Гэткае здарылася з маленькім хлопчыкам на фотаздымку ў маіх руках. Ён верыў у сябе дарослага, верыў у мяне, а я яго расчараваў. Мой брат такога б не ўчыніў. Мне стала сорамна, крыўдна, моташна. У той дзень я вырашыў, што не буду больш марнаваць сваё жыццё на пастаянны адпачынак і няважныя рэчы. Кожны дзень буду імкнуцца да рэалізацыі сваёй мары. Нават калі не дасягну яе, буду ўпэўнены, што зрабіў усё магчымае і ніводнанага дня не пражыў дарэмна. З таго часу, Андрэ, усе сілы я аддаваў творчасці.

Жыль адчуваў у сваім суразмоўцу блізкага сябра, якога яму не ставала ўсё жыццё. Малады чалавек быў не проста сябрам, але стаў вучнем. Вучнем не толькі ў літаратуры, але ў жыцці. Жыль адчуваў удзячнасць, праўда, не ўсведамляў, за што. Магчыма, за бескарыслівае сяброўства, можа, за вылячэнне, хоць той і не спрабаваў яго вылечыць, «наставіць на праведны шлях». Ён быў удзячны за тое, што яму зрабілася лягчэй, больш нічога не душыла знутры, за тое, што дні зноў сталі выцерпнымі.

* * *

Зранку Андрэй меў гутарку з Жылем, яны разбіралі структуру і стыль ягонага апавядання. А цяпер ён уладкаваўся ў адной з невялікіх залаў палаца і спрабаваў выправіць дробныя хібы. Праца над тэкстам зацягнулася дапазна, бліжэй да ночы ў суседнім памяшканні пачуліся нечыя галасы, але пра што ішла гаворка, Андрэй не мог разабраць. Толькі палічыў, што гэта Базалья Франка зноў усіх сабраў для абмеркавання адміністрацыйных пытанняў. У апошні час той быў не ў сабе, мог сарвацца і накрычаць з-за ўсялякіх дробязей. Для стрыманага і тактоўнага Франка такія паводзіны былі нязвыклымі, таму здзіўлялі і трохі палохалі Андрэя. Здаралася, што памочнік Штомпкі запрашаў некаторых дактароў у адзін з вольных пакояў. Гэтыя незвычайныя сходы праходзілі позна ўночы і насілі адценне сакрэтнасці. Атмасфера ў клініцы станавілася ўсё больш напружанай, дактары – маўклівымі, амаль ніхто не выходзіў са сваіх пакояў у вольны час, як гэта было раней. Напэўна, Андрэй застаўся адзіным, хто не перастаў швэндацца па палацы і яго наваколлі.

У Тадэвуша яму ўдалося высветліць, што незвычайныя змены звязаныя з захворваннем доктара Штомпкі, у якога назіраецца развіццё так званага «Комплексу Бога». Па ягоным целе праходзілі электрычныя разрады. Ён навучыўся павялічваць ды змяншаць ціск току, але не быў здольны цалкам яго кантраляваць. З’яўленне сімптомаў стварала пэўны ўзровень небяспекі як для яго самога, так і для тых, хто яго атачаў. Да прыкладу, Штомпку было небяспечна знаходзіцца на вуліцы падчас дажджу, бо вада магла выклікаць кароткае замыканне ў арганізме. Больш нічога канкрэтнага пра сітуацыю ў клініцы Тадэвуш не мог растлумачыць, а магчыма, не захацеў.

Спачатку Андрэй сабраўся адразу ж пераказаць пра тое, што адбываецца, свайму адзінаму сябру. Раней ён не абмяркоўваў з Жылем унутраныя справы клінікі. Да таго ж, гэта было строга забаронена. Але ў любым выпадку ён і сам ведаў не так ужо шмат. Таму вырашыў пачакаць далейшага развіцця падзей. Жыль заўважыў у паводзінах маладога сябра неспакой, але не стаў турбаваць Андрэя дакучлівымі роспытамі.

Наступнай ноччу Базалья Франка зноў арганізаваў пасяджэнне персаналу, але гэтым разам запрасіў усіх, акрамя Штомпкі. Было зразумела, што размова пойдзе пра сітуацыю, якая склалася. Для Андрэя было цалкам зразумела, што сітуацыя надзвычайная і набывала пагрозлівы характар.

* * *

Пасяджэнне праходзіла таямніча. Дактары заходзілі як мага цішэй, паасобку, з розніцай у некалькі хвілін. Пакой асвятляла чырвоным святлом лямпа, якая надавала яшчэ больш загадкавасці гэтай атмасферы. Усе чакалі моўчкі, апусціўшы вочы ў падлогу. Апошнім увайшоў Франка, зачыніўшы за сабой дзверы. Мінула некалькі секунд, як у дзверы пагрукалі. Усе здрыгануліся ад нечаканасці. Франка з хваляваннем абвёў позіркам прысутных, пераканаўшыся, што не хапае аднаго чалавека, ды злосна ўдакладніў: «Гэта Войцах». Пажылы мужчына пракраўся ды сеў на свабоднае месца, спрабуючы не звяртаць увагі на абураныя твары калегаў.

Здавалася, усе, акрамя Андрэя, дакладна ведаюць, пра што будзе ісці гаворка. Базалья пачаў з таго, пра што кожнаму было ўжо даўно вядома. Але развіццё ў Штомпкі «Комплексу Бога» было не самым жахлівым. Уласныя сімптомы ён успрыняў не як небяспечнае захворванне, але як знак неабходнасці вяртання да старых метадаў лячэння. Апрабаваць лячэнне токам ён вырашыў на Дэрба Крузе, які падвяргаўся катаванням па некалькі гадзін на дзень. Падчас адной з падобных працэдур той не вытрываў ды сканаў. На жаль, няўдача не спыніла Штомпку, а толькі пераканала ў неабходнасці ўдасканаліць метад.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже