На старым запушчаным пагосце бялее некалькі, відаць, нядаўна пастаўленых, абітых фанерай пірамідак. Надпісы пахаваных сцёр дождж. Мне здаецца, што няма больш узрушальнага надмагільнага сімвала, як просты крыж – перасячэння дзвюх дарог: жыцця і смерці.
1942
1.I
Цэлы дзень – у дарозе. У 20 км ад Раненбурга наша палутарка скацілася ў нейкую балку. Аж да вечара не маглі з яе выбрацца. А мароз і вецер, здаецца, зусім звар’яцелі. Позна дабраліся да Разані. На кантрольным пункце крыху адагрэліся. Недзе трэба будзе дастаць пісталет, а то я адзін у рэдакцыі цягаю вінтоўку і рукзак, набіты кнігамі, якія трэба будзе некаму падарыць. Едзем у Каломну, а там – рукой падаць і да Масквы.
4.I
Нарэшце дабраліся да Масквы. I адразу трапілі на прыём да П. К. Панамарэнкі. Многа і цікава расказваў нам аб становішчы на франтах, аб партызанскім руху ў Беларусі. I новасць: у нейкай нямецкай газеце друкуецца М. Васілёк, у што, прызнацца, не хацелася верыць. Надрукаваць маглі і без яго ведама, як гэта было, калі ён сядзеў у нямецкім палоне, а верш яго быў змешчаны ў берлінскай «Раніцы», аб чым ён пісаў мне перад вайной.
6.I
Перакладаем з Піменам для сваёй газеты артыкул М. Калініна. Заходзіў М. Машара, прачытаў нам свой верш «Здраднік», прысвечаны М. Васільку. Зайздросная аператыўнасць! Калі ўсе мы былі ў ЦК, П. К. Панамарэнка задаў пытанне, як мы глядзім на тое, каб А. Александровіча вызваліць. Амаль усе выказаліся – супроць, кроме М. Лынькова: «Ды ўжо ж не такая яго і віна...». П. Панчанка прамаўчаў, ну і мы з М. Машарам нічога не маглі сказаць, бо не зналі А. Александровіча, не зналі і за што ён быў асуджаны. Помню толькі, якімі ў свой час былі разгубленымі і С. Малько («Паўлік») і Г. Смоляр, і «Герасім», калі мы даведаліся, што і А. Александровіч арыштаваны, а ён тады лічыўся адным з віднейшых лідэраў і заснавальнікаў «пралетарскай паэзіі».
12.I
Сустрзўся з С. Прытыцкім і П. Глебкам, які прыехаў з Саратава. Даў у «Известия» свой верш «Дарога на Захад». Абяцалі надрукаваць у бліжэйшым нумары. Чамусьці Аркадзь і больш вопытныя людзі не раяць весці дзённіка. Не ведаю, у чым справа.
18.I
Праслухаў па радыё мітынг беларусаў, які праходзіў у Казані. Разам з М. Машарам і Ц. Крысько наведалі К. Чорнага. Закончыў верш «Вастрыце і куйце зброю». Пачаў яшчэ адзін: «Чуўся гром кананады». Атрымаў адразу два пісьмы ад Любашы і ад М. Камянецкай. Піша, як яна ўратавалася з Друскенікаў. Зараз – у Маскве, але зноў збіраецца ў далёкую дарогу. Няўжо ў варожы тыл, зноў у падполле?
9.ІІ
З Ташкента прыехаў Якуб Колас. Паўдзённае сонца так яго асмужыла, што стаў падобны на ўзбека. Выступалі сёння на літаратурным вечары. Зноў, выпіўшы, П. Броўка чапляўся да М. Лынькова. Мне здаецца, яго вельмі злуе тое, што старшыня нашага СП мала ці недастаткова ўдзяляе ўвагі яму як паэту-ардэнаносцу і што чытачы сталі больш цікавіцца творамі А. Куляшова, П. Панчанкі. Ну тут нічога не параіш.
6.ІІІ
ПрыехаўА. Куляшоў са Старой Русы. «Правда» надрукавала мой верш «У завею». Ледзь не спазніўся прыйсці ў сваю казарму на Шабалаўцы, бо пачалася паветраная трывога і недзе блізка загрукаталі зеніткі. Атрымаў ліст ад Я. Бонка. Піша, што ўсіх т. з. «заходнікаў» дэмабілізуюць і накіроўваюць у стройбаты.
10.III
Атрымаў накіраванне на работу ў саратаўскай акружной газеце «Красноармеец». I так, бывай, Масква! Цягнік памалу цягнецца. Вагоны набіты раненымі, бежанцамі, дзяцьмі з Ленінграда. Едуць нейкія дзяўчаты і ўвесь час іграюць на патэфоне. Пажылая і, відаць, хворая жанчына з дзецьмі. На падушцы крыжыкамі вышыты тры літары «РАХ». Дапрацоўваю пачаты ў Маскве свой верш «Гастэла». Усё часцей пачынаю думаць аб сваёй паэме.
14.III
Ноччу прыехаў у Саратаў. I Любаша, і Максімка ўжо спалі. За маю адсутнасць малыш вырас і такі забаўны! Я рад, што пашчасціла ў гэтыя трывожныя дні яшчэ раз нам сустрэцца, хоць не ведаю, што мяне чакае наперадзе. Па ўсяму адчуваю, што доўга я тут не затрымаюся.
17.III
У вольны час ад рэдакцыйнай работы пішу сваю паэму «Янук Сяліба». Учора ў маю адсутнасць заходзіў А. Куляшоў. Шкада, што мы размінуліся. Відаць, ён ездзіў да сваіх у Уральск.
3.ІV
Усе апошнія дні шалеў буран. Атрымаў накіраванне ў Ульянаўск на курсы «Выстрал». Перапісаў у дарожны блакнот першую частку сваёй паэмы. Не ведаю, ці ўдасца мне калі яе закончыць.
7.ІV