Не здолеўшы знайсці выйсця на вуліцу, выскачыў у акно. З боку брамы ехала машына з ярка запаленымі фарамі. Ззаду нехта гнаўся. Андрэй кінуўся да зараснікаў. Бег з усіх сіл. Ведаў, што здольны хутчэй, але не мог. Дапамагаў рукамі, як бы адштурхоўваючыся ад прасторы, але рухаўся ўсё гэтак жа павольна. Сцены палаца былі не адзінай перашкодай, трэба было яшчэ перабрацца праз агароджу.

Там, за тэрыторыяй клінікі, было шмат людзей, яркія агні. Відаць, праходзіў кірмаш. Прадавалі скаціну, гародніну, і нават людзей. Падбягаў да мінакоў, але яны былі занятыя сваім. Праз імгненне за Андрэем гналіся людзі «з клінікі» і нейкія гандляры. Зноў бег. Нарэшце, схаваўся ў нейкім доме. Там сядзела вясёлая кампанія, некаторыя – ягоныя знаёмыя. Сярод іх прысутнічала жонка Жыля. Ён ніколі яе не бачыў, але дакладна ведаў, што гэта Мішэль. Жанчына не здавалася ўсхваляванай. Андрэй падумаў завесці размову пра яе мужа, але перадумаў.

Усе нешта святкавалі. Пазней зразумеў, што ягоны дзень нараджэння. Дзяўчына, якая дужа яму падабалася, гутарыла з іншым хлопцам, якога ён вельмі не любіў. Звярнуць на сябе ейную ўвагу не ўдалося. Яна размаўляла з маладым чалавекам. Ім было весела, яны смяяліся, сімпатыя між імі была відавочнай. «Чым ён лепшы, ён жа такі непрыемны чалавек, такі нязграбны. Як яна не заўважае», – не давалі супакоіцца бурлівыя эмоцыі. Андрэй паспрабаваў падысці да іншых дзяўчат, але і яны не праяўлялі цікавасці. Гэта ж Яго дзень нараджэння, Яго свята, Яго дом!

Беспадстаўная рэўнасць і крыўда будзілі ўзлаванасць. «Ну і добра, ну і чорт з вамі. Я магу быць адзін. Вы мне непатрэбныя», – Андрэю хацелася плакаць. Ніхто б не заўважыў, але ён ведаў: у любым выпадку гэтага рабіць нельга. Раптам пачаў біць посуд, але ніхто нават не паглядзеў. З усяе сілы кінуў кружку ў сцяну.

Глухі гук удару кубка…

Прыўзняўшыся на ложку, Андрэй запаліў святло. Дробныя аскепкі разляцеліся па ўсёй падлозе. Сэрца працягвала біцца, а пачуццё трывогі не праходзіла. Разбітае ён прыбярэ пазней. Зноў лёг, варочаўся з боку на бок, намагаўся ні пра што не думаць, але заснуць так і не здолеў.

* * *

Ён нібыта прачнуўся ад доўгага сну. Адчуваўся прыліў энергіі і маладосці. Новыя планы і ідэі кружылі галаву. Калі раней спаў па сем гадзін, то цяпер мог дазволіць сабе толькі чатыры гадзіны адпачынку. Часу катастрафічна не хапала. З пяці раніцы да гадзіны ночы не было ані хвіліны вольнай. Яго новы рытм жыцця паўплываў і на калег, якія таксама нярэдка сталі заседжвацца дапазна.

Яшчэ зусім нядаўна Штомка думаў, што гады падыходзяць да канца, а ён так нічога і не дасягнуў. Так, ён меў навуковую ступень, немалы аўтарытэт у пэўных колах, цяпер узначальваў клініку. Як навуковец дамогся многага, але такіх жа, як і ён, былі тысячы па ўсім свеце. У перыяды глыбокай адзіноты прыходзіла шкадаванне, што зрабіў выбар на карысць навукі, а не стварыў сям’ю, калі прыйшоў час. Як быў малады, здавалася, усё будзе неяк паіншаму. Але цяпер зразумела, што выбар зроблены няправільна. Часта, думаючы аб пражытым, упадаў у стан бяссілля і расчаравання. Калі ўжо амаль з усім змірыўся, жыццё падкінула яму сюрпрыз, даўшы новы штуршок. Штомпка, як і трыццаць гадоў таму, цалкам аддаўся працы.

Як ніколі дагэтуль, ён разумеў, што выказванне «новае – гэта добра забытае старое» не пустыя словы. Ужо паўмесяцы Штомпка штудыяваў працы класікаў: Жана Шарко, Агюста Льебо, П’ера Жанэ, Эдуарда Брысо і свайго земляка Жазэфа Бабінскага. Многія працы сапраўды бясцэнныя. На нейкія з іх ён амаль забыўся, некаторыя не заўважыў альбо ўспрыняў недастаткова сур’ёзна. Цяпер, праз гады, можна было ацаніць іх аб’ектыўна: вылучыць ідэі, вартыя насамрэч, адшукаць элементы, якіх не ставала ў мазаіцы Штомпкі. Ён быў цалкам упэўнены, што знаходзіцца на правільным шляху. Яшчэ трохі, і ён завершыць сваю канцэпцыю. Смелую, у чымсьці наватарскую. Без сумневу, яна выклікае мноства спрэчак, нязгоды, крытыкі. Так бывае з усімі новымі тэорыямі. Але калі ўсё супакоіцца, магчыма, пасля ягонай смерці, усім стане зразумелай значнасць яго дасягненняў.

Падняўся раней, чым звычайна. Найперш узяўся за чытанне, паралельна робячы пазнакі, выпісваючы найбольш важнае. Затым пачаў пераглядаць і аналізаваць старыя запісы, вынікі эксперыментаў, праведзеных у клініцы. Бліжэй да васьмі раніцы правёў агляд некалькіх пацыентаў. У клініцы панавала адмысловая працоўная атмасфера: дактары працавалі з пацыентамі, нешта абмяркоўвалі паміж сабой, спрачаліся, звычайна спакойны палац цяпер віраваў. Каля кабінета Штомпка сустрэў Базалья Франка ды запрасіў зайсці да сябе.

– Як ідуць справы? У апошні час я ўвесь занурыўся ў працу і крыху аддаліўся ад калектыву.

– Усё добра. Працуем, як і раней.

– Ведаеш, Франка, зараз актыўна займаюся адной тэорыяй, гэта забірае досыць шмат часу. Таму я планую пакінуць працу ў клініцы. Ды і на адпачынак даўно пара. На сваё месца планую прызначыць Анджэя Валенскага. Што думаеш наконт гэтага?

– Нам будзе вас не ставаць, але калі так вырашылі, то я, як і астатнія, з павагай пастаўлюся да вашага выбару.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже