– У цябе ёсць талент. Калі аднойчы вырашыш сур’ёзна заняцца мастацтвам, а не гэтымі пісулькамі, табе трэба атрымаць адпаведную адукацыю, – аднойчы параіў Джэйк.

– Але дзе? – Чуў, што Новая школа дызайну ў Бостане – выдатнае месца. Але паступіць туды няпроста.

Па прыбыцці ў Амерыку Аршыль дабраўся да Бостана. Першая спроба паступіць у Школу дызайну аказалася правальнай, як другая і трэцяя. З чацвёртага разу на незвычайную, але да гэтага часу ўдасканаленую манеру і стыль звярнулі ўвагу. Аднак прапанаваць маглі навучанне толькі на платнай аснове. Назапашаных сродкаў было недастаткова, таму давялося жыць на хлебе і вадзе яшчэ каля двух гадоў, каб сабраць патрэбную суму.

Першы час было надзвычай складана. Бедны эмігрант зусім не ўпісваўся ў кола маладых прыгожых людзей з багатых амерыканскіх сем’яў. Мастацкая манера Аршыля выбівалася, прыцягвала сваёй арыгінальнасцю ды самабытнасцю. Неўзабаве яму прапанавалі выставіцца сумесна з іншымі мастакамі ў Галерэі сучаснага мастацтва. Дэбют апынуўся нечакана паспяховым. З’явіліся жадаючыя набыць яго працы, прапановы персанальных выстаў. Карціны раскупляліся, можна было пакінуць цяжкую фізічную працу і цалкам аддацца любімай справе. Аршыль чытаў шмат кніг, наведваў выставы, знаёміўся з іншымі мастакамі.

Падчас адкрыцця экспазіцыі з яго працамі ў Бостанскім музеі выяўленчых мастацтваў ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яе звалі Стэла. Адносіны паміж імі развіваліся вельмі хутка, і ўжо праз некалькі месяцаў маладыя пабраліся, а праз год у іх нарадзіўся сын, які атрымаў імя Андрэ ў гонар сюррэаліста Андрэ Брэтона. З ім Аршыль пазнаёміўся незадоўга да гэтага.

Здавалася, наступіў шчаслівы перыяд: любімая справа, сям’я, грошы, прызнанне. Аршыль радаваўся кожнай хвіліне свайго жыцця, лавіў кожнае імгненне, але шчаслівы час быў кароткім. Аднойчы ноччу, незадоўга да чарговай персанальнай выставы ў Нью-Ёрку, згарэла ягоная майстэрня разам з большай часткай карцін. Доўгія гады крапатлівай працы, выставы, што мусілі адбыцца, кліенты – жадаючыя набыць карціны, – усё згарэла за адну ноч. Магчыма, сабраўся б з сіламі і працягнуў працаваць яшчэ больш актыўна, але праз два дні дактары выявілі ў яго рак. Ці то з-за эмоцый, ці па трагічнай выпадковасці, вяртаючыся дадому, Аршыль трапіў у аўтакатастрофу ды паламаў абедзве рукі. Цяпер не было магчымасці пакінуць нашчадкам нават некалькі прац перад набліжэннем смерці. Стэла – любімая жонка мастака – замест таго, каб падтрымаць мужа, забрала дзіця ды пакінула яго сам-насам з ягоным горам.

Няздольны трываць пакуты, Аршыль паспрабаваў павесіцца, але зламаныя рукі недастаткова моцна завязалі вяроўку, ды спроба так і засталася спробай. Крыху пазней, калі рукі трохі зажылі, была чарговая спроба, але гэтым разам труба, да якой прывязвалася вяроўка, проста развалілася. Наступныя спробы гэтаксама скончыліся няўдачай. Здавалася, ён такі няўдачлівы, што не можа нават сябе забіць. У выніку дзевяноста васьмі спробаў суіцыду рак адступіў, як быццам выпрацаваўся імунітэт да смерці, а на дзевяноста дзявяты раз галава і зусім аддзялілася ад цела. Дзве гэтыя часткі аднаго Аршыля прыстасаваліся існаваць паасобку.

У такім стане былі свае перавагі, але больш усё ж складанасцяў. Так, галава ўжо не магла кантраляваць цела, якое стала цалкам свавольным. Здаралася, што цела з нажом у руках кідалася на іншых людзей. Аднойчы яно нават спрабавала прыдушыць падушкай галаву. Цела ўжо маглі б даўно пазбавіць жыцця, але гэтая гісторыя дайшла да Уладзіслава Штомпкі. Ён прапанаваў паслугі сваёй клінікі ды перавёз мастака ў Мікушэва, дзе цяпер цела было прывязанае да ложка, а галава знаходзілася ў суседнім пакоі.

* * *

Калі ў Дэрбы Круза два псіхічныя адхіленні, то вызначэнне адной з двух узаемавыключальных хвароб у італьянца Антоніа Сальені пакуль яшчэ выклікае цяжкасці. Жыццё гэтага пацыента, у адрозненне ад усіх астатніх, што знаходзяцца ў клініцы, не было насычаным. Ва ўсялякім выпадку атрымаць хоць якія падрабязнасці было немагчыма. Італьянец вёў пустэльніцкі лад жыцця, у яго не было ані сям’і, ані сяброў. У паліцэйскіх картатэках гэтаксама нічога не мелася. Ён быў чымсьці накшталт бермудскага трохкутніка на мапе грамадства.

Вядома толькі, што ён аднойчы адгукнуўся на прапанову стаць донарам крыві. Пазней яго заўважылі на чорным рынку органаў, дзе ён прадаваў ныркі. Пасля пяці гадоў актыўнага донарства, калі Антоніа прадаваў уласную кроў, сперму, ныркі, рагавіцу ды нават валасы, медыцынскія структуры спахапіліся, што з гэтым маладым чалавекам штосьці не тое. Тады давялося шукаць нелегальныя каналы. Неўзабаве ад маладога Сальені засталося толькі зоркае вока ды не зусім здаровы мозг.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже