Едзем у Маскву. На некалькі гадзін цягнік спыніўся ў Разані. Купіў на вакзале зборнік М. Ціханава «Сто стихотворений». Пасля непраспанай ночы нешта дрэнна сябе адчуваў, аж мусіў у скверы прылегчы на лаўцы. П. Броўка, В. Вольскі, А. Кучар пайшлі шукаць піва. Расстаўся я з Любашай і Максімкам. Не знаю, як яны будуць жыць і ці зможам мы зноў сустрэцца. А на захад адзін за адным няспынна ідуць ваенныя эшалоны з гарматамі, танкамі. У адным з вагонаў нехта іграў на гармоніку «Кацюшу».

13.VІІІ

Масква. А. Кучар з В. Вольскім пайшлі ў Саюз пісьменнікаў, а я з П. Броўкам шукаць Я. Купалу, які недзе жыў у раёне т. з. Грузінскага рынку, на кватэры свайго друга мастака К. Елісеева. Сам гаспадар летні сезон звычайна праводзіў на падмаскоўнай дачы. Надзвычай гасцінна прынялі нас Іван Дамінікавіч і цёця Уладзя. Неяк яна ўмела хутка арганізаваць застолле. Усё, як кажуць, у яе руках гарэла. Здаецца, сам рассцілаўся настольнік-самабранка з усімі прысмакамі, якіх мы даўно ўжо не каштавалі. А да ўсяго гэтага – і тая беларуская прынука, без якой і пачастунак не лічыцца пачастункам.

14.VІІІ

Мінулую ноч правялі ў СП. Занялі канапу, крэслы. Доўга на новым месцы не мог заснуць. Прачнуўся ад грукату зенітак. Недзе блізка рваліся нямецкія бомбы, бо ўсяго мяне асыпала бітым шклом і пылам штукатуркі. На падлозе валяліся нейкія кнігі, выбухам сарваныя са сцен карціны, склееныя з рознакалёрнага шмацця. У небе над апусцелай вуліцай Вароўскага вісеў велізарны заграджальны шар.

Калі будзе час, трэба наведаць на Чырвонай Прэсні сваю старую Ціхвінскую вуліцу, дзе некалі з бацькамі жыў у бежанстве, і мо ў бюро даведак пашукаць нашых былых знаёмых. Помню нашага земляка Купрэвіча, гаспадара кватэры Іларыёна Нікандравіча Парамонава. Пахадзіць па знаёмых дварах, дзе была мая першая школа, дзе гуляў са сваімі сябрамі ў гарадкі, у бабкі, у лапту, у фанты.

22.VІІІ

Вось ужо больш тыдня, як блукаем па Маскве. Пару начэй начавалі ў М. Зінгера. Падчас паветранай трывогі дзяжурылі на даху дома. Магчыма, заўтра перабяромся ў гасцініцу. У СП сустрэў Е. Путраманта і Л. Пастэрнака. Быў на вечары, на якім выступаў А. Фадзееў. Чытаў свае вершы па радыё.

23.VIII

Спыніліся ў гасцініцы «Масква». Заходзіў Я. Купала. Прыйшоў, падпіўшы, П. Броўка. Пачаў нечага прыставаць да В. Вольскага, да А. Кучара. Пачалася сварка, выкліканая нейкімі невядомымі для мяне ранейшымі, яшчэ даваеннымі канфліктамі.

Не ведаю, як будзе далей, бо грошай засталося толькі дзесяць рублёў. Не маю нат чым заплаціць за нумар.

24.VIII

У парку М. Горкага меўся адбыцца мітынг, але перашкодзіў дождж. Закончыў верш, які пачаў пісаць яшчэ ў Саратаве, «Мы вернемся». Сустрэўся з I. Марцінкявічусам. Неба зацягнута хмарамі, магчыма, сёння не будзе налётаў, не будуць будзіць сірэны паветранай трывогі. Чытаю Г. Гейне, якога, чамусьці, не любіў вялікі алімпіец – Гётэ. А дарма. Бывае, што слава нейкага графамана засланяе генія. Так было з А. Пушкіным, Міцкевічам, Норвідам...

26.VIII

Трэба рабіць нейкія захады. Пантофлі развальваюцца, у касцюме хадзіць ужо сцюдзена. Прыйшоў п’яны Емяльянаў, які прыліп да Я. Купалы, памагае пісаць яго выступленні. Чалавек вельмі несімпатычны. Паслаў свой верш у «Правду». Не ведаю, ці знойдуць там каго, каб пераклаў яго на рускую мову. Шкада, што не ведаю адраса Я. Мазалькова ці Б. Ірыніна. Нешта доўга не вырашаецца справа накіравання нас на работу ў франтавую газету. Ноччу разбудзіў гул зенітак. Прачнуўся і П. Броўка, пачаў крычаць, каб хутчэй беглі ў бомбасховішча.

29.VIII

Паслаў некалькі пісем Любашы ў Саратаў, але адказу на іх яшчэ не атрымаў. Прыйшоў Я. Купала. Відаць, зноў піў з Емяльянавым. Нат дамоў не змог пайсці. Мы саставілі з П. Броўкам свае ложкі, і ён заначаваў у нас. Спаў ён неспакойна. Некалькі разоў будзіўся: «Якая гэта Ная (?) ляжыць ля мяне».

– Дзядзька Янка, гэта – я, Максім.

– А, гэта – вызвалены брат...

Над вуліцай Горкага па аблоках блукаюць промні пражэктараў. Пэўна, прарваўся нейкі нямецкі самалёт.

30.VІІІ

Былі ў П. К. Панамарэнкі, які толькі што прыехаў з фронту. Расказваў пра баі пад Гомелем. Пайшоў блукаць па знаёмых з дзяцінства вуліцах Масквы. Ля Беларускага вакзала, як арыштанта, цягнулі салдаты велізарны заграджальны балон. Іх зараз больш, як зор над Масквой. Прайшоў міма фабрыкі, дзе некалі працавалі бацькі, міма Бутырскай турмы, сцяна якой, помню, была размалявана лозунгамі: «Смерць польскай буржуазіі», «Все – на защиту революции...». Выйшаў на Ціхвінскую вуліцу. Вуліца мала змянілася. Магільнік, абшарпаная царква, у якой калісьці прасіў Мікалая-цудатворца, каб не каралі мяне дома за мае правіненні ў школе. I трэба сказаць, што ён выслухаў маю просьбу і абышлося без чарговай лупцоўкі. Пастаяў каля дома (№ 16, кв. 1), у якім жылі да самага ад’езду на Радзіму. Нічога тут за дваццаць год не змянілася.

Як дзяды, стаяць, пачарнелыя ад часу, двухпавярховыя дамы. Ледзь не спытаў: ці помняць яны мяне, падшыванца, які на іх двары гуляў са сваімі сябрамі ў бабкі, у гарадкі, шумам запаўняў іх скрыпучыя сходы, ганяў галубоў.

31.VІІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже