А дома — бальніца. Хворая ляжыць Любаша, у Ірынкі — запаленне лёгкіх. Прыйшоў з экзамена Максімка, прынёс пяцёрку па беларускай мове. Атрымаў сённяшні нумар свайго зборніка, які выйшаў у аганькоўскай серыі.
Дождж. Перакладаю сумныя і сардэчныя вершы У. Бранеўскага, прысвечаныя яго трагічна загінуўшай дачцэ Анцы.
У майскім нумары «Украіны» — падборка беларускіх вершаў у выдатных перакладах М. Рыльскага і А. Малышкі.
19.VI
Дні польская культуры, прыезд аўстрыйскай дэлегацыі і дэлегацыі прыхільнікаў міру з ГДР і г. д. «Ціеса» надрукавала мой верш «Вільнюс» у перакладзе А. Венцлавы.
20.VІ
У Саюзе пісьменнікаў даведaўся аб смерці Пігулеўскага. Калі я з сям’ей быў у Рызе, знаеміў нас з горадам, нядаўна быў у нас на вяселлі сястры Людмілы. А на Нарачы недзе цвітуць кветкі, насенне якіх ён нам прыслаў. Быў харошым перакладчыкам латышскай літаратуры, а галоўнае — быў цікавым і сумленным чалавекам. Часта расказваў мне розныя эпізоды са свайго неспакойнага жыцця. Я адчуваў, што яму хочацца раскрыць сваю душу — душу старога чалавека перад намі, маладзейшымі, і не ведае, ці зразумеем яго — прадстаўніка таго пакалення, якое выходзіла на цярністы шлях нацыянальнай самасвядомасці, барацьбы за званне чалавека.
Дома — гармідар. Прыехала на ўсё лета з Варшавы Любіна сястра са сваёй тройцай лабатрасаў. Максім рыхтуецца да экзамену. Думае паступаць у політэхнічны інстытут, а дзяўчаты — едуць у Артэк. Відаць, і сёлета не прыйдзецца нам з Любашай думаць аб нейкім адпачынку. Нарачанская дача запоўнена гасцямі, як Ноеў каўчэг. Кожны дзень думай, як іх размясціць, як накарміць.
27.ІХ
Вярнуўся з Літвы, куды ездзіў на Тыдзень беларускай літаратуры. У Парыжы памёр Э. Каганоўскі — выдатны яўрэйскі навеліст, з якім я яшчэ перад вайной пазнаёміўся ў Беластоку, часта сустракаўся ў Маскве. Надзвычай гэта быў абаяльны і дасціпны чалавек. Аднойчы на першамайскай дэманстрацыі, убачыўшы нашу калону пісьменнікаў, заўважыў:
— А я і не ведаў, што ў нас столькі людзей не ўмее пісаць.
Здаецца, зноў у складзе дэлегацыі былых членаў КПЗБ прыйдзецца ехаць на 40-годдзе КПП у Польшчу.
За час маіх вандровак на стале вырасла гара пісем, на якія трэба адказаць. А калі пісаць?
18.XII
Недзе, на вялікі жаль, згубіліся мае запісы з вечара ўспамінаў былых членаў КПП. Ацалеў невялічкі фрагмент з успамінаў лаўрэата Ленінскай прэміі міру А. Длускага. «Я помню, як дапрошваў пракурор 14-гадовую дзяўчынку: — Як сябе вяла падсудная?
I дзяўчынка ў слязах кінулася той на шыю. I пракурор адмовіўся ад такой сведкі. А калі пачаў дапрошваць Анну Булькат, тая адказала: — Прашу пана пракурора, нічога дрэннага ніхто не замышляў. Помню, у той дзень у мяне ацялілася карова...
— Вы кажаце — перарваў пракурор — як там бальшавікі на граніцы... Яны ж не прызнаюць сёмай запаведзі...
— А на граніцы, як усюды, — людзі, пане пракуpop. Украінцы, венгры, чэхі і бальшавікі... Былі людзі... Я вось толькі не знаю, па якой запаведзі абдзіраюць нас...».
Была тады ў нашым святаюрскім працэсе прыгожая маладая полька Коц Вольга. У той час я разбіраўся ў гэтых рэчах. Як яна спявала! Спявала пра журавоў, якія сумуюць, што сатруцца іх крылы і яны не даляцяць.
1959
4.І
Быў на велізарным мітынгу ў гонар 40-годдзя БССР, на якім выступаў М. С. Хрушчоў. Ішоў снег, але шматтысячны натоўп некалькі гадзін стаяў перад Домам урада і слухаў прамоўцаў. Усе вуліцы былі ўпрыгожаны шматколернымі сцягамі. У горадзе адчуваўся святочны настрой. Ён яшчэ больш узняўся, калі радыё перадало радасную звестку аб палёце нашай міжкантынентальнай ракеты. Вечарам — урадавы прыём, але я ўжо не змог на яго пайсці.
6.І
Вяртаючыся з рэдакцыі «Полымя», сустрэў Пімена, у якога дома за бутэлькай віна празасядалі да позняга вечара. Даўно мы з ім не дзяліліся сваімі думкамі, і, як аказалася, за апошнія часы ў кожнага з нас набралася спраў не на адну такую сяброўскую бяседу.
18.І
Максім заваліў свой экзамен. Другі тыдзень хварэе. Што з ім рабіць? Хай ідзе на нейкі завод, папрацуе, мо крыху больш набярэцца розуму.
Атрымаў тэлеграму, што па Брэсцкай сельскай выбарчай акрузе № 88 я вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Вылучаны і Пімен. Трэба будзе павіншаваць яго з радаснай звесткай.
13.ІІІ
Пазаўчора даведаўся аб прысуджэнні мне прэміі Я. Купалы. Атрымаў я яе ў самы разгар творчага крызісу. Усё, што пішу, пакідае нейкі горкі асадак. Відаць, трэба зноў вырывацца з Мінска, на вёску, да новых людзей, краявідаў, уражанняў. Трэба было б заглянуць і ў сваю Пількаўшчыну. У апошнім пісьме бацька піша, што ўсе яны перахварэлі грыпам, а мама і зараз адчувае сябе вельмі дрэнна.
18.ІІІ
Пазваніў Я. Брыль: у кніжным магазіне чакаюць, каб я прыйшоў за пятым томам Федароўскага.
Купіў. Прынёс дамоў, раскрыў і ледзь не пачаў маліцца на гэта хараство. На некалькі дзён кіну ўсё, пакуль не прачытаю. Якія скарбы нашага народа сабраў Федароўскі.
14.IX