У Васілёву душу закрадвалася трывога…
2
На тэлестудыі была насцярожаная цішыня. Такая ціша бывае толькі перад навальніцай — за хвіліну да таго, як над галавою секане маланка, ва ўсю сваю моц з трэскам, працяжна рыкне гром, неўтаймаваная сіла падыме клубы пылу, пачне калашмаціць кроны дрэў, зрываючы лісце і ломячы галіны, потым стомлена замрэ і — раптоўна, чамусьці заўжды раптоўна і нечакана шугане лівень.
Патрабавальна і рэзка зазваніў унутраны тэлефон. Надзея з хвіліны на хвіліну чакала гэтага званка, ведаючы, што нічога добрага ён ёй не прынясе.
— Зайдзі да мяне! — шэфаў голас быў заклапочаны, сярдзіты.
Надзея зразумела: пачынаецца! Дакладней, прыйшла і яе чарга. Бо пачалося ўсё з паўгадзіны назад, калі Аляксандр Яўгенавіч паклікаў свайго намесніка і галоўнага рэдактара. Гэта яны выпусцілі Надзеіну перадачу — сатырычны тэлерэпартаж з дачнага пасёлка. У кадр "выпадкова" трапіла службовая "Волга", кінакамера доўга і буйным планам затрымала сваё "вока" на нумарах, "нетактоўна" падгледзела, хто прыехаў на той машыне… А прыехаў не абы-хто, а сам Кібрыс, перад кім пачціва здымаюць шапкі. Ды нават гэта было б паўбяды! "Нетактоўная" кінакамера надта ж доўга разглядала двухпавярховы катэдж з мансардамі і балкончыкамі, дзверы якога зусім па-свойску адчыняў Кібрыс. Потым кінакамеру зацікавіў вялізны люты ваўкадаў з ашчэранай клыкастай зяпай. Дый на ваўкадаве не спынілася-здаволілася, а перакінулася на басейн з фантанам, потым — на плот з калючага дроту. Гэты плот тэлевока разглядвала асабліва пільна, у розных ракурсах. Але і гэта было не так страшна. Страшным быў каментарый да ўсяго што паказвалася. I, бадай, самым страшным было паведамленне, што плот пад электрычным напружаннем, і тыдзень назад тут ледзь не забіла падшыванца, які, гуляючы з мячыкам, выпадкова дакрануўся да агарожы…
У кабінеце старшыні камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні — кучаравага, заўсёды спакойнага з выгляду Аляксандра Яўгенавіча — сядзелі яго намеснік — высокі, худы, з вечнай цыгарэтай і пракуранымі рудымі пальцамі Ілья Якаўлевіч, і самавіты флегматычны Сцяпан Іванавіч — галоўны рэдактар. Па тым, як Сцяпан Іванавіч цёр успацелую лысіну, няцяжка было здагадацца: галоўнаму толькі што ой як уляцела! Сцяпан Іванавіч заўсёды, калі нервуецца ці атрымлівае наганяй, гладзіць сваё голае цемя. На тэлестудыі сёй-той усур’ёз лічыць, што менавіта ад гэтай дурной звычкі ў галоўнага на месцы чупрыны засталіся тры валасіны, і тыя — на патыліцы.
— Сядай! — загадаў Аляксандр Яўгенавіч.— Расказвай, што там натварыла…— Выгляд у яго быў строгі і трохі стомлены.
— Даруйце, вы пра што? — прыкінулася някемлівай Надзея.
— Яна не ведае пра што! Ах-ах-ах! — зрабіў тэатральны жэст Аляксандр Яўгенавіч і адразу ж пазмрачнеў.— Табе крытыкаваць няма каго, ці што? Ці мо для крытыкі бракуе сур’ёзных і важных тэм? А то прывязалася…
— А па-мойму, нідзе не сказана, што кіраўніка будтрэста крытыкаваць забаронена,— дзёрзка сказала Надзея і дадала: — Вы ж самі не раз падкрэслівалі, што для крытыкі няма забароненых тэм…
Аляксандр Яўгенавіч не зрэагаваў на яе дзёрзкасць.
— Во разумнікі! Во работнічкі! Во памочнічкі! Ім абы крытыкаваць…— Голас у яго быў трохі сварлівы, але без злосці.— Ім няўцям, што іх старшыня на каленях умольвае таго ж Кібрыса пабудаваць гараж. Не ўласны гараж, а каб машыны, на якіх яны ж самі ездзяць, не ржавелі пад акрытым небам. Вам жа машыны патрэбны, а не мне. Ну і чорт з імі — хай іржавеюць, выходзяць са строю, пехатою тэпайце… Будзеце ведаць…
Адчувалася: гэта толькі адгалоскі буры, якая бушавала тут да яе прыходу. Зараз злосць у Аляксандра Яўгенавіча "перагарэла", бурчыць толькі для прыліку, сам для сябе вылівае горыч. Магчыма, ён нават сам здзіўляецца: навошта паклікаў яе? Каб паслухала яго бурчанне?..
Надзея ацаніла сітуацыю: нічога ёй не пагражае — і рызыкнула падліць масла ў агонь:
— А што цяпер мяняецца, Аляксандр Яўгенавіч?
— Што мяняецца, што мяняецца…— перадражніў ён.— Разважаеш, як малое дзіця. А мяняецца тое, што камбінацыю з трох пальцаў будзем мець замест гаража. Во што мяняецца! Дапамагла, дзякую…
— А я лічыла: будтрэст — не прыватная Кібрысава лавачка…
— Яна лічыла, яна думала! Прыватная лавачка…— зноў перадражніў Аляксандр Яўгенавіч.— Для яе ўсё проста: узяў ды будуй. А хто табе ліміты, падрад на той няшчасны гараж дасць? Мо ты, разумная, ведаеш, дзе ўзяць ліміты і падрад? То падкажы, будзь ласкавай… Падкажы, падкажы… Чаго маўчыш?..
Надзея збянтэжана паціснула плячыма.
— Во, бачыш — не ведаеш! I я з сённяшняга дня не ведаю. Дакрытыкавалася…
У вачах Аляксандра Яўгенавіча было такое глухое засмучэнне, што Надзеі стала шкада яго.
— Я гатова галавой адказваць за кожнае слова, за кожны кадр,— са спачуваннем прамовіла яна.— Гатова даказаць…
— Во і даказвай,— падхапіў шэф.— Зараз прыедзе Кібрыс, то пагавары, дакажы яму…
— А што мне з ім гаварыць? — разгубілася Надзея, не разумеючы: жартуе Аляксандр Яўгенавіч ці гдворыць сур’ёзна? I, павагаўшыся, рашыла: вядома, жартуе, вядома, палохае. Які д’ябал пагоніць сюды Кібрыса, тым больш да яе…