вось яны адзін на адзін… Яшчэ тыдзень назад ён не паверыў бы ў гэта. Чаму цяпер няма радасці? Што здарылася? Паміж імі стаяла тое бязглуздае затрыманне…
— Можна адно нетактоўнае пытанне? — звярнулася Надзея.— Скажыце, у вас ёсць нявеста, ну-у… ці проста дзяўчына?
Васіль здзівіўся, збянтэжыўся.
— Гэта трэба для перадачы?
— Не, проста так… Не хочаце — можаце не адказваць,— у яе голасе была абыякавасць, аднак адчувалася, што гэтая абыякавасць прытворная.
— Ну, калі вас цікавіць, то была дзяўчына…— адказаў Васіль, каб неяк падтрымаць размову — ён жа тут гаспадар, а гаспадару належыць быць ветлівым.
— А чаму — "была"? — гулліва дапытвалася Надзея. Яна разумела ўсю нетактоўнасць свайго пытання, але яно ўваходзіла ў задуманы план.— А чым вы заняты вечарамі? — голас у яе быў такі, быццам яны знаёмы сто гадоў.
— Як калі… Дзяжуру, а ў вольны час чытаю, ну-у, тэлевізар…— не разумеючы, куды яна хіліць, адказаў Васіль, абяззброены яе шчырасцю.
— А сёння чым будзеце заняты? Дзяжурыце?
— Не…
Надзея паклала блакноцік і ручку ў сумачку на доўгім рэмені, старанна зашпіліла яе, даючы зразумець, што размова іх скончана, задумалася і нечакана прапанавала:
— Як вы паглядзелі б, каб я… запрасіла вас у кіно? — Яна зрабіла выгляд, што засаромелася сваёй пранановы, і гэта ў яе атрымалася надзвычай натуральна.
Лейтэнант быў канчаткова збіты з тропу. Ён не хацеў верыць сваім вушам.
— Можна, але…
— Ды вы не падумайце нічога такога… У мяне проста аказаўся лішні білет. Адзін наш рэдактар спешна выехаў у камандзіроўку. Дарэчы, заадно і закончым нашу размову ў менш афіцыйных абставінах, а то вы такі маўчун…